Вы тут

Навошта нам імпартнае мыла?


Ва ўрадзе гаварылі, як айчыннай прадукцыі выйграць барацьбу за рынак.

Праблему імартазамяшчэння абмеркавалі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў занепакоены зніжэннем долі продажаў тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным гандлі, якое назіраецца апошнія некалькі гадоў. Хаця і кажуць у нас, што «ў родным краю як у раю», чамусьці нярэдка з рынку выцясняюць родныя тавары.

Андрэй Кабякоў нагадаў, што работа па імпартазамяшчэнні вядзецца па ўхваленай кіраўніком дзяржавы ў кастрычніку 2008 года схеме, мерапрыемствы якой ахопліваюць больш за палову неэнергетычнага імпарту. Таксама па гэтай схеме рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты па мадэрнізацыі прамысловага комплексу. Як было адзначана, з 2008 года ў Беларусі асвоена вытворчасць практычна ўсёй асноўнай тэхнікі і абсталявання для сельскай гаспадаркі, закрыта шырокая наменклатура будаўнічых тавараў, за кошт чаго толькі сёлета скараціўся імпарт паліраванага шкла на 53%, гіпсакартону — на 45%.

«За мінулыя гады вынікі ў працы ёсць, але яны не з'яўляюцца для нас дастатковымі, — канстатаваў прэм'ер-міністр. — Імпарт тавараў застаецца досыць высокім». Так, толькі за апошнія чатыры гады на 72% павялічыўся імпарт спажывецкіх тавараў (мэблі — у 2,2 раза, мыла — у 3,9 раза, легкавых аўтамабіляў — на 34%, лекавых сродкаў — на 44%).

«Сур'ёзны непакой выклікае зніжэнне долі продажаў тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным гандлі (з 77% у 2010 годзе да 70% у І квартале 2015-га). Асабліва па групе нехарчовых тавараў (з 65,4% да 50,9% адпаведна)», — канстатаваў кіраўнік урада.

У прыватнасці: з 2010 года ў структуры продажаў на ўнутраным рынку скарацілася доля айчынных тэлевізараў (з 76% да 12%), халадзільнікаў і маразільнікаў (з 76% да 65%), пральных машын (з 42% да 34%) і гэтак далей. Сёлета губляюць пазіцыі на беларускім рынку айчынныя кандытарскія вырабы з цукру (на 2,4%), мінеральная вада (на 6,3%), безалкагольныя напоі (на 2,6%). «Усе гэтыя пазіцыі павінны быць адноўлены», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Гэтае пытанне ён даручыў узяць на самы жорсткі кантроль віцэ-прэм'еру Уладзіміру Сямашку, менавіта ён усе гады курыраваў рэалізацыю схемы работ па імпартазамяшчэнні ў краіне.

Кіраўнік урада лічыць, што Міністэрству гандлю трэба больш актыўна працаваць з буйнымі гандлёвымі сеткамі і вытворцамі, а таксама з гандлем увогуле. «Трэба выбудаваць дакладную сістэму, якая функцыянуе пры мінімальным адміністрацыйным умяшанні, — выказаў меркаванне прэм'ер. — У гандлі павінна быць больш разнастайных якасных і даступных па цане айчынных тавараў. Усё, што робіцца ў краіне, павінна быць прадастаўлена для выбару пакупніку, і хай ён сам вырашае».

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што самы эфектыўны інструмент у барацьбе за рынак сёння — гэта высокая якасць айчыннай прадукцыі, шырокі асартымент, канкурэнтная цана, а таксама пазіцыянаванне тавараў на рынку і іх рэклама. На яго погляд, беларускія прадпрыемствы пакуль павольна падладжваюцца пад рынак, слаба рэагуюць на пытанні гандлю. «Слаба выкарыстоўваецца і патэнцыял індывідуальных прадпрымальнікаў, а гэта фактычна мабільная, добра падрыхтаваная, даступная для людзей збытавая сетка», — падсумаваў кіраўнік урада.

Паводле БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.