Вы тут

На якія вакансіі ў Мінску ўладкавацца ўжо не атрымаецца?


Так званы «дэкрэт аб дармаедах» (дэкрэт Прэзідэнта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства») зрабіў сапраўдную рэвалюцыю на сталічным рынку працы. Беспрацоўныя сталі займаць любыя вакансіі, абы толькі не плаціць прадугледжаны дакументам падатак. У выніку ўтварылася канкурэнцыя нават сярод нізкакваліфікаваных відаў працы, а па некаторых прафесіях работнікаў ужо налічваецца больш, чым трэба. Мы даведаліся, чым гэта пагражае, а таксама колькі вакансій засталося ў сталіцы, якія прафесіі самыя канкурэнтныя і якія заробкі прапануюць у гарадской службе занятасці.

Па словах начальніка ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяны КУДЗЕВІЧ, з пачатку года колькасць заявак ад працадаўцаў зменшылася ў 2,5 раза ў параўнанні з тым жа перыядам 2014-га. Калі з пачатку 2015 года ў базе звестак службы занятасці налічвалася амаль 8 тысяч вакансій, то за такі ж перыяд 2014-га гэтая лічба складала каля 20 тысяч.

Адметна, што самая вялікая канкурэнцыя назіраецца сярод станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, грузчыкаў, вартаўнікоў, вадзіцеляў, ахоўнікаў, укладчыкаў-пакавальнікаў, кладаўшчыкоў. Разам з тым у сталіцы захоўваецца попыт і на прафесіі будаўнічага профілю: муляроў, тынкоўшчыкаў, маляроў, арматуршчыкаў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, цесляроў-бетоншчыкаў. А вось прыбіральшчыкаў памяшканняў, прадаўцоў, кухараў, кантралёраў-касіраў, слесараў-сантэхнікаў, мантажнікаў будаўнічых канструкцый, электраманцёраў і аператараў сувязі не хапае.

Колькасць ахвотных уладкавацца дворнікамі сярод мінчан павялічваецца асабліва хутка. Як адзначаюць спецыялісты, лішак жадаючых працаўладкавацца рабочымі па комплекснай уборцы (РКУ) можа спарадзіць некаторыя праблемы для жыллёвых службаў. На 1 студзеня 2015 года ў ЖЭС (ЖЭУ) Мінска налічвалася 1055 вакансій. Гэта значыць, у сярэднім у кожнай са 131 ЖЭС не хапала прыкладна 8 РКУ. Да красавіка колькасць вакансій паменшылася да 783, а на 1 чэрвеня заставаліся толькі 72 вакансіі, пра што паведамілі ў арганізацыі «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» (МГЖГ).

Як патлумачылі ў ЖРЭА Савецкага раёна, большасць РКУ выконваюць 1,5 нормы. Гэта значыць, паміж імі часткова размяркоўваюцца наяўныя вакансіі. Напрыклад: у ЖЭС павінна быць 60 РКУ па штатным раскладзе, але фактычна працуюць 40 на 1,5 нормы. У выніку яны выконваюць неабходны аб'ём работ. Гэта дазваляе кожнаму зарабляць да 4 млн рублёў. Пры выкананні 1 нормы не выходзіць і 3 млн. На такую зарплату пагодзяцца нямногія. Праблема ў тым, што ЖЭС абавязана паведамляць аб наяўных згодна са штатным раскладам вакансіях у раённы аддзел працаўладкавання і прымаць на працу накіраваных адтуль суіскальнікаў. Атрымліваецца, што жыллёвыя службы не адчуваюць неабходнасці быць цалкам укамплектаванымі РКУ. Калі ж гэта адбудзецца, існуе рызыка адтоку дворнікаў з прычыны нізкага заробку.

Паводле інфармацыі МГЖГ, сярэдняя заработная плата РКУ на 1 чэрвеня складала 3 млн 846 тыс. рублёў (з улікам таго, што большасць РКУ працуюць на 1,5 стаўкі).

Што да заробкаў па іншых вакансіях, то ў гарадской службе занятасці служачым прапануюць у сярэднім 4,9 млн рублёў, а рабочым — 4,4 млн рублёў. Кожная пятая вакансія нізкааплатная і з'яўляецца малапрывабнай для суіскальнікаў (да 3 млн рублёў у месяц). Аднак ёсць у базе звестак больш за сотню вакансій з заробкам, які перавышае 20 млн рублёў у месяц. У асноўным гэта пасады кіруючага звяна: дырэктар, галоўны бухгалтар, камандзір паветранага судна, начальнік упраўлення.

Дворнікі, санітаркі, вартаўнікі могуць разлічваць на зарплату ад 2 да 3 млн рублёў у месяц, у той час як электрагазазваршчыкі і слесары механазборачных работ — да 13 млн, менеджары — да 15 млн, інжынеры — да 12 млн рублёў.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

seradzyuk@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.