Вы тут

Бюджэтны расклад


Дэпутаты ўчора разгледзелі больш за 20 законапраектаў.

Бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва краіны за 2014 год выкананы з прафіцытам. Пра гэта паведаміла Марыяна Шчоткіна, міністр працы і сацыяльнай абароны, прадстаўляючы праект закона «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва». Падчас учарашняга пасяджэння Палаты прадстаўнікоў былі таксама заслуханы і зацверджаны справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за мінулы год, бюджэту Дэпартамента выканання пакаранняў і бюджэту грамадзянскай авіяцыі.

Пенсіі з плюсам

Летась прафіцыт бюджэту фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склаў звыш 220 мільярдаў рублёў. Па інфармацыі, агучанай Марыянай Шчоткінай, у мінулым годзе даходы бюджэту склалі 94,4 трыльёна рублёў, расходы — Br94,2 трлн. Згодна з раней зацверджаным бюджэтам гэтага фонду даходы разлічвалі атрымаць на суму ў 95 трыльёнаў рублёў, на расходы выдаткоўвалася 93,6 трыльёнаў.

У той жа час Марыяна Шчоткіна адзначыла, што Указам Прэзідэнта №611 былі ўдакладнены асобныя артыкулы бюджэту фонду. У выніку агульная сума даходаў не змянілася, а расходы павялічыліся на амаль 840 мільярдаў рублёў.

— Перш за ўсё — за кошт росту сум на выплаты пенсій, у сувязі з павышэннем іх памеру, — паведаміла міністр.

Марыяна Шчоткіна падкрэсліла, што фінансаванне ўсіх неабходных расходаў за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ў 2014 годзе забяспечана своечасова і ў поўным аб'ёме. Пры гэтым асноўная сума расходаў — гэта выдаткі на выплату пенсій, якія склалі фактычна 74 трыльёны рублёў — 78% ад усіх расходаў. Як нагадала міністр, летась пераразлікі пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы праводзіліся тройчы: з 1 лютага — на 5%, з 1 жніўня — на 7,5%, з 1 лістапада — на 5,5%.

Прафіцыт склаў Br5,4 трлн

— За 2014 года у рэспубліканскі бюджэт паступіла 128,2 трыльёны рублёў даходаў, або 104,3% ад удакладненага гадавога плана, — паведаміў падчас прадстаўлення законапраекта «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2014 год» міністр фінаaнсаў Уладзімір Амарын. Расходы за мінулы год склалі амаль 123 трыльёны рублёў, або 97,9% ад запланаваных у гадавым плане. Прафіцыт склаў 5,4 трыльёна — 0,7% ВУП.

— Гэта перавышэнне даходаў над расходамі было накіравана на выкананне гарантый урада перад банкамі і пагашэнне часткі дзяржаўнага доўгу, — праінфармаваў Уладзімір Амарын.

Па словах міністра, бюджэт мінулага года фарміраваўся на падставе прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны. Выкананне бюджэту здзяйснялася ў складаных знешнеэканамічных умовах, «якія аказалі негатыўны ўплыў на дасягненне асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны».

— Больш нізкія ў параўнанні з закладзенымі пры фарміраванні бюджэту тэмпы росту ВУП, а таксама памяншэнне экспартнай цаны рэалізацыі калійных угнаенняў, аб'ёмаў і цэн імпарту тавараў у краіны Мытнага саюза, зніжэнне дзелавой актыўнасці ў краінах — гандлёвых партнёрах, дэвальвацыя расійскага рубля — усё гэта пацягнула за сабой скарачэнне даходаў і рост асобных расходаў бюджэту.

ЕАЭС стаў «пяцёркай»

Учора дэпутаты ратыфікавалі Дагавор аб далучэнні Кыргызстана да Еўразійскага эканамічнага саюза. Як заўважыў у размове з журналістамі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Віталь Бусько, значнасць і важнасць гэтага дакумента будзе ацэнена пазней гісторыкамі.

— Сёння можна сказаць, што гэты дакумент сапраўды мае вялікую значнасць, — заявіў дэпутат. — Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе быў падпісаны больш за год назад. Мы пачыналі ўтраіх, а сёння нас ужо пяцёра. Гэта сведчыць пра тое, што саюз жыццяздольны і сапраўды прыцягвае да сябе краіны былога Савецкага Саюза і цяперашняй Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аднак я не думаю, што наша мэта — павелічэнне колькасці ўдзельнікаў. Варта пераходзіць да якасці. Першае, чаго чакаем мы ўсе — гэта каб голас Еўразійскага саюза загучаў як голас суб'екта палітычнага і міжнароднага жыцця. Другое, не менш важнае, — хутка мы павінны атрымаць гандлёвую марку «Зроблена ў Еўразійскім эканамічным саюзе». Трэцяе, пра што пытаюць звычайныя выбаршчыкі ў дэпутатаў: што чалавек будзе мець ад гэтага саюза? Скажу, што саюз забяспечвае поўную свабоду перамяшчэння працоўнай сілы, паслуг, тавараў і капіталу. Ніякіх праблем не будзе з перамяшчэннем студэнтаў, навукоўцаў, спецыялістаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.