Вы тут

«З дзяцінства верыла ў адзінарогаў...»


«Дэкрэтны водпуск — час падгузкаў, дзіцячага плачу і мыцця бялізны. Я такога не хачу!» — неяк няўмела спрабавала пераканаць сяброўку мая сакурсніца. Як аказалася, дзяўчына проста баялася страціць насычанае падзеямі прыгожае жыццё. І нават не задумвалася аб тым, што падчас дэкрэтнага водпуску можна самаўдасканальвацца і займацца творчасцю. Напрыклад, як жыхарка сталіцы Ганна ЛЯЎКОВІЧ, якая пасля нараджэння сына пачала ствараць неверагодныя цацкі-падушкі і рухомыя падвескі-мобілі для дзіцячых ложкаў.

25-22

— Па адукацыі я ўрач-рэнтгенолаг, — пачынае сваю гісторыю Ганна, якая калісьці на сталае жыхарства пераехала ў Мінск з Севастопаля. — Адпрацавала два гады па размеркаванні ў бальніцы хуткай дапамогі. Гэта вельмі цяжкае месца для працы, а тым больш для жанчыны.

— А калі ў вас узнікла жаданне нешта ствараць?

— Мой выпадак не той, калі натхненне прыходзіць знянацку. Я заўжды нешта рабіла рукамі: шыла адзенне для лялек, часам і для сваіх танцавальных выступленняў. Ствараць мяккіх адзінарогаў і бегемоцікаў пачала больш за два гады таму, калі пайшла ў дэкрэт. Мне не падабаўся ўвесь гэты пластык, што прадаваўся ў крамах, і я вырашыла спачатку зрабіць мобіль (рухомая падвеска з цацкамі, якую мацуюць над ложкам дзіцяці. — Аўт.) для сына. Пачала шукаць інфармацыю пра яго ў інтэрнэце. Даведалася, што такое фетр, якіх відаў ён бывае...

Гэты «мазгавы штурм» вельмі добра падтрымлівае ў тонусе розум, бо ад сядзення ў водпуску без аніякай працы можна проста атупець.

— Адкуль у нас з'явіліся гэтыя мобілі?

— Спачатку іх выраблялі ў Скандынавіі. Канструкцыі з галінак, пёраў, каменьчыкаў з рунамі. Яны лічыліся абярэгамі дзяцей ад негатыўнай энергетыкі. У Заходняй Еўропе мобілі вельмі распаўсюджаныя. І звязана гэта найперш з тым, што там ёсць культура афармлення дзіцячага пакоя. Людзі адводзяць дзіцяці асобнае памяшканне, загадзя прадумваюць, якога колеру мусяць быць шпалеры, у якой стылістыцы ўсё будзе выканана. І гэта нармальна. У нас падобнага няма, аўтарскія мобілі попытам не карыстаюцца, але я мяркую, што і мы да гэтага дойдзем. Дарэчы, звычайныя музычныя мобілі можна набыць у краме, аднак для дзіцяці ўсё ж такі лепей, калі для яго нейкую рэч сваімі рукамі зробіць мама. Галоўнае — не вешаць цацку над галавой дзіцяці, каб не развівалася касавокасць. Канструкцыю трэба мацаваць пасярэдзіне, над ложкам, каб вугал позірку малога на цацку складаў 45 градусаў. Як мобіль успрыняў мой сын? Ён яму вельмі спадабаўся. Гэта быў першы прадмет, на якім Віця пачаў фіксаваць свой позірк.

25-24

А праз пэўны час пасля нараджэння сына я заўважыла, што ён любіць засынаць з нечым у абдымках, і я захацела зрабіць цацку-падушку, каб яму было камфортна спаць. Так усё пачалося, і тое, што я ўжо раблю, наўрад ці можна назваць хобі. Цяпер гэта мая праца. У мяне ёсць пэўная колькасць заказаў, план дзеянняў і закупак. Звычайна я працую ўвечары або ўначы.

— Колькі часу выдаткоўваеце на працу?

— Мобіль раблю ад чатырох дзён да тыдня. Насамрэч гэта ювелірная праца, усе дэталі робяцца рукамі: нешта вяжу кручком, ляплю з палімернай гліны, шыю з фетру, валяю з шэрсці, выпільваю з дрэва...Усё гэта патрабуе шмат часу. На падушкі часу ідзе менш, але на матэрыял для іх прыходзіцца выдаткоўваць больш грошай, бо працаваць прыходзіцца з дарагой тканінай. Напаўняю цацкі нашым «файбертэкам». Ён не ператвараецца ў камякі, не збіваецца і добра трымае форму.

— Герояў для падушак прыдумляеце самі?

— Сама. І я прапаную толькі тое, што мне падабаецца рабіць самой. Калі нешта раблю новае — гэта натхненне. На яго паўплываць ніхто не можа. Пры гэтым, я не мастак, не дызайнер, я проста крышачку творчы доктар. Тое, што цяпер раблю, называю сваёй самарэалізацыяй у дэкрэтным водпуску, выхадам урачэбнага патэнцыялу. Што тычыцца цацак-падушак, ствараю бегемоцікаў-гіпапаТУТаў (шмат Карнея Чукоўскага чытала) і адзінарогаў, у якіх верыла з дзяцінства. Агулам я пашыла каля сотні адзінарогаў і прыблізна пяцьдзясят бегемотаў.

— Неяк у інтэрнэце паказаў знаёмым сімпатычную аўтарскую мяккую цацку, якая каштавала каля 300 тысяч рублёў. Але прыяцелі мне сказалі, што гэта задорага.

— І ў гэтым вялікая праблема. Бо ў нас многія лічаць, што калі гэта зроблена рукамі, мусіць каштаваць капейкі. Затое нікога не хвалюе, колькі ты заплаціла за матэрыял, колькі часу працавала. На жаль, яго ніхто не ўлічвае.

— Плагіят у вашай справе прысутнічае?

— Так, і мне здаецца, што для многіх гэта нармальная з'ява. Зразумела, напачатку ты натхняешся пэўнымі рэчамі. Аднак, адна справа, калі яны натхняюць, і зусім іншая, калі ты іх капіруеш. Навошта абмяжоўваць свае фантазіі прывязкамі да канкрэтнага прадмета?

25-23

— Наша нядаўняя гераіня Настасся Галкоўская, мылавар, прызналася, што амаль не ўяўляе сябе ў гэтай ролі ў 40-гадовым узросце. А вы ўяўляеце, што праз 10-15 гадоў будзеце памнажаць і памнажаць цацкі-падушкі?

— У свой час мне падабалася працаваць фельчарам-лабарантам. Праца вельмі дынамічная, ты ніколі не сядзіш на месцы. Мне хацелася працаваць доктарам. Праўда, тата мне неяк сказаў: «Дачушка, табе не заўжды будзе 20 гадоў. У свае 50 ты не будзеш атрымліваць асалоду ад таго, што ўвесь час бегаеш». І я не хачу, каб так было. Я спакойна дасяджу дэкрэт, буду займацца выхаваннем сына, а пасля вырашу, што рабіць далей.

— Як лічыце, для жанчыны, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, стварэнне, напрыклад, цацак-падушак — добрае хобі?

— Цудоўнае! Гэта падтрымлівае дробную маторыку, а яна станоўча ўплывае на мазгавую дзейнасць. Дзеткі любяць перабіраць дробныя рэчы, нанізваць пацерачкі, маляваць пальчыкавымі фарбамі. Мы, заўважце, таксама ў чымсьці не мяняемся. Толькі сталеем. А таму ўсім раю займацца хэндмэйдам, вязаць і вышываць. Падтрымайце свой розум.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.