Вы тут

Прарвала трубу — звані 115


У Мінску з'явіцца агульнагарадская кругласутачная дыспетчарская служба ЖКГ.

Яна пачне працу ўжо ў лістападзе бягучага года, пра што паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй ШОРАЦ у ходзе гарадскога выязнога семінара па пытаннях паляпшэння працы са зваротамі грамадзян.

Гэта будзе адзіны цэнтр, куды можа звярнуцца кожны жыхар Мінска па любым пытанні ў сферы ЖКГ. Звароты будуць кругласутачна прымаць аператары па адзіным кароткім нумары 115. Званок на яго будзе бясплатным як са стацыянарнага тэлефона, так і з мабільнага. Такім чынам адпаведныя службы змогуць аператыўна рэагаваць на звароты, якія паступаюць.

Разам з тым, ва ўсіх ЖЭС ліквідуюць дыспетчарскія службы, якія сёння працуюць толькі з 8.00-9.00 і да 17.00-18.00, а ў астатні час гараджане вымушаны заставацца з раптоўнымі праблемамі сам-насам.

Мяркуецца, што па нумары 115 адказваць на званкі мінчан кругласутачна будуць 35 дыспетчараў, якія не толькі прымуць заяўку і накіруюць яе ў адпаведную службу, але і пракантралююць выкананне работ. У начны час тэрміновыя заяўкі будуць перадаваць у аварыйную службу, што збіраюцца пашырыць і дааснасціць, каб брыгады, прыехаўшы на выклік, маглі адразу ліквідаваць няспраўнасці, а не толькі лакалізоўваць іх наступствы.

На думку Андрэя Шорца, такія новаўвядзенні дазволяць больш аператыўна рэагаваць на звароты грамадзян і палепшыць працу ў гэтым кірунку.

— Зразумела, што няма мяжы дасканаласці, тым не менш пастаянна ўдасканальвацца неабходна, — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама. — Таму і арганізавалі семінар з удзелам кіраўнікоў розных гарадскіх служб, раённых адміністрацый, каб паказаць найлепшыя прыклады таго, як трэба працаваць з насельніцтвам. Галоўная мэта — вывучыць усе плюсы і мінусы, калі патрабуецца, удасканаліць нейкія працэсы і веерам распаўсюдзіць гэта па ўсёй тэрыторыі горада.

Таксама Андрэй Шорац даў станоўчую ацэнку і такой форме працы са зваротамі грамадзян, як прамыя тэлефонныя лініі, якія рэгулярна праводзяць у сталіцы кіраўнікі гарадскіх службаў і ведамстваў усіх узроўняў, у тым ліку і арганізацыі сферы ЖКГ.

У рабоце гарадскога семінара «Арганізацыя работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у камітэце па ахове здароўя, камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, адміністрацыі Фрунзенскага раёна» таксама прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Якабсон, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Панасюк, а таксама кіраўнікі раённых адміністрацый сталіцы, начальнікі ўпраўленняў і камітэтаў Мінгарвыканкама.

Удзельнікі семінара наведалі інфармацыйную медыцынскую службу 131 ТАА «Медыцынская ініцыятыва», шматфункцыянальны цэнтр на базе КУП ЖЭУ
№ 128 ЖРЭА Фрунзенскага раёна, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна, грамадскую прыёмную аб'яднання «Белая Русь» і азнаёміліся з арганізацыяй працы гэтых служб. У прыватнасці Аляксандр Якабсон адзначыў, што Фрунзенскі раён дэманструе выдатную працу са зваротамі грамадзян, і прапанаваў распаўсюдзіць гэты вопыт па ўсёй краіне.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.