Вы тут

Што яно адчувае?


Дзіцячая агрэсія — гэта сігнал, што нешта ідзе не так.

Мы жывём у час крымінальных хронік. Нас мала здзіўляюць забойствы і не выбівае з каляіны жорсткасць. Мы прызвычаіліся да агрэсіі дарослых. Але што рабіць, калі нападкі ідуць з боку дзяцей? Пра што сведчыць дзіцячая агрэсія і як яе спыніць? Гутарым з адной з заснавальніц праекта «Альфа-мамы», матуляй дваіх сыноў Юліяй Каўбаскінай.

[caption id="attachment_89179" align="alignnone" width="600"]За­сна­валь­ніца пра­ек­та «Аль­фа-ма­мы» Юлі­я Каў­бас­кі­на: «Шукайце паразуменне з дзяцінства». За­сна­валь­ніца пра­ек­та «Аль­фа-ма­мы» Юлі­я Каў­бас­кі­на: «Шукайце паразуменне з дзяцінства».[/caption]

— Адразу ўдакладнім, што мы завём дзіцячай агрэсіяй, каб не блытаць са звычайнымі капрызамі.

— Слова «агрэсія» паходзіць ад лацінскага дзеяслова аggrеdеrе, што значыць «нападаць». Пад агрэсіяй дзіцячай ці дарослай звычайна разумеюць парыў атакі, накіраваны на жывую істоту ці прадмет. Атакаваць можна па-рознаму. Адны аддаюць перавагу фізічным атакам на ўзроўні цела. І тады гэта будзе збіццё, укусы. Іншыя будуць нападаць здалёк, дэманструючы агрэсіўныя выбрыкі і жэсты. Для трэціх упадабаным спосабам будзе напад словамі. Тады ў ваш адрас пасыплюцца абразы ці больш тонкі варыянт славеснага нападу — сарказм. Чацвёртыя перанакіруюць агрэсіўны імпульс на сябе, а пятыя — на кацяня.

Дзіцячая агрэсія ад дарослай адрозніваецца толькі тым, што некаторыя асабліва вытанчаныя спосабы прычыніць боль для іх з прычыны ўзросту і развіцця псіхікі пакуль проста не даступны. Іншыя ж, наадварот, з'яўляюцца ўпадабанымі.

Агрэсіўныя атакі спараджае расчараванне

— Дзіцячая агрэсія — гэта капіраванне паводзінаў дарослых? Ці ёсць іншыя крыніцы?

— Спосаб, які дзеці выкарыстоўваюць для атакі, сапраўды шмат у чым залежыць ад асяроддзя і культуры. Калі тата выказвае раздражненне, стукаючы кулаком па стале, то і дзіця ў парыве можа рабіць тое ж самае. Калі раззлаваная маці крычыць на дзіця, то і яно пры абурэнні будзе выліваць злосць праз крык. Пераймаць ад таго, да каго ты прывязаны, ад таго, хто для цябе важны і значны, — цалкам натуральны працэс.

Але здараецца і так, што ў сям'і ніхто не паводзіць сябе агрэсіўна, у ёй няма тэлевізара, дзе дзіця выпадкова магло б убачыць сцэны гвалту. А яно можа накідвацца на малодшую сястру з кулакамі. Насамрэч, агрэсія — гэта тое, што ляжыць на паверхні, бачная частка. А вось што яе спараджае, што з'яўляецца вытокам — гэта ўжо іншае пытанне.

— Давайце тады пагаворым пра прычыны агрэсіі.

— У 30-х гадах мінулага стагоддзя два нямецкія навукоўцы Долард і Мілер заняліся даследаваннем феномена агрэсіі. Пытанне, на якое яны спрабавалі адказаць, гучала прыкладна так: «Што менавіта рухае чалавекам у парыве атакі? Што з'яўляецца пускавым механізмам, які прымушае аднаго чалавека нападаць на іншага?» І ў 1939 годзе яны выступілі з досыць нечаканай гіпотэзай: да агрэсіўных паводзінаў індывіда штурхае фрустрацыя.

Лацінскі назоўнік «frustrаtіо» азначае «няўдача», «марнасць чаканняў», «разбурэнне задум». Па сутнасці, фрустрацыя — гэта эмоцыя, якая ўзнікае, калі штосьці ідзе не так, як нам хацелася, або адбываецца штосьці, што не павінна адбывацца.

На жаль, для нас слова «фрустрацыя» і выразы кшталту «я фрустраваны», якімі карыстаюцца англамоўныя людзі, падаюцца дзіўнымі і дзікімі. Мы так не кажам. Але мы кажам: «я засмучаны», «я раззлаваны», «я раздражнёны». Усе гэтыя выразы дапамагаюць зразумець, як мы сябе адчуваем, калі ў нас узнікла эмоцыя фрустрацыі.

25-1

— Калі ў дзіцяці ўзнікла такая эмоцыя і справакавала агрэсіўныя паводзіны, як пры гэтым паводзіць сябе бацькам?

— Самае важнае, што б я параіла, — памятаць пра тое, што ў момант агрэсіі дзіця асабліва не выбірае, як сябе паводзіць. У нейкім сэнсе яго цягне, літаральна нясе прычыніць шкоду ці боль іншаму. Ён можа накідвацца на вас з кулакамі ці штурхацца, шпурляць цацкі ці пагрозліва крычаць, кусацца... Такія паводзіны — гэта даступны для яго спосаб выказаць абуранасць, пачуццё несправядлівасці, злосць ці расчараванне, якія бурляць у ім.

Калі вы будзеце разумець, што ў момант агрэсіі дзіця проста губляе кантроль над сабой, што яно НЕ робіць гэта адмыслова — жаданне падаць яму ўрок ці пакараць пройдзе само. Замест яго з'явіцца жаданне зразумець, што ж здарылася, што пайшло не так у жыцці дзіцяці. Ці магу я дапамагчы яму змірыцца і прыняць, напрыклад, страту любімага сабакі? Дапамагчы яму адаптавацца да рэальнасці без яго ці неяк перажыць гэтую страту. І, адначасова, з'явіцца жаданне паказаць, навучыць, як можна выказаць сваё расчараванне, злосць сацыяльна прымальнымі спосабамі. Такімі, якія не будуць раніць ні дзіця, ні яго наваколле.

Агрэсія — гэта ж проста індыкатар, сігнал для нас, што ў жыцці дзіцяці адбываецца штосьці, з чым яму складана змірыцца, да чаго яму складана адаптавацца. Гэта могуць быць досыць сур'ёзныя рэчы, як, напрыклад, нядаўняя смерць любай бабулі ці развод бацькоў. А могуць быць і незаўважныя для старонняга назіральніка прычыны: тата прыйшоў з работы і, замест таго, каб правесці вечар з сынам, сеў за камп'ютар.

Шкода ад пакарання большая за карысць

— А пакаранне наогул дзейсны метад выхавання ці яго трэба катэгарычна выключыць?

— Звычайна нам здаецца, што найлепшым адказам на праблему з агрэсіяй будзе пакараць, забараніць ці пагражаць пазбаўленнем чагосьці важнага і каштоўнага. Гэта спрацоўвае вельмі добра, хутка і эфектыўна. Да пэўнага часу. На жаль, пакаранні і забароны не вырашаюць праблему агрэсіі назаўжды. Такі тып выхавання фактычна стрымлівае агрэсію страхам. Пройдзе страх пакарання — праявіцца агрэсія.

Карысна паразважаць над пытаннем: што будзе, калі дзіця перастаць караць? Ці будзе яно і далей агрэсіўна паводзіць сябе? Што адбудзецца, калі дзіця перастане вас баяцца? Ці развіваецца ў дзіцяці спачуванне да іншага, мараль і маральнасць? Бо гэта тое, дзеля чаго ўвесь выхаваўчы працэс і ладзіцца.

Калі коратка, то пакаранне — дзейсны спосаб, але ў кароткатэрміновай перспектыве. А ў доўгатэрміновай — шкоды ад пакаранняў значна больш, чым карысці.

Да чаго можна прыйсці, калі працаваць з агрэсій толькі праз пакаранне, — варыянтаў некалькі.

Першы. Агрэсіўны імпульс, стрыманы страхам пакарання, нікуды з арганізма не знікне. Ён проста будзе чакаць прыдатнага моманту, каб выліцца на таго, хто слабейшы і безабаронны, на каго не страшна сарваць сваю злосць. Часта гэта жывёлы або малодшыя браты-сёстры. Гэта значыць, пры нас дзіця «белае і пушыстае», а без нас — жорсткае і агрэсіўнае.

У асобных выпадках агрэсіўны імпульс можа быць перанакіраваны на сябе. І тады мы будзем мець справу з самаагрэсіяй, самабічаваннем і самаатакай, канчатковай праявай якіх з'яўляецца суіцыд.

Ну, і ёсць варыянт, што імпульс так і застанецца ў нявыяўленым стане і будзе блукаць унутры. Гэта, хутчэй за ўсё, пяройдзе ў апатыю або дэпрэсію.

Самае сумнае, што ў момант пакарання мы становімся з дзіцем па розныя бакі. Замест таго, каб дапамагчы яму справіцца са сваімі пачуццямі, мы знішчаем сувязь і пакідаем яго сам-насам з тым, з чым яму зладзіць пакуль вельмі і вельмі складана.

І апошняе — ужываючы пакаранні, мы пазбаўляем дзіця магчымасці будаваць свае ўласныя стасункі з агрэсіяй.

Які ўзрост небяспечны?

— Як паводзіць сябе, калі агрэсію праяўляюць іншыя дзеці ў адносінах да твайго? Ці варта звяртацца да іх бацькоў? І як растлумачыць свайму дзіцяці паводзіны іншых, як супакоіць?

— Бацькі да пэўнага ўзросту дзіцяці маюць ролю «праслойкі», буфера паміж ім і грамадствам. І, вядома, гэта іх адказнасць — сачыць, каб дзеці не праяўлялі жорсткасць у адносінах адно да аднаго. У момант агрэсіўных праяў з боку іншага дзіцяці трэба імкнуцца гэта прадухіляць — перахапляць руку, уставаць «шчытом», гаварыць, што ваша дзіця біць нельга.

Агрэсіўныя паводзіны іншых дзяцей я імкнулася б тлумачыць безацэначна. Я пазбягала б слоў кшталту «дрэнны», «нявыхаваны», «злы» — не давала б ацэнку іншаму дзіцяці, але тлумачыла б яго дзеянні, зыходзячы з кантэксту. Напрыклад: «Малы раззлаваўся, таму што тата толькі што забараніў яму катацца з горкі».

Чуллівыя матулі, убачыўшы, што іх дзіця прычыніла боль іншаму, звычайна самі ўмешваюцца і спрабуюць згладзіць канфлікт. А калі маці крыўдзіцеля гэта ігнаруе, то з ёй знайсці агульную мову будзе няпроста. Таму заводзіць гутарку — пустое марнаванне часу і сіл. З іншага боку, матулі, якія ведаюць, што ў іх дзяцей пакуль ёсць праблемы са стрымліваннем агрэсіўных імпульсаў, самі гуляюць удалечыні ад дзіцячых пляцовак.

— Можа быць, агрэсіўныя паводзіны характэрны для нейкага пэўнага ўзросту і потым самі праходзяць? Ці варта проста перачакаць?

— Сапраўды, агрэсіўныя паводзіны часцей за ўсё характэрны для дзяцей дашкольнага ўзросту. Самы агрэсіўны ўзрост — гэта з 1-2 гадоў прыкладна да 4-х.

Пры спрыяльных умовах недзе да шасці гадоў праяў некантралюемай агрэсіі становіцца значна менш. Менавіта да гэтага ўзросту «выспяваюць» часткі мозга, адказныя за здольнасць «змешваць» эмоцыі. Гэта значыць, што ў момант успышкі ў шасцігадовага чалавека ў галаве будуць здольны гучаць дзве думкі адначасова: «З аднаго боку, мне так хочацца стукнуць малодшую сястру, бо яна толькі што разбурыла палац, які я будаваў цэлы дзень. Але, з іншага боку, яна такая маленькая, яна зрабіла гэта ненаўмысна, і, урэшце, я люблю яе». У гэтым узросце з'яўляецца прыстасаванне, з дапамогай якога дзіця можа затармазіць свой парыў атакі, паклаўшы на шалі нешта больш важкае, напрыклад, любоў.

Ніхто не нараджаецца сталай асобай. Сталенне — гэта працэс, які патрабуе часу. Але працэс гэты можа не завяршыцца — замерці, затрымацца на нейкім этапе. Усе мы становімся сталымі, але не ўсе дасягаюць праўдзівай сталасці. Псіхалогія развіцця дапамагае ўбачыць, што менавіта прывяло да спынення і, адпаведна, зразумець, што неабходна зрабіць, каб аднавіць рух.

Дзіцяці для сталення неабходны кантэкст, бяспечнае асяроддзе, своеасаблівае чэрава, у межах якога яно будзе гадавацца і развівацца. Такім кантэкстам з'яўляецца надзейная псіхаэмацыйная сувязь з клапатлівым дарослым чалавекам.

— У вас двое дзяцей. Выхоўвалі іх з ужо набытымі ведамі па псіхалогіі развіцця? І як наогул атрымалася прымяняць іх у працэсе выхавання?

— У мяне двое сыноў — 6,5 і 3,5 года. Нягледзячы на тое, што я даведалася пра псіхалогію развіцця, калі старэйшаму быў год, увогуле стыль выхавання не асабліва адрозніваўся ад таго, якога я прытрымліваюся цяпер. Але само разуменне, як усё гэта працуе, дапамагае згладжваць вострыя вуглы, не чакаць ад дзяцей паводзінаў, якія з прычыны ўзросту і нясталасці псіхікі ім проста не даступны, дапамагае прагназаваць канфліктную сітуацыю, бачыць шырэй і глыбей.

— Вы з'яўляецеся сузаснавальніцай праекта «Альфа-мамы». У чым яго сутнасць?

— Мы хочам паказаць бацькам перавагі цэласнага, сістэмнага падыходу, якім адрозніваецца псіхалогія развіцця, заснаваная на прыхільнасці. Каб яны змаглі паглядзець на сваё дзіця «знутры», зразумець, што яно адчувае. Каб рэагавалі на яго паводзіны з пункту гледжання перспектывы, у дынаміцы. Каб разумелі, пра што можа казаць нам тая ж агрэсія і што мы як бацькі можам зрабіць, каб дапамагчы дзіцяці «даспець» да цывілізаваных паводзінаў.

Інфармацыю пра дзейнасць праекта «Альфа-мамы» можна знайсці таксама на старонцы ў Fасеbооk «Альфа-мамы. Беларусь».

Таццяна НЕМЧАНІНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».