Вы тут

Аркестр гучыць


Сёлета ўзорна-паказальнаму аркестру ўнутраных войскаў МУС споўнілася 20 гадоў.

«Дырыжору трэба быць крышачку дыктатарам»

27-25

На двары лета, ледзь не кожны плануе свой адпачынак, а ў музыкантаў аркестра ідуць рэпетыцыі. Вось і зараз са студыі, што на другім паверсе клуба вайсковай часці 5448, гучыць музыка, у перапынках нешта абмяркоўваецца.

— А калісьці музыканты тут мелі даволі сціплыя ўмовы, — прыгадвае Аляксандр Лагун, начальнік аркестра. — Але з часам усё добраўпарадкавалі. Пра тыя інструменты, якія мы маем зараз, калісьці можна было толькі марыць. Што тычыцца працы, насамрэч яе ў нас і летам хапае. Удзельнічаем у парадзе, прысязе, сустракаем дэлегацыі, забяспечваем мерапрыемствамі гарнізон. А адносна нядаўна адыгралі канцэрт, прысвечаны нашаму юбілею.

Аляксандр Лагун праводзіць нас у прасторную гасцінную, сцены якой упрыгожаны сувенірамі і фотаздымкамі з міжнародных фестываляў. Калектыў быў створаны ў 1995 годзе і за гэты час з гастролямі паспеў наведаць Германію, Іспанію, Ірландыю, Вялікабрытанію, Італію...

— Мы ўдзельнічалі ў буйных шоу ваенных і паліцэйскіх аркестраў. Неяк нават выступалі на парадзе Святога Патрыка, — з захапленнем распавядае дырыжор. — Літаральна ўсе дублінцы панадзявалі каўпакі. Па вуліцах рушылі гімнасты, шматлікія аркестры. Гэта было каласальнае відовішча! Еўрапейская публіка, дарэчы, любіць жывую музыку, з асалодай яе прымае. І класіку, і джаз.

— Як вас сустракаюць?

— Добра. За мяжой мы выконваем і беларускія, і рускія народныя творы. «Лявоніху», «Карабейнікаў», «Бульбу», «Калінку». Папуры з беларускіх песень і танцаў тамтэйшая аўдыторыя прымае пазітыўна. Мы і самі стараемся працаваць у розных жанрах і пашыраць свой рэпертуар. Але такая класіка, як вальс, марш, у чым духавы аркестр заўжды быў каралём, застаюцца для нас непахіснымі.

— Ваш аркестр даволі часта дае плац-канцэрты. Ці неабходна музыкантам добрая фізічная падрыхтоўка?

— Безумоўна. Калі ты іграеш на духавым інструменце, трэба мець добрае здароўе. Адпрацаваць 4 гадзіны рэпетыцыі складана. Людзям, якія гэтага не разумеюць, мы заўжды кажам: «Надзьміце па чарзе 15 шарыкаў, і мы паглядзім, што будзе. Найхутчэй закруціцца галава». А ў нас на рэпетыцыях капітальныя нагрузкі. Духавы інструмент патрабуе шмат высілкаў. І нават медыкі даказалі, што іграць на іх даволі складана.

27-24

«Калектыў моцны найперш музыкантамі»

У аркестры працуе больш за 50 музыкантаў. Сярод іх ёсць і цывільныя супрацоўнікі, і ваеннаслужачыя тэрміновай службы, і тыя, хто пасля войска вырашыў застацца ў ансамблі на кантракце.

— Кіраваць падобным калектывам няпроста, — прызнаецца Аляксандр Лагун. — У нас людзі з розным жыццёвым вопытам. У іх разнастайныя музычныя густы. А мне трэба часам навязаць сваю волю, пераканаць іх, каб выконвалі пэўныя творы. А дзеля гэтага трэба быць і псіхолагам, і, напэўна, нават крышачку дыктатарам.

22-гадовы барабаншчык Аляксей Воднеў — адзін з прадстаўнікоў маладога пакалення. Прыйшоў у войскі на тэрміновую службу і пасля яе завяршэння застаўся ў аркестры.

— Калектыў у нас вельмі добры, — кажа Аляксей. — Кіраўнікі з павагай ставяцца да музыкантаў. Што мне найбольш падабаецца выконваць? Здаецца, у нас атрымліваецца якасна іграць эстрадныя мелодыі, джаз. З вакалістамі ўсё гэта гучыць вельмі прыгожа.

— А чым, акрамя музыкі, захапляюцца вашы аркестранты?

— Людзі часам жартуюць, пытаюцца: « Ці праўда, што ў вашым аркестры працуюць культурысты?» У нас і сапраўды шмат аматараў спорту. Нехта займаецца муай-тай, нехта класічным боксам. Многія прайшлі тэрміновую службу.

Калі Аляксей плануе працягнуць завочнае навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, яго калега — трубач Кацярына Дабравольская — скончыла Акадэмію музыкі і аспірантуру Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага.

—Як разумею, далёка не ўсе дзяўчаты, якія займаюцца музыкай, вырашаюць іграць на трубе.

— Так, бо гэта не вельмі прынята ў нашай краіне. А ў Еўропе жанчыны іграюць на медных і духавых інструмен. Там гэта лічыцца звычайным. У Беларусі такіх дзяўчат няшмат.

— І чым вас прывабіў гэты інструмент?

— А ў мяне бацька трубач. Вось і зацікавілася, і вырашыла звязаць сваё жыццё з трубой. Мужчыны да гэтага ставіліся па-рознаму. Былі пэўныя непаразуменні, што мяне яшчэ больш падбухторвала. Мне мая справа падабаецца. І я стараюся займацца тым, ад чаго атрымліваю асалоду. Акрамя таго, працягваю справу свайго бацькі, што таксама матывуе мяне для новых здзяйсненняў.

— Вы працуеце ў гэтым калектыве адносна нядаўна. Ці паспелі адчуць галоўныя асаблівасці?

— З творчасцю аркестра знаёма здаўна. Яшчэ падчас вучобы ў вучылішчы ён неаднаразова прыязджаў выступаць да нас. Мне заўжды падабаўся яго разнастайны рэпертуар. Тым больш духавіку хочацца іграць менавіта ў духавым аркестры. У сімфанічнай музыцы асноўную нагрузку на сябе бярэ скрыпічная група. А тут больш ігры, больш магчымасцей праявіць сябе. Я вельмі задаволена, што трапіла сюды. На маю думку, наш калектыў вылучаецца найперш моцнымі музыкантамі. І я лічу яго не проста адметным сярод ваенных духавых аркестраў, але і найлепшым у межах усёй краіны.

Тарас ШЧЫРЫ.

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.