Вы тут

«Хай мінаюць зімы, вёсны, не закрэслівайце вёску...»


 Спачатку — анекдот: адзін доктар на пачатку лета частку адпачынку ўзяў, на паляванне паехаў. Праз нейкі час вяртаецца — незадаволены, злы. «Зусім не пашчасціла, — кажа калегам, — за два тыдні нікога не забіў...» 

Адна з медсястрычак тут як тут: «А я гаварыла, што лепш вам у бальніцы застацца!..»

26-42

Дай Бог, не ў вашай! І не ў нашай! Бо тады, вядома ж, не да жартаў будзе. А так... Чаму б не пасмяяцца? Як, дарэчы, і з чарговага здымка? Кіньце позірк (на верхні) і разам са спадарыняй Валянцінай Гудачковай з Жыткавіч падумайце:

Што нам кажа фота гэта?

Зорка — стала для партрэта:

У ціхім лузе, сонным ранкам...

Гэта модна — фота ў рамку!

А потым — на сцяну... Хоць у працоўным кабінеце, хоць у зале, хоць у кухні... І, магчыма, нават з подпісам. А ўжо вартым смеху ці вартым слёз — выбар за вамі. Наша справа — прапанаваць. Спачатку — і па традыцыі — больш сумныя.

«Мой дзед быў заядлы паляўнічы, прычым настолькі, што кінуў гэты занятак, хіба састарэўшы... Тады ж іншаму чалавеку і ў іншую вёску свайго сабаку перадаў, — узгадвае спадар Мікалай Старых з Гомеля. — Але ж праўду людзі кажуць, што воўка ў плуг, а ён — у луг. Так і той сабака: разам з новым гаспадаром трапіў неяк у нашу вёску і тут жа — да дзеда. У двор уляцеў, да кожнага падскочыў, рукі аблізаў — быццам павітаўся, быццам падзякаваў нам за ўсё добрае, што тут меў. Дык можа, і гэтая кароўка глядзіць у той бок, дзе жыла раней, дзе нарадзілася, дзе прайшлі яе найлепшыя гадкі?»

І далей — ужо рыфмаваным радком — дадае:

На родны Двор Лысуха паглядае,

Свае гады былыя ўспамінае,

Як гаспадар, калі ён быў здаровы

І сілу меў яшчэ трымаць карову,

Садавіною частаваў,

У яслі сена ўволю клаў...

Няма яго на гэтым свеце.

А ў тым двары — гуляе вецер.

Бывае, на вялікі жаль. І не толькі з дваром, а з цэлымі вёскамі:

Новы Двор даўно не новы,

А забыты Богам край:

Сем сяліб — адна карова,

Вось і ўвесь сялянскі рай.

Ціха ў вёсцы сёння стала,

Бы ў прытулку для старых.

...Малака ў Малюты мала,

Але ж хопіць на ўсіх, —

Піша так спадарыня Ніна Бурко з вёскі Капланцы, што на Бярэзіншчыне. Піша аб тым, што добра ведае: у іх у раёне больш за 30 вёсак, «дзе людзей як кот наплакаў: тры бабулі ды дзед Якаў». А то і менш...

Ды і ў аграгарадках, як лічыць Ніна Мацвееўна, моладзь не сказаць каб з ахвотай пускае карані, бо на зямлі, вядома, гарбатым стаць лёгка, а вось багатым — наўрад...

Хоць сітуацыя, на думку чытачкі, магла б змяніцца. У прыватнасці, «калі б мясцовыя ўлады дапамагалі ўсіх каровак з уласных падворкаў поўнасцю забяспечваць кармамі, вясковыя статкі не змяншаліся б, як у нашых Капланцах — са 120 галоў да 19».

І сапраўды, паводле сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:

Быў калісьці гэты Двор

Мнагалюдны, новы...

Ды дажыў з нядаўніх пор

Да адной каровы.

«Баліць душа за нашу вёску, — піша і спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — выміраюць яны, знікаюць. Разам з імі знікае велізарны пласт нашай культуры, з карты Беларусі сціраюцца назвы, часам вельмі арыгінальныя».

Адсюль:

Мой чыноўнікам дакор:

«Хто закрэсліў «Новы Двор»

Як неперспектыўны?»

...Наламалі з гэтым дроў:

У сяле — няма кароў,

Знік і люд актыўны.

Трэба разумець, актыўны да працы? Бо іншых «актывістаў» спадар Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна на здымку ўбачыў:

Да чаго ж мы дажылі?!

Тут — нібыта ў песні:

Як карову не звялі,

Дык ланцуг панеслі!

Ланцуга і сапраўды няма. Што ёсць, — піша спадар Анатоль:

Пяцьдзясят я ўжо адзначыў —

Не дзіця наіўнае.

І на здымку тым не ўбачыў

Анічога дзіўнага.

Але ўсё ж — нібы ўкалола,

Кінула ў холад,

Бо апошняя карова

Хоча збегчы ў горад.

Чаму? Версія адказу на гэтае пытанне ад спадарыні Валянціны Козыр з Мінска:

— І чаму я тут стаю? —

Хто ні ідзе — пытаецца.

— Я — чакаю старшыню,

Які дзесь хаваецца,

Бо не можа адказаць,

Дзе ж мне ночку начаваць?

Недзе за кадрам, як трэба разумець, спадарыня Валянціна ўбачыла наступствы стыхіі: разбураную ферму, знесены дах...

Што можа быць яшчэ горш, мяркуе спадарыня Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна. Ад яе ж і для пачатку — анекдот. Маўляў, чаму карова такая сумная? Таму што аніякага, можна сказаць, інтыму не мае — хіба раз на год.

Адсюль:

Пабыла карова

У вёсцы Новы Двор.

Вельмі спадабаўся

Ёй бычок Бугор.

І цяпер дадому

Ногі не нясуць,

За Бугром каровы

Усё-ткі лепш жывуць!

І сапраўды:

Для вяскоўцаў гэта тэма —

Набалелая праблема:

«Больш здавайце малака!» —

А як здаць? Няма быка...

Кажуць:

«Ёсць асеменатар».

Толькі дзе ж ён, распракляты?

У Новы Двор пайшоў «паддаць» —

Трэці тыдзень не відаць!

Піша так спадар Валерый Гаўрыш.

З яго ж канверта радкі:

Чаго чакае і чаму

Лыска ля дарогі?..

Няма, бач, з кім,

Няма і каму

Ёй наставіць рогі.

Бяда! Яшчэ адну — прычым зусім нечаканую — убачыў на здымку (можна зноў на яго зірнуць) спадар Мікола Кісель:

Вельмі строгі тут адбор,

Як на конкурс прыгажосці:

У каго пралазяць косці,

Той трапляе ў Новы Двор.

26-44

Адчуваеце, наколькі празрыста арганізаваны «кастынг»? Ніякіх падстаў для махлярства і для падтасовак: прайшоў праз «брамачку», значыць, у Двары, а не — выбачай...

Хоць заблытацца (на думку спадарыні Раісы Васільевай з Гомеля) можна таксама:

Дзе праўда тут, а дзе мана?

Карове звышзадача:

У Новы Двор зайшла б яна,

Ды скончыўся, няйначай?

Не разбярэцца аніяк,

Хоць лопні ты, хоць трэсні:

Які бязмен, які вар'ят

Тут назву перакрэсліў?

І каб яе адну...

Зноў жа — анекдот: «Гэтая вёска — святая», — казаў адзін мужык другому. «Чаму?» — «Ды начальства на ёй крыж паставіла».

Ці толькі палову крыжа, як на гэтым здымку. І якраз для таго, каб кароўка, паводле спадара Міколы Кісяля, магла сказаць:

Я чакала пойла

Тут дзянёчак кожны,

Думала, што стойла...

А тут знак дарожны!

Яго, вядома ж, убачылі многія. Але толькі спадар Анатоль Гарачоў расказаў:

Мне знаёмая гэта карціна:

Як зірну на яе — вар'яцею!

На асфальце пасецца скаціна,

Што здзіўляе —

пакрыху таўсцее...

І не толькі ж (таўсцее). Як заўважае спадарыня Валянціна Козыр:

Ні кала і ні двара

Ў Зоркі ў маладосці...

А надоі ўзняла,

Дык прыдбала штосьці:

Злева — кол і справа — кол,

Зверху — шыльда: Новы Двор!

Хіба ж не багатая

Зорачка рагатая?!

Яшчэ і якая! «Паглядзіце!» — усклікаюць, прынамсі, сужэнцы Астроўскія з Мінска:

...Колькі дрэўцаў ля дамоў,

Колькі тут прастору!

Для людзей і для кароў

Чым не санаторый?

А вось чаргі — няма, каб пуцёўкі купіць. Не едзе народ, не заводзіць кароў... З таго ж канверта канстатацыя факта:

Ля мястэчка Новы Двор

Проста велічны прастор!

На гектары муравы

Дзве буйныя галавы.

Слушная думка: дык, можа, не выпускаць іх? Трымаць у хляве?

Успамін з нагоды. У аднаго тутэйшага дзядка пыталі пра кароўку: маўляў ці трымае? «А навошта яе трымаць, — адказаў, — выпусціў, ды хай сабе ходзіць». — «То хаваеце?» — «А навошта хаваць?.. Калі нехта захоча ўкрасці, то дакладна ўкрадзе!..»

Так і не даведаліся, як трэба спытаць, ёсць у гаспадарцы кароўка альбо няма? А калі ёсць, то (на думку сужэнцаў Астроўскіх):

Прагрэс нам кажа: людзі, годзе

Трымаць каровак на прыродзе.

Прыбытак можа большы быць,

Калі на комплексах карміць!

І там жа — даіць, паіць...

Зрэшты, гэтую тэму трэба пакінуць спецыялістам — хай яны абмяркоўваюць. Мы ж, завяршаючы чарговы конкурсны агляд, прапануем яшчэ некалькі подпісаў. Ад спадарыні Валянціны Гудачковай:

Быў калісьці Двор вясёлы:

Што ні год, то навасёлы,

Шчыравалі на палетках

І дарослыя, і дзеткі...

Ды паціху ўсё звялося,

Толькі фота засталося.

І з таго ж канверта:

Калі час прыходзіць новы,

То і другія пабудовы

(пра кароў — няма размовы):

Усё катэджы, гаражы...

Хай мінаюць зімы, вёсны,

Не закрэслівайце вёску!

Будзе вёска — будзем жыць!

Нехта, магчыма, спрачаўся б з такой высновай, мы — не будзем. Мы акурат на вось гэтай жыццесцвярджальнай ноце скончым чарговы агляд. Застаецца падвесці вынікі? Калі ласачка: на папярэднім здымку (гл. «Звязда» за 5 мая) двое вайскоўцаў некуды беглі з дзіцячымі вазкамі. Дык вось, найлепшыя радкі пра іх, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, напісалі сужэнцы Астроўскія, спадарыні Марыя Грышчанка з Дзяржынска і Любоў Чыгрынава з Вілейшчыны, спадары Мікалай Старых з Гомеля, Мікола Кісель з Мінска, Валерый Гаўрыш з Чавусаў... І Анатоль Гарачоў.

З гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае — рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе бясплатнай квартальнай падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» накіроўваецца ў вёску Даўнары, што на Іўеўшчыне. Хочаце, каб да вас? Не пытанне: уважліва глядзіце на чарговы конкурсны здымак, прыдумвайце кароткі (не больш за восем радкоў) дасціпны подпіс, дасылайце ў рэдакцыю. Шанцы на выйгрыш ёсць!

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Ад яе ж заўсёдныя прабачэнні тым, чые прапановы не вытрымалі строгага конкурснага адбору, і заўсёдная просьба: пішыце! Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.