Вы тут

Як выбраць добры «гарачы тур» і не сапсаваць сабе адпачынак?


Лета мы заўсёды чакаем. А прыходзіць яно ўсё роўна неспадзявана. І ўвогуле, жыццё наша — адна неспадзяванка. Зрэдку мы можам на 100% быць упэўнены ў нашых планах на паўгода. Таму і планаваць адпачынак загадзя цяжка і нявыгадна (можна трапіць на штрафныя санкцыі ў выпадку адмовы). Яшчэ больш цяжка гэта рабіць, калі ў цябе ёсць дзеці. Непрадказальнасць падвойваецца. Менавіта для такіх сем'яў выдатна падыходзіць адпачынак па «гарачых турах», як кажуць спецыялісты, вынаходніцтва выключна постсавецкай прасторы. Падыдзе такі варыянт і калі ваш адпускны бюджэт надта абмежаваны, бо звычайна цана падобнага тура можа быць ніжэйшай на 50% і болей.

26-43

Сёння і ў нас

Прагматычныя еўрапейцы карыстаюцца раннім браніраваннем, што таксама дазваляе сэканоміць значныя сумы. Але наш чалавек больш рамантычны і лёгкі на пад'ём — што нам сабрацца за суткі ды рвануць на мора? У немца ад такога, як той казаў, праграма завісне. І няхай. Нам болей застанецца...

Гэта я намякаю, што сапраўдны «гарачы тур» — гэта пуцёўка на найбліжэйшыя даты, якія тураператару не ўдалося прадаць. «Чым бліжэй да дня вылету, тым мацней «гарыць» тур. Таму ў апошнія перад ад'ездам дні пуцёўку можна купіць са значнай зніжкай — да 50%. Крайні тэрмін, пасля якога тур «падаграваецца», складае 2-5 дзён у бязвізавыя краіны і ад 7 да 10 дзён у краіны з візавым рэжымам», — распавялі мне ў адным з мінскіх турыстычных агенцтваў, пажадаўшы застацца інкогніта.

Адкуль яны ўзяліся?

З'яўленне «гарачых тураў» непазбежна, таму што турфірмы яшчэ да пачатку сезона выкупляюць месцы ў гатэлях і самалётах. «Ніхто не ведае, колькі месцаў застанецца, ды і ці застануцца наогул. Каб хаця б часткова вярнуць выдаткаваныя сродкі, тураператары прадаюць пуцёўкі па дэмпінгавых цэнах. Гэтым карыстаюцца не толькі сціплыя ў сваіх фінансавых магчымасцях турысты, але і заможныя. І, праўда, чаму б не сэканоміць?» — разважаюць у турфірме.

Адзінае, што спецыялісты раяць, — мець у запасе дастаткова дзён адпачынку: «Калі, напрыклад, у вас усяго 2 тыдні, пра «гарачыя туры» можаце забыцца. Але калі наперадзе яшчэ цэлы месяц, вы маеце ў рэзерве 2 тыдні на пошук. Праўда, расслабляцца ў любым выпадку не варта. Бо можа так здарыцца, што ўжо заўтра вы знойдзеце на сайце тураператара запаветную пуцёўку, а ўжо праз 3 дні паляціце на курорт. У любым выпадку рэчы лепш запакаваць загадзя».

Адпачынак за мільярд

Павалэндаўся цягам вечара па сайтах турфірм, каб паглядзець, за якія грошы прапануюць «гарачыя туры» менавіта сёння. Вынік аказаўся цікавы. Напрыклад, праз дзень мяне запрашалі ляцець у Егіпет на 11 начэй у розныя віды гатэляў — ад 2 да 5 зорак. Я выбраў у пошукавіку пражыванне двух дарослых з малым дзіцем і харчаванне «толькі сняданак». Выбар быў багаты. Больш за ўсё ўразілі цэны. Самы танны тур прапаноўвалі за 6 млн 700 тысяч рублёў (каля 435 долараў), а самы дарагі — за амаль 1 мільярд 180 млн рублёў (каля 77 тысяч долараў).

Дарэчы, многія тураператары прапануюць дадаткова зніжку 3% пры самастойным падборы пуцёўкі.

Тэрмін прыдатнасці скончыўся

Тураператары сцвярджаюць, што «гарачы тур» — гэта не нейкі неліквідны тавар, які збываюць за бясцэнак, а «прадукт з тэрмінам прыдатнасці». Не распрадала турфірма ўсе свае білеты за 10 дзён да даты вылету — пачынаецца зніжэнне коштаў. А калі гэта не тавар другога гатунку, заляжалы на складзе, патрабаваць вы можаце роўна столькі ж, колькі і з тура па звычайнай цане. «Гэта значыць, што ў дагаворы, які вы падпісваеце, павінны быць дакладна прапісаны ўсе ўмовы — даты пералёту, гатэль (уключаючы колькасць зорак), харчаванне і гэтак далей. Не саромейцеся задаваць любыя хвалюючыя вас пытанні — толькі так вы можаце атрымаць упэўненасць, што набываеце якасную пуцёўку», — раяць спецыялісты.

Толькі не блытайце

Вядома, «гарачы тур» трэба браць хутка, але не спяшайцеся адпраўляцца за першай пуцёўкай, якая трапілася. Параўнайце цэны ў іншых аператараў. Бо можа апынуцца, што заяўлены «гарачы» насамрэч толькі спрытны маркетынгавы ход. Напрыклад, вы можаце знайсці побач і сапраўдны, і падробны «гарачы тур». Скажам, калі дата вылету — кастрычнік, а сёння толькі чэрвень.

Я сам на адным з сайтаў знайшоў дзве «гарачыя» прапановы, якія стаялі побач асобнымі банерамі. Адна з іх рэальна давала магчымасць вылецець у Чарнагорыю праз 3 дні, а другая запрашала ў Егіпет на верасень.

* * *

Галоўнае — памятайце, што пры пошуку «гарачага тура» часу на разварушванне ў вас не будзе. Вашу паездку могуць перахапіць літаральна з-пад носа: пакуль дамаўляецеся пра адпачынак, афармляеце ўсе дакументы і везяце грошы ў офіс.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

kulеtskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.