Вы тут

Чайкоўскі назаўсёды


Ва ўсе «поры года» ідзе падрыхтоўка да конкурсу імя славутага кампазітара.

Пад эгідай святкавання 175-годдзя з дня нараджэння класіка ў Новасібірску пройдзе ІX міжнародны юнацкі конкурс імя Пятра Чайкоўскага (не блытаць з Міжнародным конкурсам імя Чайкоўскага, які зараз ідзе ў Маскве і Санкт-Пецярбургу і вядзе сваю гісторыю з 1958-га). У ім прымуць удзел прадстаўнікі дваццаці краін свету, але беларускае прадстаўніцтва будзе самым шматлікім, і з гэтым звязана некалькі навін.

Па-першае, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь запрошаны акампанаваць удзельнікам трэцяга тура міжнароднага конкурсу, а таксама іграць на гала-канцэрце.

«Новасібірск, у якім пройдзе юнацкі конкурс імя Чайкоўскага, і Мінск з'яўляюцца гарадамі-пабрацімамі, — гаворыць намеснік генеральнага дырэктара Міждзяржаўнай карпарацыі развіцця Сяргей Дзяменскі. — Нам асабліва прыемна, што дзяржаўны аркестр Беларусі прыняў наша запрашэнне выступаць на пляцоўках конкурсу. У маэстра Аляксандра Анісімава лёгкая рука, і я спадзяюся, што за выступленні ўдзельнікаў, у тым ліку з Беларусі, дзякуючы падтрымцы аркестра ў хуткім часе будуць змагацца сцэны найлепшых канцэртных залаў свету».

Мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрый Гільдзюк нагадаў, што галоўны горад Сібіры Новасібірск з'яўляецца велізарным культурным цэнтрам з цудоўнай кансерваторыяй, дзе працуюць выдатныя педагогі: «Акрамя іншага, у Новасібірску ёсць вялікая беларуская дыяспара і культурны цэнтр імя Еўфрасінні Полацкай, які ўзначальваюць нашы сябры. Ды і шмат сувязяў паміж добрымі музыкантамі і людзьмі ўвогуле».

Апроч удзела аркестра, беларусы будуць працаваць у складзе журы конкурсаў піяністаў і віяланчэлістаў. І не менш важна, што юныя музыканты з Беларусі будуць удзельнічаць у самім конкурсе. З гэтым звязана яшчэ адна навіна.

Асацыяцыя лаўрэатаў Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з уласна сімфанічным аркестрам, а таксама з Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Заслужаны дзеяч культуры Расіі, генеральны дырэктар асацыяцыі Андрэй Шчарбак кажа, што дагавор аб супрацоўніцтве будзе доўжыцца дастаткова доўга: «Тысячу гадоў, хутчэй за ўсё».

Асобна пагадненне тычыцца будучага конкурсу, дагавор прадугледжвае льготы для навучэнцаў каледжа ў адборачным туры. Сам адбор будучых удзельнікаў у асноўным праходзіць у завочнай форме, толькі ў некалькіх гарадах арганізуюцца вочныя адборы — у Сеуле, Ерэване, Парыжы і Мінску. «Гэта заслуга ў тым ліку высокай рэпутацыі адукацыйнай музычнай школы Беларусі і ў прыватнасці музычнага каледжа, з якім мы сёння падпісваем пагадненне, — сказаў Сяргей Дзяменскі. Мяркуецца, што адбор пройдзе ў Мінску ў канцы верасня — пачатку кастрычніка. Дакладна вядомая дата дэдлайну для заявак — 15 кастрычніка.

«Наша пагадненне аб супрацоўніцтве прадугледжвае, акрамя таго, што тычыцца юнацкага конкурсу імя Чайкоўскага, правядзенне ў доўгатэрміновай перспектыве іншых мерапрыемстваў. Гэта таксама ўзаемная падтрымка пры рэалізацыі адукацыйных праграм, у прыватнасці праграм дыстанцыйнай адукацыі, і абмен інфармацыяй. Мы спадзяёмся, што напрацоўкі расійскіх калег і нашы будуць узаемна карысныя — гэта рух да ўзбагачэння», — пракаментаваў дырэктар гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Сямён Кліманаў.

Андрэй Шчарбак дадаў, што для ўмоўнага музычнага конкурсу, які будзе праходзіць у Беларусі і супрацоўнічаць з асацыяцыяй, будзе магчыма ўстанаўліваць спецыяльныя прэміі, прызы ці падарункі, бо «любы знак увагі — вялікі стымул».

І апошняя навіна: выказана верагоднасць таго, што конкурс, адзін з самых прэстыжных, які пазіцыянуецца як адукацыйны праект для адораных маладых музыкантаў, наступны раз зможа прайсці ў Мінску. Для гэтага ў нас, маўляў, ёсць і патрэбная атмасфера, і музыканты, і пляцоўкі.

Сваю гісторыю юнацкі конкурс імя Чайкоўскага пачаў у Маскве ў 1992 годзе, і сёння з'яўляецца найбуйнейшым прафесійным спаборніцтвам паміж музыкантамі да сямнаццаці гадоў. Праводзіцца ў трох напрамках — гэта фартэпіяна, скрыпка і віяланчэль. ІX конкурс пройдзе 5-15 снежня, яго арганізатарамі выступаюць міністэрства культуры Новасібірскай вобласці, Асацыяцыя лаўрэатаў міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага і Міждзяржаўная карпарацыя развіцця.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.