Вы тут

Следам за Купалам


Нататкі з экспедыцыі па славацкім шляху песняра.

Дзядзька Янка ехаў у Браціславу цягніком з Прагі. Мы — мікрааўтобусам з Мінска. Таму маршрут атрымаўся больш насычаны сустрэчамі і ўражаннямі.

Безимени-2

 

Але пачатак яго быў у... школе! Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Славацкай Рэспубліцы Марыян Мурын запрасіў нас спыніцца ў вёсцы Мутнэ з насельніцтвам каля 3000 чалавек, дзе дырэктарам школы на 430 вучняў з'яўляецца яго жонка. Дарэчы, «сямейны падрад» — адметнасць славацкіх вёсак. Тут не шукаюць працу ў найбліжэйшым горадзе — кожная сям'я мае ўласны маленькі бізнес: авечкагадоўля, сыраварня... Дык вось, у гэтай невялічкай школе, дзе на самым пачэсным месцы — партрэт славутага педагога Яна Амоса Каменскага, спадар консул на ўласныя грошы зрабіў спартыўную залу, дзе цяпер праводзяцца ўсе раённыя спартыўныя мерапрыемствы (дзяржава ж за наступныя 12 гадоў мусіць вярнуць мецэнату ўкладзеныя грошы).

Увогуле ж, мястэчкі ва ўсходняй Славакіі мала адрозніваюцца ад беларускіх — хіба з вокнаў ярка пафарбаваных пяціпавярховікаў можна ўбачыць горы (здаецца, тут іх можна пабачыць адусюль).

Пасля наведвання школы нас чакаў і першы урок — геаграфіі: Араўскае вадасховішча — стратэгічны водны запас усёй Славакіі. Каб стварыць яго, затапілі шэсць вёсак — і сёння фотаздымкі іх вісяць на сценах касцёла, што знаходзіцца на востраве пасярод вадасховішча. Сама пані Гісторыя сустракала нас у Араўскім палацы — адным з самых выбітных і найбольш наведваемых помнікаў архітэктуры Славакіі, першыя згадкі пра які датуюцца ХІІІ стагоддзем. Палац уздымаецца на скале на вышыні ў 112 метраў над рэчкай Аравай, і, гледзячы на яго знізу, разумееш, чаму за ўсю гісторыю свайго існавання ён ніводнага разу не быў узяты — яго прасцей абысці і пайсці ваяваць у больш зручнае месца, чым лезці на гару пад абстрэлам лучнікаў, якія трымаюць абарону за пяціметровай таўшчыні сценамі... Насамрэч, палац складаецца з некалькіх частак, пабудаваных рознымі гаспадарамі ў розны час, і наведвальнікі могуць, апрача ўласна гістарычных экспазіцый, пазнаёміцца з прыродай і этнаграфіяй Славакіі ў адпаведных залах. Шчыра кажучы, у гэтым палацы наогул можна было б абысціся без экспазіцый... Каму тут найбольш даспадобы — дык гэта дзецям, для якіх напрыканцы вакацый і на святы ладзяцца начныя фэнтэзійныя туры з удзелам любімых герояў казак і магчымасцю паскакаць на сапраўднай каралеўскай дыскатэцы.

Але час рушыць далей — нас чакае Браціслава!

У горадзе, дзе каранаваліся аўстрыйскія і венгерскія каралі, нас прымалі практычна па-каралеўску: у Мэрыі, ранейшым біскупскім палацы, гасцей з Беларусі шчырым словам прывітала віцэ-мэр славацкай сталіцы Івета Плшэкава. Спадарыня Івета заўважыла: «Славакія і Беларусь не належаць да знаных турыстычных краін, але нам ёсць, што паказаць свету». Таксама яна выказала спадзяванне, што вандроўка па слядах Янкі Купалы ў Славакіі пакладзе пачатак далейшым сумесным праектам, «бо ўзаемапазнанне — ключ да партнёрства ў добрых справах».

Пра тое, што менавіта пісьменнікі мусяць быць носьбітамі прагрэсу, адлюстроўваць праблемы грамадства, не быць нямымі, «хаця часам голас творцы падобны да голасу таго, хто крычыць у пустыні», гаварылася і падчас прэзентацыі «Беларусь — Славакія: дыялог культур». Тут славацкія і беларускія аўтары не толькі чыталі свае творы, але і абмяркоўвалі стан літаратуры ў свеце, дзяліліся шляхамі вырашэння многіх праблем, якія паўсталі перад пісьменніцкімі суполкамі... «Мы ўсведамляем, што ў свеце няма малых народаў і малых літаратур», — падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Славакіі Міраслаў Белік. Сёлета ў краіне рыхтуецца Другі кангрэс пісьменнікаў, прысвечаны
80-годдзю таго, што адбыўся праз год пасля вандроўкі Купалы, на яго мяркуюць запрасіць і беларускіх калег.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Славакіі Уладзімір Серпікаў таксама падкрэсліў важнасць мерапрыемства: «Сустрэчы, знаёмствы, якія адбудуцца падчас знаходжання беларускай дэлегацыі, будуць умацоўваць беларуска-славацкі дыялог, падмурак якому заклаў Янка Купала». Шукаць і знаходзіць сяброў, умацоўваць творчыя сувязі заклікаў у сваім звароце да ўдзельнікаў праекта міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Пра важную місію «народных дэпутатаў», ускладзеную на творцаў часам, гаварылася і ў прывітальным лісце міністра замежных спраў Славакіі Міраслава Лайчака.

Пасля афіцыйных прамоў творцы змаглі пакамунікаваць у нефармальнай абстаноўцы, падпісаць адно аднаму кнігі і абмяняцца кантактамі.

Пэўныя крокі на шляху адно да аднаго ўжо зроблены: літаратурнымі газетамі Беларусі і Славакіі выпушчаны спецыяльныя нумары, выдадзены двухмоўны буклет «Узаемнае спазнанне культурных каштоўнасцей: Беларусь і Славакія», Літаратурным і музычным музеем Дзяржаўнай навуковай бібліятэкі ў Банскай Быстрыцы наладжана некалькі беларускіх выставак, дэлегацыя айчынных творцаў праехала ледзь не па ўсё Славакіі, дзе прэзентавала кнігі беларускіх аўтараў мясцовым бібліятэкам. Напэўна, гэта і ёсць найлепшы працяг вандроўкі Купалы...

Таццяна СІВЕЦ,
lim@zviazda.by

Браціслава — Мінск.

Фота аўтара.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.