Вы тут

Нясвіжскі палац як найлепшая дэкарацыя


27-29

Вялікі тэатр закрывае сезон на адкрытым паветры.

Чаму эліта аддае перавагу такім жанрам, як опера і балет? Так склалася гістарычна, можна сказаць. У тым ліку і ў Беларусі, дзе сапраўды заможныя магнаты мелі пры двары свае тэатры. Быў тэатр і ў Радзівілаў, дзе ставіліся і оперы, і балеты. Таму калі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі ладзіць закрыццё сезона ў сценах палаца ды ў яго ўнутраным двары — гэта насамрэч цудоўная даніна беларускай гісторыі. Але і прарыў для сучаснасці: фактычна першы open-aіr класічнага мастацтва ў Беларусі, а ў свеце гэты напрамак ужо даволі папулярны. У тым ліку і з-за таго, што жанры оперы і балета ў наш час запатрабаваныя публікай не аднаго сацыяльнага статусу і фінансавага дастатку, яны для ўсіх, хто любіць прыгожую музыку, спевы і харэаграфічнае мастацтва. І ў Беларусі ёсць людзі, якія гатовыя ехаць у Нясвіж, каб на адкрытым паветры, у гістарычным антуражы далучацца да высокага. Між іншым, «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» даказваюць гэта не першы раз. І палацава-замкаваму комплексу ў Нясвіжы добра: ёсць магчымасць стварыць вакол помніка гісторыі сапраўднае жывое культурнае асяроддзе.

З гэтага сёлета ўсё і пачалося ў пятніцу днём: з вяртання ў мінулае праз музыку, якая калісьці гучала на нашых землях. У Нясвіжскім касцёле Божага Цела ў пятніцу адбыўся канцэрт харавой музыкі. Месца зусім не выпадковае: насамрэч у праграму хору тэатра пад кіраўніцтвам народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч трапілі творы, якія маюць дачыненне менавіта да Нясвіжа і яго касцёла. І тут варта ўзгадаць два імені. Першае — Антоній Радзівіл, прадстаўнік славутага магнацкага роду, які пісаў музыку, нават быў аўтарам оперы «Фауст» паводле лібрэта самога Гётэ. Другое — Эдвард Гірдо. Таямніцу гэтага імя адкрыў нотны архіў Нясвіжскага касцёла, частка якога была перададзена ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. У архіве былі рукапісы твораў Гірдо, які быў у касцёле арганістам і кіраўніком хору ў ХХ стагоддзі (паміж дзвюма сусветнымі войнамі). Канцэрт у касцёле вяртае якраз да той музыкі, якая гучала менавіта ў гэтым месцы.

27-30

Пятніца, вечар. Чараўніцтва балета. Два спектаклі славутай трупы Дзягілева «Рускія сезоны» ў харэаграфіі Міхаіла Фокіна, створаныя на пачатку ХХ стагоддзя, ідуць у нашым тэатры. У Нясвіж прывезлі прэм'еру сезона «Жар-птушку» Ігара Стравінскага. Але ў пары з ім балет Рымскага-Корсакава «Шахеразада». На тэатральнай сцэне і ў Нясвіжы гэта ўсё ж розныя спектаклі — перш за ўсё таму, што на адкрытым паветры ў дворыку палаца яны ўспрымаюцца як казкі, блізкія да рэальнасці.

Але што цалкам рэальнае, дык гэта спевы ў самім палацы, як гэта было калісьці. У тэатральнай зале Таццяна Траццяк будзе спяваць пра каханне. Дапаможа струнны квінтэт «Серанада». Субота, дзень.

Доўга сядзець у чаканні пасля не прыйдзецца, палац жа вялікі. А ў кошт квіткоў уваходзяць «бонусы» ад музея-запаведніка. Напрыклад, можна наведаць выставу, прысвечаную 175-годдзю Марыі Дароты дэ Кастэлян Радзівіл, цудоўнай жанчыны, якая мела дачыненне да арганізацыі цудоўнага парку. А калі патрэбна яшчэ больш рамантыкі, то варта завітаць на выставу ліхтароў, лямпаў, падсвечнікаў. Наогул у Нясвіжы ёсць што паглядзець, перш чым настроіцца на оперу. «Паяцы» Леанкавала — той твор, які дае магчымасць адчуць жыццё людзей тэатра, страсці, якіх яны не пазбаўленыя, як і звычайныя людзі. Гэтую пастаноўку Міхаіла Панджавідзе (дарэчы, таксама прэм'ера сезона!) можна назваць адной з самых удалых, канцэптуальных і стылёва вытрыманых у нашым оперным тэатры. Да таго ж гэтая опера якраз з тых, калі разумееш: опера — мастацтва для ўсіх. І запрошана «зорка» спецыяльна для Нясвіжа: дырыжор, народны артыст Азербайджана Ялчын Адзігезалаў.

А вось у нядзелю ўдзень — фактычна гістарычная сенсацыя. У тэатральнай зале Радзівілаў упершыню (у наш час) будуць паказаны дзве камічныя оперы XVІІІ стагоддзя «Служанка-пані»
(Д. Пергалезі) і «Капельмайстар» (Д. Чымороза). Лёгкія, з гумарам. Як жа пашчасціць тым, хто гэтыя прэм'еры ўбачыць у гэтай зале, дзе XVІІІ стагоддзе не трэба ствараць штучна!

І самае неверагоднае, што пакажа Вялікі тэатр: гала-канцэрт вечарам нядзелі. Дзіўны не сам па сабе гала-канцэрт, у якім прымаюць удзел найлепшыя артысты оперы і балета: такіх праграм тэатр складае шмат. Але цяпер оперныя артысты будуць спяваць песні. Любімыя песні ваенных гадоў, якія ўвайшлі ў праграму «Лісты з фронту». Яе ўпрыгожаць нумары артыстаў балета, удзел хору. Гэта прысвячэнне тэатра 70-годдзю Перамогі. У гонар яе звычайна бывае салют.

Хто яшчэ не зразумеў, чаму ў гэтыя дні варта наведаць Нясвіж?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».