Вы тут

Навальніцы з Атлантыкі


А ў суботу на ўсходзе чакаецца моцны парывісты вецер.

У пятніцу надвор'е на тэрыторыі нашай краіны ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Пра гэта паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды.

Таму будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень у многіх раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей пройдуць дажджы. Чакаецца ўмераны паўночны вецер, а максімальная тэмпература паветра ўдзень складзе плюс 18-24 градусы. Атмасферны ціск будзе падаць.

У выхадныя тэрыторыя Беларусі трапіць у зону паніжанага атмасфернага ціску, калі да нас завітаюць умерана цёплыя атлантычныя паветраныя масы. Месцамі пройдуць кароткачасовыя навальнічныя дажджы. Вецер паўночна-заходні ўмераны, аднак у суботу па ўсходзе краіны чакаецца моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы будзе трымацца ў межах 7—14 цяпла, а ўдзень паветра прагрэецца да плюс 17—24 градусаў.

Рэкі працягваюць мялець

Спецыялісты гідраметцэнтра краіны адзначаюць, што і напрыканцы тыдня на большасці рэк Беларусі будзе працягвацца спад узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 1-11 сантыметраў. Праца рачнога транспарту будзе ўскладнена на Заходняй Дзвіне на ўчастку Сураж — Віцебск і ў Полацку, на Нёмане каля Гродна, на Дняпры на ўчастку Магілёў — Рэчыца, на Бярэзіне ў Барысаве і Светлагорску, на Сожы каля Гомеля, на Прыпяці ў Мазыры і Піне ў Пінску. Тэмпература вады ў рэках і вадаёмах знаходзіцца ў межах ад 16 да 22 цяпла.

26-56

Сюрпрыз ад Сонца

Эксперты ўпэўнены, што ў трэцяй дэкадзе чэрвеня назіралася самая магутная за апошнія 12 гадоў магнітная бура. Яна выклікала палярнае ззянне, якое маглі назіраць жыхары розных краін свету. А саму буру справакаваў двайны выкід плазмы з боку сонечных плям. Яны праходзяць праз цэнтральную частку Сонца, а дзве плямы, самыя велізарныя, размешчаны вельмі блізка адна ад адной. Таму спакойны геамагнітныя фон усталюецца на тэрыторыі планеты толькі яшчэ праз тыдзень — недзе ў пачатку ліпеня, калі гэтая група плям схаваецца за краем сонечнага дыска.

Моцная і працяглая магнітная бура ў чэрвені ацэньваецца навукоўцамі як відавочная анамалія. Звычайна сонечныя плямы з'яўляюцца ў сакавіку-красавіку і верасні-кастрычніку. Папярэдняя бура, роўная цяперашняй па магутнасці, была зафіксавана апошні раз у кастрычніку 2003 года, а нешта падобнае ў чэрвені ў апошні раз назіралася ў 1991 годзе. Навукоўцы канстатуюць, што папярэдняя моцная магнітная бура ў 2003 годзе дэзарыентавала пералётных птушак. Вядома, што магнітнае поле Зямлі для іх з'яўляецца дакладным арыенцірам на вялікай вышыні палёту і ўначы. Тады фламінга, якія накіроўваліся ў Егіпет, з прычыны магнітнай буры заляцелі ў Новасібірскую вобласць.

Церпіць тэхніка і людзі

Буры ўяўляюць небяспеку для спадарожнікаў, ліній электраперадач і чыгуначнай аўтаматыкі. Ва ўсіх гэтых сістэмах патокі сонечнага рэчыва выклікаюць кароткія замыканні і блукаючыя токі, што можа сапсаваць апаратуру. Трубаправоды пад уздзеяннем накіраванага патоку зараджаных часціц церпяць ад узмоцненай карозіі.

Падчас магнітных бур у жыхароў планеты рэзка павялічваецца згусальнасць крыві, што асабліва неспрыяльна для людзей з сардэчнай арытміяй. Здаровыя людзі адчуваюць магнітную буру як дадатковы стрэсавы фактар. Змяненні геамагнітнага поля Зямлі, якія адбываюцца праз выкід плазмы на Сонцы, прыводзяць да ўзнікнення палярнага ззяння.

Убачыць гэтую дзіўную і прыгожую прыродную з'яву на гэтым тыдні ўначы маглі жыхары паўночных рэгіёнаў Еўропы і Амерыкі. Відавочцы таксама паведамляюць аб паўночным ззянні ў Валгаградзе, Екацярынбургу, Новасібірску, Пярмі, Омску і Маскве.

Сяргей КУРКАЧ. kurkасh@zvіаzdа.bу

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.