Вы тут

Штучны малахай — плех закрывай!


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Вечка (назоўнік ніякага роду) — верхняя частка пасудзіны, скрынкі; накрыўка. Напрыклад: вечка куфра. Можна падысці да куфра і падняць вечка.

Плех (адно са значэнняў) — голае месца сярод поля, лесу. «Сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Іх пакінулі знарок — абсемяняць аголены плех і заводзіць новы лес», — чытаем у Якуба Коласа. Дарэчы, другое значэнне слова «плех» — лысіна.

Малаха́й — шапка з «вушамі», падбітая футрам. Слова, дарэчы, мае калмыцкія карані.

Кудме́нь — традыцыйны беларускі абярэг. Кудмені засцерагалі нашых продкаў ад няшчасцяў і злых духаў.

Штучны (прыметнік) — ненатуральны, зроблены накшталт сапраўднага. «Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі», — пісаў Іван Шамякін.

Ваўня́ны (прыметнік) — зроблены з валасянога покрыва авечак (воўны). Ваўняныя ніткі, ваўняная сукенка, ваўняны касцюм або шалік.

Дуля з макам — зусім нічога (не даць, не атрымаць). Беларусы яшчэ скажуць: гула асмаленая, кукіш з маслам, фіга на талерцы, трасцы з макам, трасцы з хваробой, трасцы з халерай, курыную сісю́ і тую не ўсю. Рускі сінонім — фига с маслом.

Выйсці з сябе — страціць самавалоданне, моцна раззлавацца. Беларускі аналаг — лезці на сцяну, не знаходзіць сабе месца, не памятаць сябе. Рускі — выйти из себя, прийти в ярость, вспыхнуть.

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.