Вы тут

Саюзныя прыярытэты


Прыярытэтныя кірункі і першачарговыя задачы далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы абмеркавалі ўчора ў Гродне дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. У рабоце 48-й сесіі ўдзельнічалі прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў і ведамстваў абедзвюх краін, кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама.

Па прыбыцці ў горад над Нёманам старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі Сяргей Нарышкін, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота накіраваліся ў ГрДУ імя Янкі Купалы на сустрэчу з беларускімі і расійскімі гісторыкамі «Захаванне памяці аб братэрстве па зброі ў Першай сусветнай вайне і Вялікай Айчыннай вайне ў Беларусі і Расіі як аснова патрыятычнага выхавання моладзі».

«Тэма сённяшняй нашай сустрэчы закранае вельмі няпростыя перыяды найноўшай гісторыі, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. — Сумарныя людскія страты ў гады Першай і Другой сусветных войнаў не паддаюцца падліку, а іх наступствы і сёння адбіваюцца на развіцці дзяржаў. Нязменна ў эпіцэнтры варагуючых бакоў аказвалася Беларусь. Неаднаразова перакройвалася яе тэрыторыі, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і гісторыка-культурныя каштоўнасці. Пакуты не абышлі ні адну беларускую сям'ю. Праз нягоды прайшлі і іншыя брацкія нам народы. Маральны доўг сусветнай супольнасці — памятаць пра гэта і зрабіць усё, каб трагедыя не паўтарылася».

На «круглым стале» абмяркоўваліся шляхі ўзаемадзеяння ў пытаннях гістарычнай навукі, вызначылі шэраг сумесных праектаў на перспектыву. У прыватнасці ішла гаворка аб музеіфікацыі і турыстычным выкарыстанні фартоў Гродзенскай крэпасці, фінансаванні завяршэння будаўніцтва ў Смаргоні мемарыяла памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны, аб стварэнні ў ГрДУ імя Янкі Купалы аддзялення Расійскага гістарычнага таварыства, якое, дарэчы, узначальвае Сяргей Нарышкін. А потым парламентарыі ўдзельнічалі ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да вечнага агню ў гарадскім парку імя Жылібера.

На пасяджэнні сесіі дэпутаты разгледзелі інфармацыю пра выкананне мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы, прысвечаных 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Было ўнесена змяненне ў рэгламент, каб Савет Парламенцкага сходу меў права паміж сесіямі рабіць заявы не толькі па міжнародным, але і іншых пытаннях работы ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Сяргей Нарышкін паведаміў, што ў цэнтры ўвагі парламентарыў цяпер асноўныя прыярытэты развіцця Саюзнай дзяржавы, якія былі вызначаны ў сакавіку сёлетняга года на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета — гэта гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, узгодненая прамысловая палітыка, развіццё аграпрамысловага сектара, адзіная навукова-тэхнічная палітыка Саюзнай дзяржавы, якая прадугледжвае на сярэднетэрміновую перспектыву рэалізацыю 12 праграм і 18 праектаў.

Пры гэтым, як зазначыў Уладзімір Андрэйчанка, Парламенцкі сход занепакоены тым, што не ўсё вырашаецца так, як задумвалася. Парушаюцца тэрміны, назіраюцца інертнасць, бюракратычная цяганіна ў выкананні асобных пунктаў праграмы, прынятай кіраўнікамі дзвюх дзяржаў. Таму вырашана ўзмацніць кантроль з боку парламентарыяў за выкананнем гэтых рашэнняў. І не толькі кантраляваць, але і самім актыўна ўдзельнічаць у іх рэалізацыі.

Таксама дэпутаты Парламенцкага сходу дамовіліся ўзмацніць кантроль за распрацоўкай законапраектаў, якія паступаюць у нацыянальныя парламенты на прадмет іх адпаведнасці дагавору аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.