Вы тут

Першае пакаленне


Пра крызіс сярэдняга ўзросту, гатэлі ў свінарніку і філасофію жыцця.

На сустрэчу з аднакурснікамі я — так атрымалася — прыйшла самая апошняя. Астатнія ўжо паспелі нагаварыцца, расказаць пра жыццё, сям'ю, працу... Трапіла, можна сказаць, адразу пад перакрыжаваны допыт. Праўда, ненадоўга. Заслухаўшы маю кароткую справаздачу, хтосьці з хлопцаў сумна так зазначыў: «Ясна, таксама жывеш на рабоце», і больш ніхто асабліва маёй персонай не цікавіўся.

Зрэшты, яно і не трэба было. На некалькі гадзін, акунуўшыся ў сваё студэнцкае мінулае, мы з самавітых дзядзькоў і цётак ператварыліся ў тых, кім былі, дый, пэўна і застаёмся на самой справе, — гэткіх адукаваных хуліганаў, начытаных цынікаў, з'едлівых гумарыстаў і адначасова крыху летуценнікаў. Разглядаючы чорна-белыя фоткі сярэдзіны «ліхіх 90-х», мы не тое што акуналіся ў тое ўжо далёкае — аж з мінулага тысячагоддзя — жыццё, мы насамрэч жылі ім тыя некалькі гадзін, што правялі ў сталічным рэстаране, і яшчэ два дні — на столькі нас хапіла, каб паперапісвацца ў вайберы ў групе «Аднакурснікі». Пасля ўсе раптам змоўклі. Не таму, што не было чаго сказаць — проста ачомаліся і сталі самавітымі дзядзькамі і цёткамі, сумнымі, правільнымі і нецікавымі, бы цагліна ў сцяне. Магчыма, разумнымі добрымі спецыялістамі, прафесіяналамі і выдатнымі сем'янінамі, клапатлівымі і надзейнымі. Але — «без палёту», як з прыкрасцю найперш на самога сябе сказаў нядаўна мой саракагадовы калега.

І тут размова зусім не пра «крызіс сярэдняга ўзросту», які дагнаў-такі вашу пакорную слугу, і яна нічога лепшага не знайшла, як бурчаць і скардзіцца. Хутчэй — пра феномен нашага пакалення — тых, каму сёння сорак — сорак пяць. Мы ўвесь час на нейкім пераломе, на нейкіх пагранічных сітуацыях — пэўна, так наканавана. Мы былі падлеткамі, калі пачалася перабудова, мы паступалі ва ўніверсітэт пры Саюзе, а першы курс закончылі ў незалежнай Беларусі, мы былі самымі маладымі выбаршчыкамі на першых прэзідэнцкіх выбарах. Адлік нашага самастойнага дарослага жыцця пачаўся разам з адлікам самастойнага жыцця нашай краіны, мы сталелі разам з ёй і разам з ёй перажывалі цяжкасці гэтага сталення. Мы цяпер — яе першае пакаленне, яе надзея і апора, і гэта выдатна разумеем. Але куды, пакуль мы сталелі, падзеўся той «палёт», якога ніколі не бракавала нашым бацькам і пра які, магчыма, нават не будуць ведаць нашы «планшэтна-айфонныя» дзеці? А мы зноў на пераломе — паміж гэтымі двума абсалютна непадобнымі пакаленнямі, шукаючы агульнае і з тымі, і з другімі, не знаходзім саміх сябе.

Мы нібы саромеемся перад новым пакаленнем сваёй адукаванасці, дасведчанасці, эрудыцыі. Гэта не гучныя нясціплыя словы — так зноў жа менавіта для нас склалася. Мы былі першымі з маладых, хто атрымаў магчымасць вывучаць культуру, літаратуру на сусветным узроўні, чытаць якасныя кнігі з усяго свету, слухаць якасную музыку з усіх кантынентаў планеты. І гэта было такое новае, нечуванае, незвычайнае, што мы прагна хапаліся за яго і не адпускалі, пакуль не наталяліся. Таму сярод нас нямала людзей, якія могуць спакойна і на любым узроўні падтрымаць гутарку і пра Блакітны перыяд Пікаса, і пра творчасць Пялевіна, і пра кінамову Антаніёні. Пра прароцтвы ў вершах Караткевіча і фантасмагарычную рэальнасць Муракамі, пра Акуджаву і Джыма Морысана, пра новы фільм Ларса фон Трыера і пра новае прачытанне «Бахчысарайскага фантана» ў нашым Вялікім тэатры.

Але ж гутарку не заводзім, не абмяркоўваем, не «філасофствуем». Не спрабуем нават гаварыць пра гэта з маладымі, якія жывуць у сваёй віртуальнай прасторы, гавораць там на сваёй «олбанскай» мове і пра многія рэчы, якія варта адчуць і пражыць, ведаюць толькі з радкоў Вікіпедыі. А мы загналі свае веды і думкі на задні двор душы і памяці, а самі жартуем і дасціпнічаем са сваімі дзецьмі з навіны аб гасцініцы ў былым свінарніку, якую дзесьці за акіянам адкрыў нейкі пошлы дурань... «Напружвацца» лічым патрэбным толькі на рабоце, на якой нярэдка сапраўды «жывём» — мы зноў жа першыя зразумелі, што дабрабыт і ўзровень жыцця залежыць толькі ад нас саміх. Увесь астатні час «мозг адпачывае» на стужках навін у інтэрнэце, на праглядзе серыялаў з аднолькавым сюжэтам. Жывём, нібы нечага недагаворваючы, нібы пасля «рэпетыцыі» Усявышні націсне «перазапуск», і тады ўжо можна будзе напоўніцу — так, як хочаш, разумееш, адчуваеш.

А потым ці то спалохана, ці то засяроджана глядзім на галоўнага героя фільма пра географа, які прапіў глобус, і, пазнаючы ў ім сябе, не ведаем: плакаць ці смяяцца. І ўпотай зайздросцім сваім равеснікам — пісьменніку, які напісаў аднайменны твор, акцёру, які сыграў галоўнага героя...

Зрэшты, фінал у фільма зусім не такі песімістычны, як глядач чакае. Можа, яны спецыяльна для нас яго такім зрабілі?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.