Вы тут

Прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны


Сушыць не работа, а турбота...

Здаецца, сэрца народа найбольш інтэнсіўна б'ецца дзесьці там, дзе гучыць яго жывая мова. Прычым не тая, што вывучалася па кніжках (хоць і гэта добра), але якая перадавалася з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны.

У сучаснай літаратурнай мове так шмат неалагізмаў, разыходжанняў — кожны прапануе свой варыянт, правіла, норму. І кожны па-свойму мае рацыю. Але ісціна дзесьці пасярэдзіне...

Ужо даўно лунае думка, што ва ўмовах урбанізацыі, хуткага апусцення нашых вёсак варта тэрмінова заняцца вывучэннем мовы тубыльцаў — людзей, што жывуць на месцах, найчасцей у глушы. Іх мова амаль не сапсавана ўплывамі іншых цывілізацыі, яна захавала сваю першародную чысціню. На шчасце, знайшоўся чалавек, які ў сугуччы з гэтымі думкамі дасканала вывучыў мову сваёй мясцовасці, занатаваў і нават больш за тое — выдаў кніжку. «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны» — менавіта так называецца кніжка Алеся Зайкі, вясковага настаўніка з вёскі Заполле Івацэвіцкага раёна.

Сам аўтар адзначае, што галоўным яго інфармантам была цешча, якая жыла з ім і жонкай у адной хаце. Менавіта яе жывая і яскравая мова так натхніла зяця, што ён вырашыў збіраць асаблівасці гаворкі з усёй мясцовасці. Жанчыну звалі Вера Ігнатаўна Лушчык (у дзявоцтве Лісок), родам яна была з вёскі Альшаніца Квасевіцкага сельсавета Івацэвіцкага раёна. Памерла жанчына ў 2004 годзе, але за год да таго Алесь Зайка паспеў занатаваць яе ўспаміны:

«У майго бацькі былі два старэйшыя браты і сястра. Браты за багацьцем пагналіся ды пабралі сабе жанок з добрым прыданым, а мой бацька ўзяў маці за красу, але бедную. За гэта браты зь яго пасьміхаліся: «Мы пасеялі жыта на полі, а ты, Ігнаце, на сундуку пасееш». Але бацька не апускаў рукі. Упраўляўся і на сваёй зямлі, і асадніку польскаму абрабляў поле, дужы надта быў. Асаднік, чалавек неблагі, крыўды не чыніў: і з умалоту збожжа дасьць, і картоплямі дзяліўся. Мы галодныя не раслі...»

Гэты ўрывак — толькі пачатак успамінаў Веры Лушчык, змешчаных ва ўступным слове. Сама ж кніга — сапраўдная скарбонка народнай мудрасці, крыніца натхнення ад спрадвечнага, добрая шпаргалка для ахвотных пажартаваць і пакпіць. У ёй змешчаны прыказкі і прымаўкі, тлумачэнні да іх, а таксама імя, месца і дата нараджэння таго, хто іх расказаў, дата запісу вобразнага выразу.

Zajka_Prykazki_cover

У кнізе можна знайсці трапныя слоўцы для любой жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, лёс гаротнага чалавека характарызуецца так: «Жыццё пражыла — як на свінні праехала», «Харошая шкурка, ды ліхая натурка», «Кіем таго, хто не пільнуе свайго», «Ад злосці баляць косці». Шмат трапных выразаў, якія характарызуюць любоў нашага народа да весялосці: «Адзін скача, другі плача, трэці песенькі пяе», «Свату, свату, дай на лапату. Не дасі на лапату — развалю табе хату», «Як п'ян, то капітан, а праспіцца, то свінні баіцца». Надзвычай цікавыя прыказкі і прымаўкі пра тое, як дасягаць сваёй мэты: «Як пойдзеш нацянькі, то праходзіш тры дзянькі» (пра тое, што не заўсёды прамая дарога прыводзіць да жаданага), «Як захочаш сабаку выцяць, то кія знойдзеш», «Сушыць не работа, а турбота» (пра тое, што не варта непакоіцца, а трэба дзейнічаць — тады адразу паспакайнееш), «Хлеба перапечка, а дроў поўна печка» (азначае, што нават да дробязнай справы трэба ставіцца сур'ёзна).

Гэта кніжка, між іншым, можа быць цікавая і тым, хто хоча арыгінальна, па-беларуску павіншаваць кагосьці са шлюбам. Варта проста зазірнуць у раздзел «Вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая», як адразу будзе гатовы шыкоўны тост у народным стылі: «Дару грошы, каб былі дзеці харошы. Дару даляры, каб усё жыццё пражылі ў пары. Дару бусы, каб маладая маладому давала бусі. Дару качан капусты, каб не дазваляў жонцы распусты. Дару клубочкі, каб былі два сыны і дзве дочкі. Дару маладым міску, каб у хаце было многа піску. Дару маркоўку, каб нявестка пацалавала свякроўку».

Алесь Зайка расказаў:

— Сучасны Івацэвіцкі раён — так склалася здаўна — уяўна дзеліцца на тры рэгіёны: Быценшчыну, Косаўшчыну і Целяханшчыну, і кожны куточак адметны, варты пільнага вока гісторыка, этнографа, мовазнаўцы... На фарміраванне гаворак наклалі адбітак, безумоўна, асаблівасці прыроды (на поўдзень — балоты, пясчаныя выспы, на поўнач — палі ды светлыя хваёвыя бары), а таксама колішняя адміністрацыйная мяжа паміж Слонімскім ды Пінскім паветамі, якая была канчаткова замацавана ў выніку рэформы 1565 — 1566 гадоў у Вялікім Княстве Літоўскім і трывала з нязначнымі зменамі да сярэдзіны XX стагоддзя. Усе гэтыя фактары паспрыялі развіццю самасвядомасці мясцовага люду, праявам яго адрознай, своеасаблівай матэрыяльнай і духоўнай культуры. Целяханшчына — гэта ўжо «палешукі», пачатак Палесся; Быценшчына ды Косаўшчына — «ліцвіны», «ліцвінская зямля».

Гаворка на Косаўшчыне вельмі блізкая да літаратурнай мовы і вызначае яе нацыянальную спецыфіку. Гэтую мову ніяк не назавеш вузкарэгіянальнай. Чытаеш — і знаходзіш трапныя выразы, блізкія многім прадстаўнікам і іншых рэгіёнаў.

Вядомы этнограф Арсень Ліс, які прысутнічаў на прэзентацыі выдання ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы, ацаніў гэту кнігу надзвычай высока:

— У рускага народа ёсць балады, ва ўкраінцаў — думы, у англічан, французаў, фінаў — эпасы. Хтосьці кажа: чаму ў беларусаў няма эпасу?.. Аднак беларускі народны каляндар — хіба не эпас? У адной валачобнай песні, якая можа змяшчаць да 300 радкоў, можа раскрывацца жыццёвы земляробчы каляндар за ўвесь год. Фалькларыст Рыгор Шырма шкадаваў, што няма паэта, які б на падставе спрадвечнага календара выстраіў цэльны эпас... Аднак у гэтай кнізе акурат усё выстраена. Яна, як велікоднае яйка, прыгожая. У кнізе адлюстравана асэнсаванне народам свайго жыцця ў кантэксце часу, паказана наша ментальнасць.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Тэхналогія» пры непасрэдным удзеле, ідэйнай падтрымцы рэдактара Зміцера Санько. Будзем спадзявацца, што гэта толькі пачатак збірання скарбаў нашай сакавітай і каларытнай мовы. Кожны раён і кожная мясцовасць вартыя таго, каб занатаваць адметнасці сваёй гаворкі для нашчадкаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ. nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.