Вы тут

Калі працуеш за дваіх


Натататки татки

Сярод маіх знаёмых няма ніводнай сям'і, у якой бы тата знаходзіўся ў дэкрэтным водпуску. Яны не кансерватары, якія лічаць, што мужчына павінен зарабляць грошы, а жонка весці хатнюю гаспадарку і даглядаць дзяцей. Тут у кожнага асабістыя абставіны.

У маёй сям'і з дэкрэтным водпускам таксама свая гісторыя. Жонка не паспела ў яго пайсці, як пачала ўжо сумаваць па працы. Усе справы, на якія раней не хапала часу, у яе скончыліся за некалькі тыдняў. З нараджэннем дачкі адсутнасць занятку змянілася павышанай нагрузкай. Стала яшчэ складаней. Часам, калі стомленасць дасягае піка, Віка папракае мяне. Маўляў, добра табе на працы. Я адразу займаю абарону. Галоўны шчыт — фінансавае пытанне. А што, я гатовы, толькі вось як гэта адлюструецца на нашым бюджэце? Для маладой сям'і, якая вырашае жыллёвае пытанне, кожны рубель на ўліку... Такая тактыка заўсёды заводзіць дыскусію ў тупік.

Тэарэтычна я сапраўды гатовы пайсці ў дэкрэтны водпуск. Пасля асабліва напружаных працоўных будняў нават хачу гэтага. На практыцы ж... Калі быць шчырым перад самім сабой, нават не ведаю, ці змог бы. Я не баюся хатніх спраў: прыгатаваць, памыць посуд, бялізну — не лічу, што такая работа неяк прыніжае годнасць мужчыны, таму яе не цураюся. Справа насамрэч у іншым. У самім рытме дэкрэтнага жыцця. Гэта ўсё прыгожа і рамантычна, але няпроста. Збольшага кожны новы дзень нагадвае папярэдні. Схематычна ўсё адбываецца па адным сцэнарыі: прачнуліся — паелі — пагулялі — паспалі — зноў паелі — зноў пагулялі — зноў паелі — леглі спаць. Навіны, прэм'еры — усё адыходзіць на другі план. Ты быццам выпадаеш з жыцця. Яшчэ адзін важны нюанс: з-за адсутнасці вольнага часу ўсе кантакты са знешнім светам зводзяцца да кароткіх размоў з такімі ж мамкамі, якіх сустрэнеш падчас прагулкі ў парку. На працы, пагадзіцеся, усё па-іншаму. Тут новыя знаёмствы, ты можаш рэгуляваць, што зрабіць у гэты момант, а што, пры неабходнасці, адкласці на потым. З дзіцем такая схема не спрацоўвае. Ва ўсім неабходна быць надзвычай скрупулёзным і дакладным. Ты не скажаш, што няма настрою варыць кашу, і не патлумачыш, што зімой ніхто не гушкаецца на жалезных арэлях...

Зразумела, пазіцыя другой палавіны, якая працуе, больш выгадная. Ты быў на працы, яна — дома. Хто больш стаміўся? Усё лагічна. Пры такіх акцэнтах, нават аказаўшы нязначную дапамогу па гаспадарцы можна адчуваць сябе героем. Ці ўвогуле прэтэндаваць на месца на канапе насупраць тэлевізара. Ты ж быў на працы! Так заведзена ў многіх сем'ях. У такой сям'і вырас і я. Ніколі не забуду словы маёй маці на гэты конт: «Праца мужчыны бачная, бо ён прыносіць заробак, а жаночую не відаць: яда з'ядаецца, чысты посуд брудзіцца...» Толькі гэта не значыць, што тое, чаго мы не бачым, адсутнічае. Адкіньце ўбок хатнія клопаты. Нават проста ўправіцца з адным дзіцем — няпростая задача. Я не ведаю, як у іншых, але наша дачка — гарэза яшчэ тая. Здаецца, ад нараджэння яна запраграмавана на шкоду. Раней не думаў, што звычайная кватэра — месца павышанай небяспекі. Дзверы, шафы, вострыя рагі, дробныя рэчы, разеткі — амаль усё, што нават не заўважаеш у паўсядзённым жыцці, нясе пагрозу з таго моманту, як дзіця пачынае поўзаць. Табе дастаткова адвярнуцца на хвіліну, а малая ўжо сама ўзбіраецца на крэсла; пакуль ты робіш два крокі, яна ў адзін момант пераходзіць на новы ўзровень, і здымаеш яе ўжо са стала. Яшчэ хвіліна — і яна ўжо пільнуе новыя прыгоды ля кухоннай шафы. І так цэлы дзень! Чамусьці для нашай дачкі, напэўна, як і для большасці дзяцей, найлепшы занятак — тое, чаго рабіць нельга. Тут патрэбна вока ды вока і вытрымка. Сталёвая вытрымка. З якой працай такую ступень адказнасці можна параўнаць? Не дагледзіш на вытворчасці — атрымаеш брак ці вымову, не дагледзіш тут — будзе бяда.

Большасць мужчын да выпрабавання дэкрэтным водпускам, на мой погляд, проста не гатовы. Ды і самі жанчыны не падрыхтаваны да гэтага. Мяркую па сабе. За год і тры месяцы я ні разу не заставаўся сам-насам з дачкой больш, чым на некалькі гадзін. І нават у такія нядоўгія перыяды жонка не можа не ўтрымацца, каб не патэлефанаваць і не пацікавіцца, як справы. Калі пачынаю абурацца: маўляў, не давяраеш. Яна лаканічна адказвае: «Не ў гэтым справа». Рэч у тым, што ніхто і ніколі не зможа так адчуваць дзіця, як яго маці. І з гэтым не паспрачаешся, гэтага не зменіш.

Можна знайсці мільён тлумачэнняў, чаму тата не можа пайсці ў дэкрэтны водпуск. І 99 працэнтаў з іх сапраўды будуць мець сэнс. Тым не менш хачу звярнуцца да мужчын: цаніце свае другія паловы яшчэ больш, пераадольвайце ляноту і дапамагайце ім ва ўсім. Яны таксама на працы, прычым амаль цэлы дзень нясуць вахту: за маці і бацьку. Так, за гэту работу не заплацяць грашыма, але аддзячаць нечым большым. Тым, што не баіцца інфляцыі і ніколі не растраціцца. Самай чыстай, бескарыслівай, моцнай дзіцячай любоўю.

Аляксандр АЛЕСІК

Усе матэрыялы рубрыкі "Нататкі таткі" чытайце тут

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».