Вы тут

Важныя дробязі


Маладая мінчанка Наталля Сялецкая (на фота) падзялілася патаемнымі нататкамі пра жыццё сваіх дзвюх дачок, расказала, калі яна ўпершыню пачала весці дзіцячыя дзённікі і чаму лічыць, што гэта важна.

25-19

«Мама, з табой так добра... А без цябе... як адной па тонкай нітачцы хадзіць», — пасля гэтых слоў дачка заснула, а я яшчэ доўга сядзела побач з ёй, думала пра тое, як цудоўна дзеці выказваюць тое, што адчуваюць, як хутка яны растуць, а мы расцём разам з імі...

Калі мае дзяўчынкі былі яшчэ зусім маленькімі, у адным часопісе я прачытала: «Калі б мама вялікай паэткі не вяла сваіх дзённікаў, мы б нічога не ведалі пра дзяцінства Марыны Цвятаевай». Да гэтай фразы я ў думках вельмі часта вярталася. Калі дзеці падраслі і пачалі штосьці цікавае гаварыць, я заўсёды нагадвала сабе: «Гэта трэба запісаць, калі з'явіцца вольная хвілінка». Але, як ва ўсіх мам, «вольная хвілінка» надыходзіла вельмі рэдка, і здаралася, што з памяці спрэс выветрывалася тое, што так моцна хацелася запісаць. І было вельмі шкада.

Аднойчы я для сябе дакладна вырашыла, што хачу весці запісы жыцця маіх дзяцей, іх сталення, пазначаць іх пытанні, адказы, разважанні — для сябе самой, для іх у будучыні. Я ўпэўнена, што дзякуючы гэтым нататкам мае дочкі будуць ведаць пра сябе штосьці вельмі важнае. І, магчыма, чытанне сваіх дзіцячых разваг у будучыні стане для іх цудоўнай хвілінкай адпачынку, выкліча ўсмешку і верне ненадоўга ў радаснае дзяцінства.

Такім чынам, у мяне дзве дачкі: Ганначка (6 гадоў) і Дашачка (4 гады). Я не памятаю дакладнай даты, калі я ўпершыню пачала весці запісы: спачатку гэта былі розныя сшыткі, нейкія каробачкі з запіскамі, паметкі ў ЖЖ-дзённіках... Галоўная мэта была — імгненна зафіксаваць сказанае, з дакладным парадкам слоў, з інтанацыяй. Даслоўнасць у гэтым выпадку — вельмі важная дэталь.

Цяпер часцей за ўсё я фіксую гэта ў сацыяльных сетках — не столькі каб падзяліцца, а каб захаваць. Хоць мне так дзіўна, што мае сябры часта эмацыянальна адгукаюцца на гэтыя дзіцячыя выказванні, любяць іх чытаць... Гэта навяло мяне на думку, што кожнаму з нас не хапае такой інфармацыі пра сябе са свайго дзяцінства. Якімі мы былі, якія пытанні нас хвалявалі? Нашы бацькі мала запісвалі за намі: час быў іншы (не горшы, не лепшы, а проста — іншы), стаўленне да дзяцей было крыху больш празаічным, як мне здаецца, каштоўнасці кожнага сказанага дзіцем слова не надавалася такой увагі. Хоць усё гэта, вядома, па-за часам і цалкам залежыць ад самой жанчыны, канкрэтнай мамы, ад яе ўмення сумяшчаць «баршчы» і дзіцячыя дзённікі, расстаўляць прыярытэты і надаваць значэнне важным дробязям.

Вось сёе-тое з таго, што будзе захоўвацца ў запісах пра дзяцінства маіх дзяўчынак.

Ганначка перад сном:

— Мама, жадаю табе яблычных і чалавечых сноў!

* * *

Даша сядзіць перад кнігай вырабаў, шукае, які б зрабіць. Рэзюмуе:

— Мама, я буду рабіць Бога з паперы. Тут ёсць такі выраб? Чаму няма???

* * *

Ганначка:

— Мама, ты такая злосная да маіх пазногцяў.

— Чаму?

— Ну, ты ўсё падразаеш і падразаеш мае пазногці, не даеш ім вырасці і забрудзіцца.

* * *

Даша:

— Мама, а што табе снілася?

— Сёння нічога.

— А мне зноў сніўся Дзед Мароз.

— Шанцуе табе, мне Дзед Мароз не сніцца.

— Я табе свайго Дзеда Мароза магу на адну ноч даць.

* * *

Ганначка засынае:

— Мама, ты добрая, ты амаль усё дазваляеш. Так, ты добрая. Мне так здаецца. І гэта падобна на праўду... (засынае).

* * *

Ганначка раніцай прачынаецца ў іншай частцы ложка. Рэзюмуе:

— Ноччу зноў гуляла ў капітанскія гульні!

* * *

Ганначка:

— Мама, табе 22?

— Крыху больш.

— 23?

— Ганначка, мне хутка 35.

— Будзем лічыць, 24!

А пра што гавораць вашы дзеці? Дасылайце свае гісторыі.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.