Вы тут

Усё, што вы хацелі спытаць пра дзікіх жывёл у вялікім горадзе


Заапарк у вялікім горадзе — гэта не толькі месца, дзе можна прыемна і з карысцю адпачыць усёй сям'ёй, але яшчэ і фактар небяспекі. Гэта разуменне з'яўляецца тады, калі ў горад прыходзіць бяда. Варта ўспомніць навадненне ў Празе, калі па Влтаве плавалі галодныя напужаныя бегемоты. А нядаўняя вялікая паводка ў Тбілісі абярнулася сапраўднай трагедыяй для звяроў тамтэйшага заапарка. Па папярэдніх звестках, загінула каля 300 жывёл. Многім драпежнікам удалося выратавацца ад стыхіі, аднак некаторых з іх давялося застрэліць з-за агрэсіўных паводзін...

Ці магчыма паўтарэнне падобных ці іншых няштатных сітуацый у нас? Якія меры бяспекі прыняты на ўзбраенне? З гэтымі пытаннямі мы накіраваліся ў Мінскі заапарк.

Электрапастух для драпежніка

— Трагедыі такіх маштабаў у нас не здарацца: тут раўніны і няма вялікіх рэк, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік Мінскага заапарка Таццяна ІЛЬЯСАВА-КОНАНАВА. —У любым выпадку заапарк з'яўляецца зонай павышанай небяспекі. Найвялікшую рызыку складаюць нетрывалыя агароджы, краты. У нашым заапарку ўсе вальеры закрытыя, за выключэннем памяшканняў для капытных і малпаў — гэтыя жывёлы не лічацца вельмі небяспечнымі. Іншая справа драпежнікі: на кратах іх вальераў устаноўлены «электрапастухі» — сеткі з невялікім разрадам электрычнасці, які не шкодзіць зверу, але дае зразумець, што блізка падыходзіць не трэба. Прабрацца за тэрыторыю заапарка з клетак і вальераў жывёлы не могуць, а тым больш трапіць за тэрыторыю.

— Год назад у вас быў пажар...

— Так, падвяла праводка ў старым будынку. Зараз ён пераканструяваны, праводка заменена. Рызыка ўзгарання ёсць заўжды і паўсюль, нават і ў жылых будынках. Пры пажары жывёла не зможа выбрацца з вальера і, у горшым выпадку, загіне. У нас планава праводзяцца праверкі па тэхніцы бяспецы.

— Тым не менш летась у Гродзенскім заапарку львіца адкусіла жанчыне руку...

— Гэта было грубае парушэнне тэхнікі бяспекі — пацярпелая працягнула руку ў клетку. Для супрацоўнікаў прадугледжаны цэлы комплекс мер па працы з буйнымі драпежнікамі, у якім сказана: нельга кантактаваць з жывёламі, заходзіць за агароджу, стукаць па шкле. Але парушальнікі знойдуцца заўжды.

— Ці былі выпадкі ўцёкаў жывёл з заапарка?

— Аднойчы з вальера выбраліся алені — іх толькі прывезлі з Белавежскай пушчы, яны спужаліся. Тады работнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый і ветэрынары адлавілі жывёл. Аленям увялі транквілізатары і вярнулі ў вальер. Але гэта здарылася даўно, больш за дзесяць гадоў таму.

Дарэчы, на працягу многіх гадоў Мінскі заапарк супрацоўнічае з Тбіліскім. Два гады таму мінчане атрымалі падарунак з Грузіі — нам перадалі чорнага ягуара па мянушцы Бахт.

• Тым часам...

Прычашы альпака!

Сёлета ў двух сталічных гандлёва-забаўляльных цэнтрах адкрыюцца першыя ў краіне кантактныя заапаркі. На папулярныя пытанні адказвае менеджар па развіцці сеткі кантактных заапаркаў «Краіна Яноція» Юрый КАНАПЛЁЎ.

— У чым фішка кантактнага заапарка?

— Магчымасць тактыльнага кантакту з жывёлай, які адбываецца пад кантролем наглядчыкаў. Дарэчы, гэты тып заапаркаў шырока прадстаўлены ў свеце. Звычайна яны размяшчаюцца ў людных месцах — у першую чаргу, у гандлёвых і гандлёва-забаўляльных цэнтрах.

— Што можна будзе рабіць з жывёламі?

— Дазволім карміць, гладзіць, прычэсваць. Супрацоўнікі заапарка дапамогуць дзецям і дарослым наладзіць кантакт з жывёламі і патлумачаць, як правільна іх даглядаць. Гвалту мы не дапусцім. Перад візітам наведвальнікі абавязкова азнаёмяцца з правіламі па тэхніцы бяспекі.

— З якімі жывёламі зможам кантактаваць?

— У кожным заапарку будзе каля 20-25 відаў звяроў і птушак, амаль усе яны кантактныя. У адкрытых вальерах гасцей сустрэнуць поні, камерунскія козы, авечкі, альпакі. Непадалёк ад іх будуць знаходзіцца марскія свінкі, трусы, вавёркі, капібары, малпы (макакі і капуцыны), кенгуру, лемуры, янотападобныя сабакі, афрыканскія вожыкі. З птушак — качкі-мандарынкі, лебедзі, дэкаратыўныя куры, хвалістыя папугайчыкі, какарыкі, амадзіны. «Тварам» заапарка стануць яноты — насухі і паласкуны.

— Якія ўмовы ўтрымання жывёл у кантактным заапарку?

— Перад тым, як трапіць у кантактны заапарк, жывёлы пройдуць спецыяльны адаптацыйны перыяд. Усе яны прышчэплены і народжаны не ў дзікай прыродзе, таму не лічацца небяспечнымі для чалавека. Кожны звярынец будзе мець абмежаванне на адначасовую колькасць наведвальнікаў, што забяспечыць камфотныя ўмовы як для жыхароў заапарка, так і для яго гасцей.

30-20

фота Анатоля Клешчука

• Майце на ўвазе

Не нашкодзь!

Што рабіць, калі вы заўважылі дзікую жывёлу ў гарадскім асяроддзі? Каментуе намеснік кіраўніка аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем земляў, лясоў, жывёльнага і расліннага свету Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Таццяна ШАМЯНКОВА:

— Калі вы ўбачылі параненую дзікую жывёлу на вуліцы — калі ласка, не чапайце яе, а лепш як мага хутчэй апавясціце спецыялістаў. Не памыліцеся, калі патэлефануеце ў міліцыю, Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў альбо Мінскую лесапаркавую гаспадарку. На месца прыедзе камісія, якая абследуе жывёлу і вырашыць, як быць далей. У выпадку, калі здарылася дарожна-транспартнае здарэнне — напрыклад, вы збілі аленяня — выклікайце ДАІ.

[caption id="attachment_89845" align="alignnone" width="200"] Фота Аляксандра Шаблюка
Фота Аляксандра Шаблюка[/caption]

— Які штраф можна атрымаць за тое, што забраў жывёлу дадому?

— Згодна з Кодэксам РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях, за ўтрыманне чырванакніжніка могуць выпісаць штраф да 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў). Калі жывёла не адносіцца да рэдкага ці ахоўнага віду, максімальны штраф для фізічнай асобы можа скласці да 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў).

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Ці можна піць ваду з-пад крана? Якія таямніцы ўтойвае калодзеж? Як ачысціць ваду ад нітратаў? Чакаем вашых пытанняў па тэме «якасць вады», якую разгледзім у наступным выпуску «Каранёў і крон».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».