Вы тут

Выйсце адно — цвярозасць


У хранічнага алкагалізму ёсць дзве важныя прыкметы: хворы не можа кантраляваць колькасць выпітага, а напіўшыся, губляе кантроль над сабой.
Хацеў выпіць «як усе», але спроба зноў правалілася, да таго ж, было зроблена шмат такога, чаго рабіць не варта... Як і любое захворванне, алкагалізм мае свае асаблівасці, але што тут пакутуе ў найбольшай ступені? Калі, на якім этапе алкаголік пачынае шукаць дапамогі? Як рэагаваць на такога хворага членам сям'і? Пра ўсё гэта разважаюць удзельнікі круглага стала — галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Сяргей МАЛОЧКА, загадчык 21-га рэабілітацыйнага наркалагічнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, урач-псіхіятр Уладзімір ІВАНОЎ, доктар псіхалагічных навук, прафесар Уладзімір ЯНЧУК, прадстаўнік садружнасці «Ананімныя Алкаголікі Беларусі» АЛЯКСЕЙ, а таксама прадстаўніцы аб'яднання Ал-Анон — ВІКТОРЫЯ і ВОЛЬГА, якія па зразумелых прычынах пажадалі захаваць у тайне прозвішчы і твары.

Фізіка і псіхіка

— Якім чынам залежнасць ад алкаголю ўплывае на здароўе хворага? Што пачынае пакутаваць у першую чаргу — фізіялогія ці псіхіка?

27-13

Сяргей МАЛОЧКА:

— Хранічны алкагалізм — у першую чаргу душэўнае захворванне, пры якім уся псіхіка пачынае арыентавацца толькі на адзін інтарэс, а менавіта здабыванне і ўжыванне алкаголю. Але не бывае так, каб у чалавека з такой псіхічнай залежнасцю не было яшчэ і саматычных паталогій.

Уладзімір ІВАНОЎ:

— Практычна кожны такі хворы мае чатыры-пяць фізічных захворванняў, звязаных з ужываннем алкаголю. Алкагалізм — захворванне ўсяго арганізма, а дзяленне на фізічнае і псіхічнае можна лічыць штучным, бо адно без другога проста не існуе. Псіхіятры ведаюць, што не бывае змяненняў функцый без змянення структуры. Змены паводзінаў абумоўлены зменамі ў цэнтральнай нервовай сістэме — на фоне таксічнага паражэння мозга з'яўляюцца нейкія звычкі, мяняецца характар, адбываецца тое, што ў наркалогіі называецца дэградацыяй асобы. Лячэнне ў такім выпадку можа быць эфектыўным толькі пры комплексным падыходзе.

— Чаму так складана заклікаць алкаголіка да лячэння? Дый ці трэба заклікаць, дапамагаць?

Сяргей МАЛОЧКА:

— Дапамагаць такому чалавеку неабходна як мага раней — гэта актуальна для любога захворвання. У выпадку з алкагалізмам усё ўскладняецца тым, што ніхто з алкаголікаў не лічыць сябе хворым, а значыць, рана выявіць і пачаць лячэнне амаль нерэальна. Але «працаваць» з алкаголікам трэба. Нельга чакаць той стадыі, калі медыцына акажацца бяссільнай ці пакуль алкаголік раптоўна загіне.

27-12

Уладзімір ІВАНОЎ:

— Пры алкагалізме спрацоўвае мноства псіхалагічных абарон, захворванню ўласціва аназагназія — адмаўленне самой праблемы. Дарэчы, і з наркатычнай залежнасцю тое ж. Вось свежы прыклад: ужо сем месяцаў я курырую хлопца, які ўжываў спайс. Увесь гэты час мой пацыент знаходзіцца ў рэмісіі, аднак нядаўна прызнаўся: перыядычна ў яго ўзнікае думка, што ён не наркаман і мог бы пакурыць спайс. Вось вам адмаўленне ў чыстым выглядзе! Залежнаму заўсёды патрабуецца нейкае асаблівае намаганне для прызнання сваёй залежнасці. Прычым з алкаголем усё яшчэ складаней, чым, напрыклад, з наркотыкамі. Усё ж такі наркотыкі знаходзяцца пад забаронай, гэта, можна сказаць, крымінальная залежнасць, а алкаголь у нашым грамадстве — абсалютны «сябар» у кожным доме! Ён — на кожным кроку, налівай ды выпівай! І гэта вельмі добра замацавана ў нашай свядомасці: калі ў прынцыпе можна, то чаму мне нельга?

Дамоў не прыходзь!

— Атрымліваецца, залежны не здольны самастойна прыняць рашэнне аб неабходнасці лячэння?

Уладзімір ІВАНОЎ:

— Здольны пры адной умове — з'яўленні неверагоднага душэўнага болю... Фізічнага болю, як і смерці, алкаголік не баіцца. Я кажу пра спецыфічны псіхалагічны боль, звязаны з канфрантацыяй унутры асобы. Такі боль можа быць звязаны са стратай чагосьці важнага канкрэтна для гэтага чалавека, напрыклад, зменай сацыяльнага становішча... Паталагічнае жаданне выпіць настолькі магутнае, што перад ім адступае ўсё. Таму мы і кажам сваякам: дайце алкаголіку як мага хутчэй перажыць гэты боль! Адзін чалавек з рэмісіяй каля сарака гадоў прыгадвае, як яго жонка аднойчы не адчыніла яму дзверы. Яна гэтым дала зразумець, што п'яным ён ёй не патрэбны, і толькі так уратавала яго.

У нашай краіне на наркалагічным уліку — каля 200 тысяч хворых на алкагалізм, і гэта лічба не мяняецца, па меншай меры, гадоў трыццаць. Галоўным чынам пад увагу нарколагаў трапляюць людзі з 2-й стадыяй алкагалізму, з абстынентным сіндромам. А дзе ж 1-я стадыя? Алкагалізм — не грып, ён не развіваецца за адну ноч. Каб стаць алкаголікам, трэба яшчэ пастарацца... А мы, медыкі, бачым ужо тых, хто дасягнуў дна. Калі чалавек толькі ўваходзіць у залежнасць, яго становішча можа нават палепшыцца, усё ж такі алкаголь — выдатная «сацыяльная змазка». На пачатку і будучаму хвораму, і яго блізкім сітуацыя не падаецца страшнай, так што як мага раней наўрад ці нехта будзе звяртацца па дапамогу.

27-10

Уладзімір ЯНЧУК:

— У сучаснай псіхалогіі погляд на праблему неадназначны. Мне падаецца, што вялікае значэнне мае менавіта сацыяльная дэградацыя чалавека. Мы вельмі залежым ад тых, хто побач. Той, хто толькі пачынае ўцягвацца, або той, хто ўжо ў рэмісіі, азіраецца навокал і задае сабе пытанні: чым я адрозніваюся ад іншых, чаму мне нельга? Вельмі важна стварыць такі асяродак, у якім можна будзе прыняць рашэнне не выпіваць. Праблема залежнага чалавека часта звязана менавіта з яго сацыяльным акружэннем, якое правакуе і ўсяляк спрыяе «зрыву». Грамадства абавязана ствараць умовы, у якіх будзе, па меншай меры, цяжка выпіваць. А пакуль што наша бытавая культура цесным чынам звязана з ужываннем алкагольных напояў. Насельніцтва па-ранейшаму мала ведае аб праблеме і нават угаворвае напіцца, прымушае зрабіць гэта...

 

27-11

АЛЯКСЕЙ:

— У нашу садружнасць алкаголік трапляе фактычна ў апошнюю чаргу. Да гэтага ён шукаў выйсце ў аддзяленні наркалогіі, звяртаўся да псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў для «кадзіравання»...

Гэта чыстая праўда, што алкаголік заўсёды шукае свабоду для таго, каб працягваць ужываць. Пакуль у яго ёсць такая свабода — дазваляе праца, сям'я і сябры, ён будзе шукаць бутэльку і абавязкова яе знойдзе. Праўда і тое, што алкаголіку сапраўды трэба стварыць самыя невыносныя ўмовы, каб ён хоць бы задумаўся аб сваім ратаванні. З такім чалавекам можна размаўляць толькі ў самай катэгарычнай форме: «Пі, але больш да мяне не прыходзь!». Нават калі вашага блізкага збіраюцца накіраваць у лячэбна-працоўны прафілакторый або яму пагражае суд, ён павінен прайсці праз гэта, бо гэта і будзе пачаткам яго лячэння. Калі блізкія пачынаюць «абараняць» алкаголіка, спачуваць, прыкрываць, верыць яго падманным абяцанням — нічога добрага не будзе. Алкаголік жыве ў поўным самападмане і адмаўленні праблемы, і ён абавязкова адшукае ў сваёй свядомасці зачэпкі для патурання залежнасці: я ж яшчэ не такі, як сусед, што пад заборам ляжыць... Калі свабода заканчваецца, вось тады алкаголік можа пачаць пошук ратавання.

Проста... бізнес

— Што неадкладна павінна зрабіць грамадства ў барацьбе з алкагольнай праблемай?

Сяргей МАЛОЧКА:

— У глабальным сэнсе дзяржава павінна дапамагаць сваім грамадзянам. На жаль, дэкларуецца сёння адно, што здароўе з'яўляецца найвялікшай каштоўнасцю беларускага грамадства, а на практыцы маем 11 працэнтаў таваразвароту, звязанага з вытворчасцю і рэалізацыяй алкагольных напояў. У нас ёсць наркадыспансеры, грамадскія аб'яднанні, урачы-псіхолагі, псіхатэрапеўты, нарколагі, нават лячэбна-працоўныя прафілакторыі, аднак многае ў нас непаслядоўнае, не ўзаемазвязана паміж сабой. Хто, напрыклад, аналізаваў, колькі чалавек пасля так званага лячэбна-працоўнага прафілакторыя прыйшло да цвярозага жыцця? Які гэта наогул прафілакторый, тым больш лячэбны? Гэта проста ізаляцыя ад грамадства, і ўсё.

Уладзімір ІВАНОЎ:

— Чалавек ужываў і будзе ўжываць тое, што яму цалкам даступна. Алкаголь даступны. Захацеў — выпіў. Менавіта таму за рэдкім выключэннем у нас ужывае алкаголь фактычна ўсё насельніцтва. На шчасце, не ўсе становяцца алкаголікамі, паводле розных падлікаў, ад 5 да 12 працэнтаў дарослага насельніцтва, але і гэта пагражае велізарнымі стратамі — людскімі, матэрыяльнымі... Задача дзяржавы — праводзіць прафілактыку сярод тых, хто падрастае, і трымацца пазіцыі сацыяльнай справядлівасці. Будзе цалкам справядліва, калі вытворцы і прадаўцы алкаголю пачнуць дзяліцца сваім прыбыткам, дапамагаючы дзяржаве вырашаць праблему наступстваў алкагольнай залежнасці. Прыватны капітал трэба таксама абавязваць плаціць за гэтыя наступствы. Прыкладна 1 млрд долараў у год асядае ў кішэні вытворцаў і прадаўцоў алкаголю... Вось пакуль у продажы не было такой колькасці піва, у нас не было і хворых на піўны алкагалізм, пакуль не было такой колькасці гульнявых клубаў, то і залежных ад такога баўлення часу не было... Прыходзіць прыватны капітал — і з'яўляецца праблема. Між тым, у краінах Скандынавіі вытворцы і прадаўцы алкаголю плацяць за аказанне дапамогі тым, хто стаў ахвярай іх паспяховага бізнесу.

Таксама чалавек

— Што рабіць ці не рабіць сваякам алкаголіка?

ВІКТОРЫЯ:

— Неяк я трапіла на семінар, прысвечаны тэме залежнасцей, паслухала нарколага, псіхолага і прыйшла да высновы, што жыву з алкаголікам. Доўгія гады мне здавалася, што ў майго мужа няма праблемы з алкаголем. Бо ён не ляжаў пад агароджай, не лаяўся, не абражаў... Я думала, што вось мой бацька — той дакладна алкаголік, бо піў моцна, да «адключкі», быў агрэсіўным. Але муж не такі... Спецыялісты дапамаглі асэнсаваць, што «такі», і расказалі пра садружнасць Ал-Анон.

Я пачала наведваць сходы садружнасці. Так паступова прыйшло асэнсаванне новай важнай тэмы: мая роля ў залежнасці мужа. Сёння я выдатна разумею, што мне трэба навучыцца жыць так, каб не правакаваць блізкага чалавека, не ўмешвацца ў яго жыццё, жыць не яго, а ўласным жыццём! Аказваецца, сваякі здольныя «падсаджваць» сваіх пітушчых блізкіх «на шклянку» — жонка злуецца, крытыкуе, абражае, прыніжае, а хворы п'е ад гэтага яшчэ больш, нібы назло.

Дзякуючы праграме «Дванаццаць крокаў», таму, што я ўжо ведаю пра гэтае захворванне, зразумела, якая я ёсць, што магу, навошта жыву... У сузалежнага (дарэчы, у Ал-Анон не прынята карыстацца такім словам) псіхалагічная праблема, можа, яшчэ большая, чым у самога залежнага: апошняму дастаткова «ўсяго» адставіць шклянку, а таму, хто побач, трэба нешта рабіць з адмоўнымі эмоцыямі, якія ніяк не адставіш.

ВОЛЬГА:

— Я дачка, жонка і сястра алкаголікаў. Вырасла ў сям'і, дзе быў вельмі агрэсіўны, жорсткі бацька. Таму рана выйшла замуж, каб уцячы ад гэтага. Муж прыгожы, разумны... І раптам я заўважаю, што ён выпівае не так, як усе... Вядома, пачала жыць толькі адной ідэяй — ратаваць, хоць ніякіх станоўчых эмоцый у дачыненні да п'яных людзей у мяне не было. Пакуль я не стала наведваць сходы груп садружнасці Ал-Анон, я наогул не бачыла ў алкаголіках людзей, для мяне гэта былі бязвольныя істоты, не вартыя ні жалю, ні спачування. Я нават пераходзіла на іншы бок вуліцы, калі бачыла чалавека нападпітку.

Толькі наведваючы адкрытыя сходы Ананімных Алкаголікаў, я ўбачыла, што алкаголік — таксама чалавек... Бацька, брат і муж раптам перасталі здавацца мне пачварамі. Раней я спадзявалася, што паміж сям'ёй і выпіўкай муж павінен выбраць сям'ю, і паставіла ўмову: каб ён не прыходзіў дадому, калі напіваецца. Ён і не прыходзіў. Проста недзе піў і жыў, пакуль быў у запоі. Дома не піў ніколі. Так цягам дванаццаці гадоў сын нават не здагадваўся, якія праблемы ў яго бацькі...

Гадамі ўва мне назапашвалася нянавісць, злосць. Нават не ведаю, што было б са мной, калі б не размовы ў маёй групе. Вось ужо дзесяць гадоў я вучуся быць з алкаголікам і перамагаць свае «дрэнныя» пачуцці.

— Можа быць, варта проста ўвогуле разыходзіцца з ім у такой сітуацыі?

АЛЯКСЕЙ:

— Гэта не заўсёды магчыма. Некага трымае каханне, іншага — кроўнае сваяцтва. У любым выпадку трэба вучыцца жыць побач з алкаголікам. Сузалежны абавязкова знойдзе сабе новага залежнага, а залежны — новага сузалежнага. Уцякаць ад праблемы няправільна. Лепш разумець, што алкаголіка заўсёды суправаджаюць раздражняльнасць, незадаволенасць і неспакой. Чалавек адчувае сябе непаўнацэнным і адзінокім. Гэта асноўнае, і гэта незалежна ад узросту, полу і г.д. Калі на вашым шляху трапляецца такі чалавек, ён моцна ўплывае на вас, і вам трэба нешта з гэтым рабіць.

Уладзімір ЯНЧУК:

— Праблема залежнасцяў вельмі складаная. Кожны з нас павінен задаваць сабе пытанні: хто я, чаго жадаю, што ў мяне не так? Але гэта велізарная псіхалагічная праца па асэнсаванні ўласнага жыцця, уласнай адказнасці. Наша псіхіка часам спрабуе як-небудзь выкруціцца. З дапамогай алкаголю, напрыклад. Да псіхолагаў хадзіць яшчэ не прывучыліся. А грамадства навокал — досыць раўнадушнае. Нават бацькі ўхітраюцца не заўважаць, што іх дзіця курыць, ужывае спайс ці алкаголь. Жонкі алкаголікаў гадамі не шукаюць тых, хто, як тыя ж Ананімныя Алкаголікі, здольны даць карысную параду, а яшчэ і спрыяюць развіццю залежнасці, паколькі спрабуюць «упіхнуць у цвярозасць» няшчаснага хворага. А гэта самыя непрадуктыўныя паводзіны, якія заўсёды даюць адваротны эфект. Як толькі мы ціснем на чалавека, мы даём яму зразумець, што ён — ніхто, «другі гатунак», не ведае, як і што трэба рабіць.

Адзін замежны псіхолаг высветліў, ці ёсць плён ад таго ці іншага спосабу ўздзеяння на аматара шкоднай звычкі. Можна, напрыклад, запалохваць, але гэта абсалютна непрадуктыўна. Можна мабілізаваць грамадскую думку, на гэта варта звярнуць увагу. Лідары з ліку папулярных персон — палітыкі, спартсмены, кіназоркі — могуць гаварыць пра тое, што ніколі не ўжывалі алкаголь, што гэта шкодна. Пэўная частка маладых людзей прыслухоўвацца да іх.

Прафілактыку наогул немагчыма ўявіць без прапаганды — трэба паказваць, колькі цікавых рэчаў ёсць у свеце. Ёсць жа сярод нас такія, хто здольны будаваць стасункі, размаўляць без чаркі на стале. Дык давайце паказваць такія прыклады! І давайце з большай зацікаўленасцю будзем ставіцца адзін да аднаго. Каб як мага раней дапамагчы чалавеку. Гэта ж з нашай маўклівай згоды ў некага развіваецца 2-я стадыя алкагалізму. А куды мы глядзелі, калі гэта была толькі 1-я?

[caption id="attachment_89603" align="alignnone" width="630"]фота Анатоля Клешчука фота Анатоля Клешчука[/caption]

Зашмат інфантылізму

— Што можна параіць усім нам у перамаганні ўласцівай нашаму грамадству алкагольнай залежнасці?

Сяргей МАЛОЧКА:

— Некаторыя алкаголікі не ідуць па дапамогу не таму, што яшчэ не дасягнулі свайго дна. Яны проста абсалютна не самастойныя. І, дарэчы, гэта магло паўплываць на развіццё іх згубнай залежнасці — яны глядзелі на нейкага «лідара» і рабіліся падобнымі да яго. Пасля такіх прыводзіць у дыспансер мама і просіць, каб мы «нешта зрабілі». Дрэнна, калі чалавек не здольны адказваць за сябе, калі яго праблемы нехта ўвесь час вырашае, калі ў маладых людзей няма хатніх абавязкаў. Уявіце: некаторым маладым алкаголікам і наркаманам даводзіцца вучыцца ў бальніцах засцілаць ложак...

Уладзімір ІВАНОЎ:

— Нельга скідваць з рахунку генетычную схільнасць. З «групай рызыкі», пэўна, трэба неяк працаваць і ўздзейнічаць на яе, але трэба мець на ўвазе, што нягледзячы на ўсе нашы меры, каля 5 працэнтаў насельніцтва не змогуць піць «як усе» і ў іх з'явіцца залежнасць.

— Можа быць, выяўлены ген алкагалізму?

Уладзімір ІВАНОЎ:

— Пакуль вядома пра спалучэнне некалькіх генаў. У спадчыну нам перадаецца, напрыклад, магчымасць ператраўляць алкаголь. Гэта даволі проста праяўляецца пры першай пробе алкаголю. Некаму становіцца «вельмі дрэнна», ніякіх асаблівых пазітыўных эмоцый з нагоды ўжывання чалавек не адчувае, не падабаецца ні смак, ні працэс, ні самаадчуванне на другі дзень. А нехта перажывае эйфарыю, жаданне паўтарыць усё зноў. Гэтаксама і з іншымі атрутнымі рэчывамі.

Для некаторых алкаголікаў біялагічны момант з'яўляецца вырашальным. Заўважана, што дзеці з прыроджанай псіхапатыяй — сур'ёзным пашкоджаннем цэнтральнай нервовай сістэмы — схільныя ўжываць алкаголь, каб «лячыць» гэтае сваё псіхічнае захворванне. Тое ж можна сказаць адносна дэпрэсіі. Людзі выпіваюць, каб пазбавіцца ўнутранага дыскамфорту, абумоўленага іншым псіхічным захворваннем. Гэта адносіцца прыкладна да кожнага дзясятага залежнага ад алкаголю. У такіх сітуацыях важна своечасова выяўляць і лячыць прыроджаныя паталогіі.

ВОЛЬГА:

— У Ал-Аноне я пачула гісторыю жанчыны, якой удавалася карміць траіх дзяцей і рабіць так, каб мужу-алкаголіку, які не прыносіў грошай, не даставалася абсалютна нічога. На яго пытанне, ці ёсць дома ежа, яна адказвала: «Ёсць чай, няма заваркі». Яна выганяла яго з дому, і гэта ўрэшце прывяло да таго, што вось ужо 20 гадоў ён выбірае цвярозасць...

Аднойчы дадому пазваніў начальнік майго мужа, каб спытаць, у якой бальніцы ён ляжыць, ці можна яго наведаць. І я тады ўпершыню адкрыта сказала: ён не ў бальніцы, у яго запой — перастала хаваць праблему... У Ал-Аноне цябе ніхто не прымушае нічога расказваць, ты можаш называць сябе любым імем. Аднак нехта іншы абавязкова будзе штосьці расказваць пра сябе, і аднойчы ў цябе таксама можа ўзнікнуць патрэба падзяліцца з прысутнымі сваёй гісторыяй. Гэта вельмі карысна. Чужыя гісторыі рашучасці дапамагаюць і табе стаць больш рашучым. Вопыт іншых людзей надае сіл і ўпэўненасці, навучае не перацягваць на сябе адказнасць іншага чалавека. Нельга ствараць алкаголіку ўмовы для таго, каб ён спакойна працягваў піць, гэта добра, калі ў яго не будзе працы, грошай, сяброў — садружнасць дапамагае табе гэта ўсвядоміць, трымацца, а не тануць разам з залежным.

ВІКТОРЫЯ:

— Калі вы бачыце перад сабой алкаголіка, то павінны разгледзець у ім не слабую волю, а чалавека. Хворага чалавека. Для гэтага я працую па праграме «Дванаццаць крокаў», якая цалкам падыходзіць і сваякам алкаголіка, наведваю сходы Ал-Анон, вучуся там праўдзівасці, а заадно сваім вопытам дапамагаю іншым сваякам алкаголікаў.

АЛЯКСЕЙ:

— Ананімныя Алкаголікі дапамагаюць не толькі тым, што выступаюць у СМІ, расказваюць пра сябе, але мы наведваем непасрэдна наркалагічныя аддзяленні, дзе расказваем пацыентам аб сваім вопыце цвярозага жыцця, кажам, што існуе рашэнне праблемы. Мы дагэтуль сутыкаемся з тым, што людзі мала ведаюць аб праблеме. Нехта прыходзіць адразу, як толькі пачуў пра нас, іншыя — праз некалькі гадоў... Адзін з самых важных момантаў у руху Ананімных Алкаголікаў — перадача вопыту іншым, падтрымка адзін аднаго, што магчыма якраз дзякуючы духоўнай праграме «Дванаццаць крокаў». Гэта ёсць штодзённая работа над самім сабой, работа, у якой самае важнае — застацца цвярозым сёння.

Уладзімір ЯНЧУК:

— Мне даводзіцца шмат ездзіць па свеце, і ў розных краінах Захаду і Усходу я бачу дастаткова прыкладаў таго, наколькі адказна людзі ставяцца да ўласнага жыцця, захавання здароўя, наколькі старанна працуюць, разлічваючы ў першую чаргу на свае сілы. Той жа японец працуе па 10 гадзін у суткі 6 дзён на тыдні. А ў нас па-ранейшаму многа ўпэўненых у тым, што нехта павінен даць, забяспечыць, вылечыць... Але гэта мы самі павінны сабе — працаваць над уласнай самастойнасцю, над пачуццём уласнай годнасці. Адно нядаўняе цікавае даследаванне-назіранне паказала, што адчуванне болю прымушае беларусаў спадзявацца на лекі і Бога, а вось іранцы, напрыклад, спадзяюцца выключна на сябе.

Уладзімір ІВАНОЎ:

— Свет вельмі разнастайны, і я талерантна стаўлюся да ўсяго, што дапамагае адным і не шкодзіць іншым... Спрацаваць у лячэнні залежнага можа і «падшыўка», і «кадзіраванне». Асабіста я такімі метадамі не карыстаюся, бо гэта, хутчэй, парамедыцына, але галоўнае, каб працавала. Добра, што працягвае развівацца рух Ананімных Алкаголікаў. 25 гадоў таму я асабіста запрашаў у нашу краіну амерыканскіх калег — роданачальнікі таварыства Ананімных Алкаголікаў менавіта амерыканцы... Працэс укаранення такога кшталту дапамогі залежным людзям ішоў вельмі цяжка, але гэта варта было зрабіць, як мы бачым сёння.

Сяргей МАЛОЧКА:

— Назва захворвання — хранічны алкагалізм — кажа сама за сябе. Захворванне нельга вылечыць у тым сэнсе, што такі хворы ніколі не зможа піць, як няхворы, яму нельга ўжываць ні келіха віна, ні лыжкі гарэлкі. Адзінае выйсце — усё далейшае жыццё захоўваць абсалютную цвярозасць. А вось гэта цалкам магчыма. Можна звяртацца дзеля гэтага ў наркадыспансер, цэнтр псіхічнага здароўя, наведваць групы ў садружнасці Ананімных Алкаголікаў і г.д. Можна і самастойна спрабаваць «завязаць». Галоўнае — ісці па шляху цвярозасці штодня.

Дзяржава са свайго боку не павінна трымацца фармальнага падыходу. Кожны пакрысе ў нас робіць сваю справу, аднак пакуль яшчэ няма комплекснай працы. Грамадства не бачыць у хворым той рэсурс, на аснове якога цалкам магчыма пачаць новае жыццё. На Захадзе ў кожным работніку бачаць «рэсурс». Там вялікую ўвагу надаюць захаванню здароўя кожнага работніка, таму што гэта падрыхтаваны спецыяліст, а падрыхтоўка каштуе дорага. Падлячыць, падтрымаць здароўе гатовага спецыяліста значна танней, чым падрыхтаваць новага чалавека яму на замену. А таму дзейнічае пэўная сістэма стымулявання і заахвочвання. Больш за тое, на сумесных карпаратывах з ужываннем алкагольных напояў асобныя работнікі назіраюць за тымі, хто можа быць аднесены да «групы рызыкі», каб своечасова зрабіць высновы і пачаць працаваць з такімі людзьмі. Акрамя таго, сама страхавая медыцына вельмі добра стымулюе людзей клапаціцца пра сябе, а ў нас размовы зводзяцца, галоўным чынам, да таго, што ўрачы абавязкова дапамогуць і ўратуюць. Яно, вядома, так, але без жадання саміх пацыентаў нічога не адбываецца.

Святлана БАРЫСЕНКА.

protas@zviazda.by

Ал-Анон — гэта...

...садружнасць сваякоў і сяброў алкаголікаў, якія лічаць, што на іх паўплывала п'янства блізкіх. Мэта такога аб'яднання — дапамагчы людзям з падобнай праблемай. Членства бясплатнае і ананімнае.

Тэлефон для звароту: +375 29 550 54 24 (з 20.00 да 22.00)

Ананімныя Алкаголікі — гэта...

...садружнасць, што аб'ядноўвае мужчын і жанчын, якія дзеляцца паміж сабой сваім вопытам, сіламі і надзеямі з мэтай дапамагчы сабе і іншым пазбавіцца ад алкагалізму.

Адзіная ўмова для членства — жаданне кінуць піць. Члены АА не плацяць узносаў, яны самі падтрымліваюць сябе добраахвотнымі ахвяраваннямі. АА не звязаны з сектамі, веравызнаннем, палітычнымі арганізацыямі і ўстановамі, не ўступаюць у палеміку, не падтрымліваюць і не выступаюць супраць каго-небудзь. Галоўная мэта АА — заставацца цвярозымі і дапамагаць іншым алкаголікам захоўваць цвярозасць.

Пункт першы з дванаццаці крокаў АА гучыць так: «Мы прызналі сваё бяссілле перад алкаголем, прызналі, што страцілі кантроль над сабой».

Тэлефоны для звароту: +375 17 206 79 14,
+375 29 276 83 17, +375 44 780 73 29. aabelarus.org

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?