Вы тут

Еўрапейскія пачастункі на Мёрскім паўвостраве


У Мёрах упершыню пройдзе кулінарны фестываль «Еўрапейскія прысмакі». З гэтай нагоды нашы пытанні намесніку старшыні Мёрскага райвыканкама Таццяне СТАЛЬМАЧОНАК.

— Калі чакаеце гасцей і ўдзельнікаў фэсту і дзе пройдуць яго асноўныя падзеі?
— Свята «Еўрапейскія прысмакі» праходзіць спачатку ў Мёрскім раёне — 27 чэрвеня, а потым — 3 ліпеня ў Рагачове Гомельскай вобласці. Ён праводзіцца па ініцыятыве Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Мёрскі райвыканкам — адзін з арганізатараў мерапрыемства. У нашым райцэнтры пляцоўкай правядзення фестывалю стане маляўнічы паўвостраў Мёрскага возера.

— Што цікавае абяцаюць арганізатары?

— У праграме запланаваны кулінарныя майстар-класы ад вядомага эксперта па еўрапейскай кухні Аляксандра Чыкілеўскага. У яго павучыцца кухарыць змогуць усе ахвотныя. Выказалі жаданне прадэманстраваць майстэрства прыгатавання страў супрацоўнікі французскага пасольства ў Беларусі, удзельнікі Еўрапейскай сеткі рэгіянальнай кулінарнай спадчыны з Латгаліі (Усходняя Латвія)... Дарэчы, латышы не толькі пачастуюць удзельнікаў свята сваімі нацыянальнымі пачастункамі, але і навучаць рабіць сапраўдны латгальскі сыр. А гаспадары аграсядзіб — удзельнікі праекта Bella Cuіsіne — прадставяць свае фірменныя стравы... На фестывалі таксама пройдуць дэгустацыі прадукцыі прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. Будзе працаваць «Горад майстроў». Па папярэдняй інфармацыі, фэст збярэ больш як 300 удзельнікаў.

— Таццяна Алегаўна, наколькі мне вядома, сапраўдным турыстычным брэндам Мёршчыны стаў знакаміты фэст «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю».

— Так, гэта свята праводзіцца, пачынаючы з 2012 года, у верасні. Месца і час правядзення насамрэч незвычайнага фестывалю выбраны нездарма. Менавіта ў пачатку восені пачынаецца сезон збору журавін, а па запасах гэтых ягад мясцовае балота Ельня займае першае месца ў Беларусі. Акрамя гэтага, менавіта на Мёршчыне штогод можна назіраць больш за 4000 шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў. Птушкі спыняюцца на адпачынак на балоце Ельня падчас восеньскай міграцыі. Для турыстаў арганізуецца бясплатная дастаўка на аўтобусе з райцэнтра на навакольныя палі, дзе птушкі сілкуюцца ў светлы час сутак. За гады правядзення фестывалю ахвотныя змаглі паназіраць за вялікай колькасцю шэрых жураўлёў і зрабіць незабыўныя здымкі. Экскурсіі праводзілі прафесійныя арнітолагі.
Госці фестывалю таксама ўдзельнічаюць у экалагічных гульнях. Па добрай традыцыі вызначаюць найлепшую сядзібу Мёрскага раёна ў намінацыі «Багацце Ельні на нашым падвор'і». Ёсць магчымасць купіць на памяць аб свяце сувеніры, зробленыя рукамі мясцовых майстроў. Многія турысты ахвотна набываюць журавінавы морс, розныя прысмакі з журавін, а яшчэ купляюць гэтыя ягады ў запас на зіму.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.
pukshanski@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.