Вы тут

У чым перавага разлікаў пластыкам за мяжой?


Для паездак за мяжу больш падыходзіць картка.

Не, мы не раім вам запіхваць свае купюры ў каструлю ці мікрахвалёўку, а проста прапануем выкарыстоўваць своеасаблівы дапаможнік для тых вандроўнікаў, хто расплачваецца карткай за мяжой. Сёння прэс-служба плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ распрацавала пяць парад аб тым, як правільна выбраць картку для адпачынку,
што рабіць, каб засцерагчыся ад ашуканцаў, і ў чым перавага разлікаў пластыкам за мяжой.

70 на 30

З запланаванага вамі бюджэту на падарожжа бярыце з сабой 30% наяўнымі, а астатнія 70% сродкаў пакідайце на картцы.

У паездцы найлепш падстрахавацца і ўзяць з сабой не толькі картку, але і наяўныя. У некаторых краінах (у першую чаргу гэта тычыцца Азіі і Афрыкі) безнаяўны разлік не надта распаўсюджаны, таму ёсць сэнс браць з сабой яшчэ і папяровыя грошы. У развітых краінах таксама ёсць свае нюансы з безнаяўнымі разлікамі: у некаторых крамах або кавярнях тэрміналы не разлічаны на карткі з магнітнай паласой, таму лепш перад паездкай атрымаць картку з чыпам або давядзецца браць большую долю наяўных сродкаў.

«Запасная» не пашкодзіць

Банкі не застрахаваны ад збояў, таму ёсць сэнс браць з сабой карткі розных банкаў і розных плацежных сістэм. Нават калі ў адной з іх узнікнуць праблемы з працай — другая дакладна не падвядзе. Акрамя гэтага, картка можа згубіцца, а другая дапаможа вам не застацца зусім без сродкаў. Дарэчы, у некаторых краінах не ўсюды прымаюцца карткі міжнародных плацежных сістэм Vіsa і MasterCard. Напрыклад, могуць прымацца карткі толькі іх мясцовай нацыянальнай плацежнай сістэмы.

Выбірайце правільную валюту

Варта разумець, што пры ажыццяўленні разлікаў «рублёвай» карткай за мяжой, вы спачатку мяняеце беларускія рублі на долары ці еўра ў міжнароднай плацежнай сістэме па яе курсе, а толькі ўжо потым гэтая валюта прадаецца беларускаму банку, які выдаў вам картку. Фінансавыя эксперты раяць у зоне еўра разлічвацца карткай у еўра, а ва ўсіх астатніх краінах — доларавай.

Сачыце за камісіяй

Перад тым, як здымаць грошы з карткі ў замежным банкамаце, неабходна абавязкова высветліць памер камісіі. Здымацца яна будзе з двух бакоў: як беларускім, так і замежным банкам. Камісія ў беларускага банка будзе складаць да 2%, а ў замежнага можа даходзіць да 10%. Менавіта таму спецыялісты рэкамендуюць наогул устрымацца ад зняцця грошай праз банкамат і выкарыстоўваць безнаяўныя плацяжы ўсюды, дзе гэта магчыма.

Падключыце інтэрнэт-банкінг

У першую чаргу даведайцеся, якім чынам можна заблакаваць картку. Не заўсёды гэта можна зрабіць аператыўна праз кол-цэнтр. Значна хутчэй у такой сітуацыі скарыстацца інтэрнэт- або мабільным банкінгам, таму падключыце іх загадзя або непасрэдна перад паездкай.

Карысна будзе падключыць і СМС-апавяшчэнне. Яно будзе сігналізаваць вам кожны раз пасля таго, як з карткі будуць спісвацца сродкі. Так вы зможаце кантраляваць і свае расходы, і заўсёды будзеце ў курсе астатку на рахунку, ну а ў выпадку несанкцыянаванага спісання сродкаў таксама імгненна будзеце праінфармаваныя вашым банкам. Акрамя таго, важна даведацца, якія ліміты ўстаноўлены на картцы.

* * *

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас (kurkach@zvіazda.by і kuletskі@zvіazda.by) ці па тэлефонах
8 (017) 292 38 02 і 8 (017) 287 17 51.

Сяргей КУРКАЧ. kurkach@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.