Вы тут

Пагроза ад «сярэбранай вады»


Як выкінутая не ў спецыяльны кантэйнер батарэйка можа паўплываць на развіццё вашага дзіцяці.

Тыдзень таму ў Брэсце пры правядзенні земляных работ мясцовы жыхар выкапаў эмаляваны чайнік,
у якім знаходзілася гумавая колба з рэчывам, падобным на ртуць.

Падчас даставання ёмістасці вадкі метал праліўся на плошчу каля 0,1 м2. Дзякуючы работнікам МНС, якія правялі дэмеркурызацыю і сабралі каля 25 грамаў разлітага рэчыва, забруджвання наваколля і атручвання парамі ўдалося пазбегнуць. Агульная вага адкапанага металу склаў каля аднаго кілаграма...

Апошнім часам ртутныя знаходкі, на жаль, перасталі быць рэдкасцю. Прычыны ўзнікнення такіх «скарбаў» — тэма для асобнага расследавання. Але галоўная праблема, што закапаная ці выкінутая ртуць можа стаць прычынай сур'ёзных экалагічных праблем.

30-32

Што такое ртуць?

У перакладзе з грэчаскай мовы назва гэтага рэчыва гучыць як «сярэбраная вада» ці «вадкае серабро». Ртуць уяўляе сабой цяжкую серабрыста-белую вадкасць, пары якой надзвычай ядавітыя. Гэта адзіны метал, які пры нармальных умовах знаходзіцца ў вадкім агрэгатным стане. У прыродзе сустракаецца ў выглядзе прымесі ў многіх горных пародах, уключаючы граніт і сланцы, а таксама прысутнічае ў больш высокіх канцэнтрацыях у некаторых мінералах (напрыклад, кінавар).

У прамысловасці яе злучэнні прымяняюцца для вырабу вымяральных прыбораў (у тым ліку і медыцынскіх тэрмометраў), вакуумных помпаў. Парамі ртуці напаўняюцца ртутна-кварцавыя і люмінесцэнтныя лямпы.

Таемны вораг

Аднойчы трапіўшы ў навакольнае асяроддзе, ртуць застаецца ў ім назаўсёды. Гэты метал здольны перамяшчацца праз ваду і паветра на вялікія адлегласці, па харчовым ланцужку пераходзячы ад адных жывых арганізмаў да іншых.

Трапляючы ў глебу ці асадкавыя адклады, пад уплывам бактэрый ртуць ператвараецца ў метылртуць — сваю самую высокатаксічную форму. Метылртуць біяакумулюецца ў планктоне, марской і рачной рыбе і млекакормячых.

Па словах загадчыцы лабараторыі прафілактычнай і экалагічнай таксікалогіі РУП «Навукова-практычны цэнтр гігіены» Ірыны Іллюковай, найбольш назапашваюць шкоднае рэчыва драпежныя марскія і прэснаводныя рыбы, а таксама розныя морапрадукты — вустрыцы, малюскі, крэветкі.

Цяжарным жанчынам, а таксама маладым кормячым мамам есці такія прадукты катэгарычна нельга. Ртуць здольная пранікаць праз плацэнтарны бар'ер, перадавацца дзіцяці разам з малаком і пашкоджваць яго нервовую сістэму. Гіперактыўнасць, парушэнне кагнітыўных функцый (памяці, успрымання, мовы), дробнай маторыкі і зрокава-рухальнай каардынацыі, раздражняльнасць, няўседлівасць — прычынай гэтых парушэнняў у дзіцяці можа стаць менавіта ўздзеянне ртуці.

У арганізм чалавека яна таксама можа трапіць і праз некаторыя прышчэпкі, дзе ртуць выкарыстоўваецца ў якасці кансервантаў, а таксама аэразольным шляхам у прамысловай сферы.

Асноўныя прыкметы вострага атручвання ртуццю: галаўны боль, нарастанне неўралагічных сімптомаў, кроў у мачы.

e8a

Праблема для ўсёй планеты

У 2013 годзе была прынятая Мінамацкая канвенцыя па ртуці — міждзяржаўны дагавор, накіраваны на ахову здароўя людзей і навакольнага асяроддзя ад антрапагенных выкідаў і вызваленняў ртуці і яе злучэнняў. Праз год гэты міжнародны дакумент падпісала і Беларусь.

Згодна з ім, Бакі Канвенцыі павінны прымаць шэраг мер па прадухіленні выкідаў ртуці ў атмасфернае паветра, зняцці з вытворчасці пэўных вырабаў, якія змяшчаюць ртуць, укараненні тэхналогій па экалагічна бяспечным абыходжанні з іх адходамі.

Так, да 2020 года прадукцыя, якая змяшчае ртуць ці яе злучэнні (медыцынскія тэрмометры, прыборы для вымярэння артэрыяльнага ціску, барометры і іншыя вымяральныя прыборы, люмінесцэнтныя лямпы, акумулятары, амальгамы ў стаматалогіі, а таксама некаторыя віды мыла і касметыкі), павінна быць знята з вытворчасці і з ужытку ва ўстановах.

Каб якасна выканаць гэтыя задачы, Беларусі і іншым краінам неабходна правесці інвентарызацыю ўсіх запасаў ртуці, крыніц яе імпарту і экспарту, вызначыць усе вытворчыя працэсы, у якіх прымяняецца ртуць або ртутныя злучэнні, выявіць участкі, забруджаныя ртуццю, вызначыць колькасць і крыніцы ртутных адходаў і многае іншае.

Паводле ацэнак вучоных, у атмасфернае паветра Беларусі ртуць паступае ў асноўным з-за мяжы (з тэрыторыі прыкладна 26 краін). Толькі каля 18% з агульнай колькасці выкідаў ртуці (па звестках за 2013 год яны склалі 900 кг) прыпадае на мясцовыя крыніцы — аб'екты прамысловасці і будаўніцтва, энергетыкі і вытворчасці цяпла і вытворчасці металаў.

Адходы ртуці чакаюць... у крамах

Калі памяншэнне выкідаў ртуці — задача дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў, то праблема адходаў з ртуццю закранае інтарэсы кожнага жыхара краіны. Адходы ўтвараюцца ў асноўным за кошт некаторых тавараў спажывання — напрыклад, крыніц святла, элементаў сілкавання і ртутных тэрмометраў.

30-24

 

Сістэма іх збору ў нашай краіне толькі пачынае фарміравацца. Нягледзячы на гэта, сёння ў Беларусі дзейнічаюць некалькі заканадаўчых актаў, якія дапамагаюць зменшыць уздзеянне ртуці на навакольнае асяроддзе.

Дакументамі прадугледжана, што пра збор ртутных адходаў сёння павінны хвалявацца не толькі вытворцы і пастаўшчыкі тавараў, якія змяшчаюць ртуць, але і гандлёвыя арганізацыі па ўсёй краіне. Паводле слоў галоўнага спецыяліста прадпрыемства «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Сяргея Юрчы, зборам і перапрацоўкай люмінесцэнтных лямпаў займаюцца Брэсцкі электралямпавы завод, прадпрыемствы «Электратэхімпарт», «Экалогія-121», «БелВТІ», а таксама аб'екты гандлю, плошча якіх перавышае 400 м2.

Асобныя прадпрыемствы валодаюць тэхналогіямі абясшкоджвання ртуці ў электрычных лямпах — апошнія размолваюцца ў вакууме, пары люмінафору з іх сарбіруюцца спецыяльным рэчывам і ўжо абясшкоджаныя вывозяцца на захаванне.

Згодна з заканадаўствам, у кожным рознічным гандлёвым аб'екце плошчай звыш 100 м2 таксама павінны збірацца і элементы сілкавання з ртуццю (батарэйкі), а потым перадавацца на захаванне ў спецыялізаваныя арганізацыі. На жаль, пакуль не вырашана пытанне наконт далейшага лёсу гэтых небяспечных адходаў — будаваць свой перапрацоўчы комплекс ці вывозіць іх за мяжу.

30-23

Небяспека побач

Амаль кожны дзень на пульты цэнтраў аператыўнага ўпраўлення МНС прыходзяць званкі аб разбітым градусніку — яны складаюць абсалютную большасць выклікаў спецыялістаў службы хімічнай і радыяцыйнай абароны.

Сёння многія ведаюць, што нават 1-2 грамы ртуці, якія звычайна змяшчаюцца ў тэрмометры, здольныя прынесці сур'ёзную шкоду здароўю, асабліва дзецям і жывёлам. «Злавіць» металічнага «ўцекача» дапаможа механічная дэмеркурызацыя — збор асколкаў разбітага тэрмометра і бачных часцінак ртуці. Пасля трэба правесці вільготную прыборку з мыльным растворам і старанна праветрыць памяшканне. Калі ртуць патрапіла ў цяжкадаступныя месцы, без хімічнай апрацоўкі з дапамогай розных рэагентаў (выконваецца толькі спецыялістамі) не абысціся.

Асноўная праблема ў гэтай сферы — для адходаў з ртуццю пакуль няма спецыялізаваных пунктаў збору. Ртуць (як сабраная падчас дэмеркурызацыі, так і самастойна прынесеная насельніцтвам) сёння ў асноўным акумулюецца ў падраздзяленнях МНС. Але дзейным заканадаўствам іх захоўванне ў пажарных частках не прадугледжана, а значыць, не вылучаюцца сродкі на арганізацыю гэтай працы. І, каб перадаць яе на спецыялізаваныя палігоны або прадпрыемствы, спецыялістам Цэнтра хімічнай і радыяцыйнай абароны даводзіцца адшукваць уласныя рэзервы. У ААТ «Белколермет» грамадзяне могуць здаць толькі чыстую ртуць (змяшчаецца ў зламаных і маральна састарэлых прыборах).

— Магчыма, варта падумаць аб стварэнні пунктаў збору і захоўвання ртутных адходаў на базе нарыхтоўчых пунктаў, — лічыць начальнік Цэнтра хімічнай і радыяцыйнай абароны Васіль Шалепін. — Колькасць выклікаў з-за пабітых тэрмометраў не скарачаецца — людзі ўсё больш сур'ёзна ставяцца да гэтай праблемы і імкнуцца пазбавіцца ад шкоднага ўздзеяння. І каб тэрмометры не выкідваліся разам з бытавым смеццем, трэба арганізаваць сістэму іх збору ў насельніцтва.

У Беларусі перапрацоўкай тэрмометраў ад арганізацый і юрыдычных асоб займаюцца толькі два прадпрыемствы — «Гродна Азот» і Брэсцкі электралямпавы завод. Магчыма, пры стварэнні вышэйназванай сістэмы там будзе абясшкоджвацца і ртуць з нашых тэрмометраў.

Але пакуль гэтыя праблемы спрабуюць вырашыць на дзяржаўным узроўні, свой унёсак ужо павінны рабіць звычайныя людзі. Якім чынам? Купляць не звычайныя, а электронныя тэрмометры, якія не змяшчаюць ртуці. Выклікаць спецыялістаў ці самастойна заносіць сабраны метал (выконваючы ўсе рэкамендацыі) з разбітых градуснікаў у падраздзяленні МНС. Не выкідаць люмінесцэнтныя лямпы і батарэйкі разам з іншымі адходамі, а класці іх у спецыяльныя кантэйнеры ў крамах і іншых месцах. А галоўнае, разумець, што толькі ўвага і насцярожанасць да гэтага каварнага рэчыва дапаможа пазбегчы сур'ёзных праблем.

Вераніка КОЛАСАВА.

kolasava@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.