Вы тут

Вольга Забеліч: «Добра там, дзе мы ёсць»


Прэзентацыя дакументальнага цыкла фільмаў «Пра Беларусь з акцэнтам» адбылася ў снежні мінулага года. На тэлеканале «Мір» паказалі пяць першых серый. Праект паспеў не толькі пазнаёміць гледачоў з гісторыямі іншаземцаў, для якіх Беларусь стала другой радзімай, але і атрымаць прызнанне прафесійнага журы ў намінацыі «Лепшая тэматычная праграма» на тэлевізійным конкурсе «Тэлевяршыня». Мы сустрэліся з яго аўтаркай Вольгай Забеліч, каб даведацца, чым прываблівае замежных грамадзян жыццё ў нашай краіне, з якімі героямі аўдыторыя яшчэ зможа пазнаёміцца ў новых серыях і ці сапраўды добра там, дзе нас няма?

26-23

— Вольга, раскажыце, як з'явілася сама ідэя зрабіць такі праект?

— Мінулы 2014-ы быў Годам гасціннасці. І кожны тэлеканал хацеў па-свойму выказацца па тэме. А паколькі мы расказваем пра Беларусь ва ўсім свеце (такая асаблівасць і галоўная задача Беларускага прадстаўніцтва міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір»), то вырашылі развіць канцэпцыю, дзе пра нас гавораць іншыя людзі. Хто? Вядома, іншаземцы, бо яны прыязджаюць у нашу краіну, застаюцца і бачаць самі, якое жыццё. Мы ж, улічваючы беларускі менталітэт, часцей лічым, быццам усё тут дрэнна і нічога мы не маем, а вось недзе «за мяжой», безумоўна, лепш... Нам жа хацелася, каб героі ў кадры былі са свабоднымі поглядамі на жыццё ў Беларусі. Прычым мы бралі прыклады тых іншаземцаў, якія змаглі знайсці сябе ў нашай краіне. У нас былі рэстаратары, юрысты, кухар, тыя, хто займаецца сельскай гаспадаркай, і гэтак далей. Імёны некаторых з іх, магчыма, і на слыху, але мы імкнуліся расказаць іх гісторыі не толькі беларусам, але і свету.

— І якая яна, Беларусь, калі глядзець на яе вачамі вашых герояў?

— Сярод герояў праекта — розныя людзі. Ёсць тыя, хто пражыў у Беларусі дваццаць гадоў, і яны памятаюць час, калі ў крамах былі пустыя паліцы. Як, займаючыся сельскай гаспадаркай, людзі элементарна не маглі набыць тэхніку. І каму знаёмыя такія сітуацыі, тыя здольныя параўноўваць: так было, і вось што маем цяпер. Часам чуеш, як усё ацэньваецца з пазіцыі «ў савецкія гады ўсюды быў парадак, а сёння...». Нашым людзям уласцівая настальгія. Паглядзіце, колькі сёння ідзе па тэлебачанні тых жа рэтра-серыялаў. Пачуццё мінулага вельмі моцна яшчэ сядзіць у людзях. Моладзь ужо зусім іначай разважае. І тыя іншаземцы, якія прыехалі ў Беларусь 5 ці 7 гадоў таму, ведаюць зусім іншую рэчаіснасць. Яны параўноўваюць і адзначаюць, што стала больш, напрыклад, тых жа кавярняў, але ніхто не кажа пра пустыя паліцы. Была ў нас гісторыя сірыйца, які прыехаў у нашу краіну з сябрам. І назад дадому ён не адважыўся вярнуцца, каб не было сорамна перад бацькамі. Цяпер у яго ўжо свая справа, жонка беларуска, дзеці і свой дом. Сённяшняе жыццё яго задавальняе. Плюс да ўсяго, ён з'язджаў са спакойнай Сірыі, а потым там распачаўся ваенны канфлікт. Таму яго сям'я вырашыла, што іх дом цяпер тут, і яны застануцца ў Беларусі назаўжды.

— За час працы над праектам што вас найбольш уразіла, здзівіла?

— Калі чалавек адважваецца пераехаць у чужую краіну — для мяне гэта ўчынак, на які не кожны здатны. Адна справа, калі людзі прыязджаюць працаваць сюды па кантракце і могуць вярнуцца. Хаця з'ехаць ёсць магчымасць ва ўсіх. Аднак той факт, што людзі мяняюць сваё жыццё і Беларусь становіцца той краінай, дзе яны знаходзяць сабе месца пад сонцам, адкрываюць сваю справу, не можа не ўражваць. Атрымліваецца, наша краіна выйграе «канкурэнцыю» з іх радзімай. Многія іншаземцы, прыязджаючы да нас, упэўнены, што тут вялікі рынак для розных відаў дзейнасці. Той жа кухар з Італіі на сваёй радзіме — звычайная з'ява, а ў нас італьянскі кухар — штучны тавар! Таму ёсць людзі, якія за такога роду прызнаннем і едуць. Кожны з іх адзначае, што менавіта ў Беларусі яны маюць магчымасць здабыць вопыт, якога не атрымаеш больш нідзе.

— Як вы думаеце, чаму атрымліваецца так, што мы самі часта незадаволены беларускай рэчаіснасцю, а іншаземцаў жыццё ў нашай краіне прываблівае?

— Па-першае, мне здаецца, што беларусы вельмі схільныя да песімізму, маюць заніжаную самаацэнку. А яшчэ яны часам давяраюць не заўсёды кампетэнтнаму меркаванню. З развіццём інтэрнэту любы чалавек можа даведацца шмат, але ж не варта забываць пра тое, колькі ў віртуальнай прасторы «смецця», не вартага ўвагі. Погляды на некаторыя рэчы фарміруюцца на ўзроўні размоў і чутак.

Мы былі ў Германіі, дзе жывуць нашы сваякі, і я бачыла эмігрантаў. Безумоўна, сярод іх можна сустрэць паспяховых людзей. Але ёсць і тыя, у каго ўмовы жыцця і працы такія ж, як і ў большасці беларусаў. Атрымліваюць сярэднюю зарплату, працуючы ў краме, плацяць за жыллё і адкладаюць нешта на падарожжа, скажам, у Парыж. Проста там гэта прасцей, бо можна сесці на цягнік і праз тры гадзіны ўжо быць на месцы. Вось і ўся розніца па вялікім рахунку. А нашы людзі ўспрымаюць жыццё за мяжой стэрэатыпна. Не варта думаць, быццам у іншай краіне вас чакаюць гарады мільянераў і рай на зямлі.

— Гісторыі якіх людзей вы раскажаце ў серыях, запланаваных для паказу?

— У нас будзе сірыец, які застаўся ў Беларусі і развівае тут свой рэстаранны бізнес. Сярод нашых герояў ёсць таксама жанчына з Венесуэлы, якая працуе ў пасольстве і жыве тут ужо сем гадоў. Раскажам пра італьянскага кухара, пра англічаніна, які жыве ў Беларусі і кіруе аддаленым бізнесам. Усяго гледачоў чакае пяць серый: у кожнай будзе расказана дзве гісторыі.

— Раскрываючы герояў у працэсе здымак, вы заўважылі, чым яны адрозніваюцца ад беларусаў?

— Нашы героі — гэта людзі, якія некаторы час пражылі ў Беларусі. Зразумела, што да нейкіх асаблівасцяў яны ўжо прызвычаіліся і разумеюць, як можна і як нельга сябе паводзіць. Калі мы абмяркоўвалі з імі будучыя здымкі, то, вядома, агучвалі свае ўмовы наконт таго, што нам патрэбна, і ўсе ішлі на кантакт. І я б не сказала, быццам яны адрозніваюцца нечым ад нас ментальна. Проста гэтыя людзі, як самі некаторыя адзначалі, абеларусіліся. Тая ж Марыя Рохас з пасольства Венесуэлы ўзгадвала, што толькі прыехаўшы ў Беларусь і кантактуючы з людзьмі, яна заўважала розніцу. Маўляў, беларусы больш закрытыя, у адрозненне ад венесуэльцаў, якія пры першай сустрэчы размаўляюць з вамі так, быццам вы знаёмыя ўсё жыццё. А нам патрэбен час, каб разгледзець чалавека, перш чым яму даверыцца і прыняць у сваю кампанію. Спачатку наша гераіня думала: а можа, змяніцца? У выніку вырашыла не рабіць гэтага, таму што такая яе асаблівасць, нацыянальная рыса. Была ўпэўнена, што рана ці позна ёй адкажуць узаемнасцю, і спадзяванні апраўдаліся.

— Скажыце, якой бачыцца будучыня Беларусі, калі параўноўваць вашы прадчуванні і думкі на гэты конт удзельнікаў праекта?

— Думаю, галоўнае — зберагчы тое, што мы маем. Мы з мужам часта размаўляем пра тое, колькі сёння магчымасцяў адкрывае для цябе свет. Аднак, сустракаючыся з людзьмі, якія жывуць за мяжой, і размаўляючы з імі адкрыта, я разумею: няма сёння месца на зямлі, дзе б ты адчуваў сябе ў бяспецы, не баяўся за сваіх дзяцей... Раю на зямлі не існуе. Чалавек здабывае сабе на хлеб потам і працай і шчасце сваё шукае, працуючы над сабой. І мая задача ў гэтым праекце была якраз у тым, каб не ідэалізаваць жыццё ў нашай краіне, а паказаць яго сапраўдным, якое яно ёсць. Можна думаць, быццам добра там, дзе нас няма... Але дзе гарантыя, што там не стане горш з нашым прыходам?

— Калі самі вяртаецеся аднекуль з-за мяжы, то аналізуеце, дзе жыццё лепшае?

— Я не вялікая вандроўніца. Толькі на адпачынак летам выязджаем і да родных мужа, якія жывуць у Германіі. Паўтаруся, для мяне подзвіг, калі чалавек бярэ і едзе некуды. Прычым яшчэ магу зразумець, калі людзі шукаюць сваё шчасце ў еўрапейскіх краінах. А як выходзяць замуж і пераязджаюць у Турцыю, Егіпет, дзе сур'ёзна адрозніваюцца звычаі, менталітэт?.. Ніколі не паверу, пачуўшы, што нехта з'ехаў за мяжу, застаўся там жыць і не ўспамінае пра радзіму. Мне здаецца, гэта самападман. Бо, я пераканана, усе людзі сумуюць па родных мясцінах. Мой брат жыве ў Ірландыі амаль два гады. Ён прызнаецца, што там ты не адчуваеш адкрытасці і блізкасці. Кожны сам па сабе. Вы сустрэліся на нейтральнай тэрыторыі, а потым разышліся хто куды. Як прывыкнуць да таго, што навокал усё чужое і не тваё?

Заўсёды вяртаюся ў Мінск з радасцю. Прылятаючы ў аэрапорт, адчуваю спакой, разумею, што нарэшце я дома. Я люблю з'ехаць кудысьці на пэўны час, а потым вярнуцца і паглядзець на горад, на людзей іншымі вачыма.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.