Вы тут

«Зорная скарбонка» Неўскага


У «зорнай скарбонцы» Віталя Неўскага — заснавальніка першай у Беларусі прыватнай абсерваторыі — шэраг адкрыццяў. У прыгожую дату, 7. 07. 2007, яго «дзецішча» пад Віцебскам было афіцыйна зарэгістравана ў Міжнародным цэнтры малых планет (Гарвард, ЗША). Код абсерваторыі B42. Што цікава: астраном (аўтарытэт у прафесійным свеце, праз адкрыцці якога нават падручнікі перапісвалі) фактычна — самавук. Не мае спецыяльнай адукацыі. Больш за тое, прызнаўся, што так і не скончыў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт. Менавіта Віталь удакладніў дыяметр спадарожніка Сатурна Тэфіі, адкрыў дзясяткі новых астэроідаў... Сенсацыяй стала ў 2012 годзе адкрыццё «каметы стагоддзя». На сёння гэты «паставы зорак» працуе прафесіянальным астраномам у абсерваторыі на Паўночным Каўказе.

[caption id="attachment_89653" align="alignnone" width="600"]27-8 Тэлескоп, на якім было здзейснена адкрыццё «каметы стагоддзя»,
злева — Арцём Навічонак, справа — Віталь Неўскі.[/caption]

Ці цяжка зрабіць «зорныя сенсацыі», ці ўяўляюць небяспеку метэарыты? Мо бачыў у тэлескоп лятаючыя талеркі, верыць у гараскопы? Гэтым і не толькі пацікавіўся ў астранома карэспандэнт «Звязды».

Астэроід — у гонар настаўніка

Было складана размаўляць з чалавекам, які захоплены сваёй справай. Шкадую, што да сустрэчы не пачытаў падручнікі па астраноміі. Бо многія пачутыя тэрміны, якія вывучаюць у школе, забыўся... Дарэчы, раю паглядзець сайт астранома: http://www.nevskі.belastro.net/. Там Віталь падрабязна напісаў пра адкрыцці новых астэроідаў, звышновай зоркі... Аўтарскія фота зорных свяцілаў на сайце цудоўныя!

Дарэчы, тыя, хто захапляецца астраноміяй, маюць шанц стаць напарнікам Віталя. Астраномаў сёння катастрафічна не хапае. А заробак, як адзначыў Віталь, дастойны. Ды і ў моладзі добрыя перспектывы зрабіць кар'еру, «зорныя» адкрыцці... Дый хто сказаў, што астраномія — нецікавы прадмет?

У расійскай абсерваторыі ён адсочвае рух спадарожнікаў і ўдакладняе іх арбіту. Як «бонус» — дазваляецца ажыццяўляць уласныя астранамічныя назіранні. Віталь жыве ў Віцебску з прыгожай і разумнай жонкай і дачкой. А вось на працу даводзіцца ездзіць... на самалёце. Месяц у камандзіроўцы, столькі ж — адпачывае. Графік працы таксама незвычайны: уначы не спіш, днём спіш да абеду, потым — вольны час.

— Сярод іншага адкрыў камету, якая атрымала назву Неўскі. Астэроід (малую планету. — Аўт.) назваў у гонар настаўніка Уладзіміра Аляксандравіча Голубева. Адкрыў і астэроід, які назваў Віцебск (№ 264061 Vіtebsk)...

А захапіўся гэтай навукай яшчэ ў школе. Пасля таго, як у 8 класе прачытаў кнігу пра астраномію з прыгожымі малюнкамі. Потым пачаў хадзіць у гурток на станцыю юных тэхнікаў, якім кіраваў згаданы вышэй Уладзімір Голубеў. Тэлескоп у савецкі час купіць — гэта была вялікая праблема. І таму захопленыя астраноміяй усё рабілі сваімі рукамі. У мяне ў 11 класе з'явілася думка аб пабудове ўласнай абсерваторыі. Але адразу праблема: дзе менавіта? Участка не было ў нашай сям'і. Тата ўгаворваў знаёмых дапамагаць, хто чым можа. У прынцыпе, пабудова абсерваторыі — яго вялікая заслуга. Дарэчы, проста недзе яе пабудаваць — гэта няправільна. Неабходны адкрыты гарызонт, поўная адсутнасць ліхтароў. У горадзе ж назіраць за зорным небам вельмі праблематычна, бо перашкаджае падсветка. Увосень 1990 года знайшлі варыянт: у 20 кіламетрах на поўдзень ад Віцебска, — распавядае Віталь Неўскі.

Савецкі нонсэнс: кіраўніцтва саўгаса выдзеліла зямлю менавіта пад будаўніцтва абсерваторыі.

— Удалося дастаць усе неабходныя матэрыялы і зварыць каркас купала. Уласна з апошнім і было больш за ўсё праблем. Для таго, каб прывезці такую махіну дыяметрам 5 метраў на месца, патрэбен быў эскорт ДАІ, — працягвае суразмоўца.

Дадаў, што спатрэбіўся і кран з тэлескапічнай стралой даўжынёй 20 метраў, каб купал пры ўздыме не чапляўся за стралу.

У маі 1991 года ў падмурак быў закладзены першы камень. Будаўніцтва двухпавярховага будынка вышынёй 6,5 метра і дыяметрам 5 метраў было поўнасцю завершана на працягу года.

— Прычым толькі сваімі сіламі. І ў 1992 годзе, нягледзячы на тое, што стацыянарны інструмент яшчэ не быў гатовы, у абсерваторыі ўжо праводзіліся першыя назіранні, — падкрэслівае астраном.

Пра «камету стагоддзя» і «лунацікаў»

Віталь Неўскі і расіянін Арцём Навічонак — першаадкрывальнікі каметы, якую ў СМІ назвалі «каметай стагоддзя». Пра гэта адкрыццё пісала і «Звязда».

[caption id="attachment_89654" align="alignnone" width="600"]Здымак «каметы стагоддзя». Здымак «каметы стагоддзя».[/caption]

 

— Маецца на ўвазе камета, якая была адкрыта 21 верасня 2012 года. Назіранні праводзіліся ў абсерваторыі «ІSON-Кіславодск». Аблокі не дазвалялі займацца ўжо звыклай агляднай працай. У тую ноч мы вырашылі ў вокнах між аблокаў «прайсціся» па раней адкрытых намі астэроідах з найбольш цікавымі арбітамі. Літаральна за паўгадзіны да світання неба практычна цалкам ачысцілася. Запусцілі пошукавую бесперапынную пляцоўку на мяжы сузор'яў Блізнят і Рака, можна сказаць, «ткнуўшы пальцам у неба»... Калі б камета «перажыла» сустрэчу з Сонцам, яна магла б стаць самай яркай каметай першай паловы XXІ стагоддзя. А наконт эпітэтаў кшталту «камета стагоддзя», бадай, гэта — журналісцкія дзівацтвы (смяецца. — Аўт.). Не сказаў бы, што так яно і ёсць... Але ажыятаж насамрэч быў вялікі. У прыватнасці сайт НАСА, на якім можна ўбачыць, як сочаць за Сонцам (а камета блізка падыходзіла да яго), літаральна «лёг». Гэта адбылося з прычыны вялікай колькасці наведвальнікаў. Вядома, неверагодная ўдача — адкрыць выпадкова такое аматару, — тлумачыць астраном.

[caption id="attachment_89652" align="alignnone" width="600"]У Беларусі, на жаль, не найлепшыя ўмовы для назірання за небам. У Беларусі, на жаль, не найлепшыя ўмовы для назірання за небам.[/caption]

— Няма ў нашай краіне ні адной сур'ёзнай прафесійнай абсерваторыі. Віной таму — геаграфічнае становішча і дрэнны клімат. А вось, для параўнання, ва Узбекістане — найлепшае месца для назіранняў, — тлумачыць Віталь.

Пры гэтым беларускія юныя астраномы традыцыйна перамагаюць на міжнародных спаборніцтвах. У Віцебску, дарэчы, няма дзіцячага гуртка. А ў прыгарадзе — аграрным гарадку Ноўка — ёсць. Там стварылі цэлы астранамічны комплекс: з планетарыем, астранамічнай пляцоўкай і тэлескопам. А ўсё дзякуючы намаганням таго ж спадара Голубева, настаўніка вышэйшай катэгорыі, старшага выкладчыка кафедры інжынернай фізікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. І цяжка паверыць, што гэтаму энергічнаму астраному ўжо 74 гады!

— Пасля таго, як у лютым 2013 года ў Чалябінскай вобласці ўпаў метэарыт, ці магчыма паўтарэнне аналагічнага?

— Верагоднасць сутыкнення, скажу так, не роўная нулю. Дарэчы, пасля чалябінскай падзеі, наколькі я ведаю, ва ўрадзе Расіі «спахапіліся». І вылучаюцца грошы на «астэроідныя задачы». З часам будзе развівацца гэты кірунак... Праблема касмічнага смецця ўжо даўно актуальная. Арбіта Зямлі вельмі маленькая. Калі назіраем за спадарожнікамі, часта заўважаем, што яны ўшчыльную ляцяць. Па сціплых падліках, каля 20 тысяч аб'ектаў на арбіце «адпрацаваных»: усякія люкі і іншае касмічнае смецце. І зусім не фантастыка тое, што ў найбліжэйшай перспектыве спецыяльныя апараты, можа з сеткамі, будуць «лавіць» усё непатрэбнае, — здзіўляе суразмоўца.

[caption id="attachment_89652" align="alignnone" width="600"]Прыватная абсерваторыя ў Віцебскім раёне. Прыватная абсерваторыя ў Віцебскім раёне.[/caption]

У адказ на пытанне, ці можна верыць гараскопам, астраном шчыра рассмяяўся.

— Астралогія заснавана толькі на псіхалогіі чалавека, на яго жаданні даведацца пра сваю будучыню. Нехта зарабляе на гэтым добра... Калі камусьці хочацца верыць, дык чаму б і не? — разважае астраном.

— А мо талеркі бачылі на зорным небе?

— Больш за 20 гадоў назіраю за нябёсамі і не бачыў. Успышкі спадарожнікаў можна ўспрымаць, як «святло талеркі». Аналагічна і міжнародныя станцыі лёгка зблытаць з нейкім «невядомым» апаратам. Ды нават кітайскія ліхтарыкі падобны на «нешта», калі ляцяць... Скажаце, што, маўляў, даваў падпіску, каб гаварыць, што няма НЛА? Не даваў! Слова гонару!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanski@zviazda.by

Віцебск — Віцебскі раён.

Фота аўтара і з асабістага архіва Віталя Неўскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?