Вы тут

Выратаваць шыціка


Збіраючыся паставіць палатку на беразе рачулкі, варта пацікавіцца, ці не з'яўляецца яна помнікам рэспубліканскага значэння.

Паводле пастаноў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці аб'яўлена 8 новых гідралагічных помнікаў рэспубліканскага значэння: «Быстрыца-1», «Быстрыца-2», «Клевацішкі», «Вір», «Падуб'е», «Сянканка», «Тартак», «Халодны ручай», у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці помнікамі прыроды сталі пяць біятопаў: «Вялікі Балцікскі», «Куельскі», «Купа», «Млын», «Нарачанскі падводны». Дакументы ўступаюць у сілу 1 ліпеня 2015 года.

Навукова-даследчая праца па абследаванні і правядзенні экспертнай ацэнкі біятопаў, праведзеная спецыялістамі па біярэсурсах, выявіла ўнікальнасць і прыродную каштоўнасць біятопаў у даліне ракі Вілія і на Мядзельшчыне.

Так, біятопы Астравеччыны — гэта ўчасткі рэдкага для Беларусі ледавікова-градавага ландшафту, які захаваўся ў натуральным стане, з характэрнымі формамі рэльефу ледавіковага і водна-ледавіковага паходжання.

— У раўнінных вадацёках, ручаях, поймавых крынічных сістэмах рэк выяўлены шэраг гідрабіёнтаў (жывых арганізмаў, што насяляюць воднае асяроддзе) — як звычайных, так і рэдкіх, у тым ліку бакаплаў Sуnurеllа аmbulаnсе, уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, і новы від шыцікаў Hуdrорsусhе sахоnіса, — расказвае кансультант аддзела земляў і ландшафтаў Мінпрыроды Ала Грынчык. — Ядро фаўны гэтых помнікаў прыроды ўтвараюць віды, якія з'яўляюцца індыкатарамі чысціні вод і важным кампанентам агульнай біялагічнай разнастайнасці вадаёмаў Беларусі.

[caption id="attachment_89864" align="alignnone" width="600"]фота Анатоля Клешчука фота Анатоля Клешчука[/caption]

Біятопы Мядзельшчыны, аб'яўленыя гідралагічнымі помнікамі прыроды, уяўляюць сабой прыклад пойменных крынічных сістэм геамарфалагічнай вобласці Нарачанскай водна-ледавіковай раўніны з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі, якія захаваліся ў добрым экалагічным стане.

Паводле слоў спецыялістаў, у мясцовых крыніцах і ручаях жывуць 13 відаў гідрабіёнтаў, большасць з якіх рэдкія для Беларусі. Іх наяўнасць сведчыць пра добры экалагічны стан водных экасістэм.

Акрамя таго, з дна возера Нарач простым вокам можна назіраць падводныя выхады крынічных вод — асноўны і спадарожныя грыфоны помніка прыроды «Нарачанскі падводны». На другіх прыродных аб'ектах такая ўдача выпадае даволі рэдка.

Крыніцы — адны з найбольш уразлівых прыродных аб'ектаў і важныя кампаненты прыроднага асяроддзя Беларусі. І высокая ступень антрапагеннай нагрузкі, у тым ліку падчас гаспадарчай дзейнасці, зніжэнне ўзроўню грунтавых вод і іншыя праблемы могуць стаць прычынамі дэградацыі і знішчэння біятопаў. Таму ў іх межах пастановай прадугледжана ўстанавіць рэжым аховы і выкарыстання помнікаў прыроды.

Так, на тэрыторыях забараняюцца: штучная змена рэчышча, разбурэнне берагоў і поймы вадацёкаў; правядзенне работ, якія могуць пацягнуць забруджванне, засмечванне, спусташэнне водных аб'ектаў і (або) змяненне хімічнага саставу вод; размяшчэнне адходаў; правядзенне некаторых відаў высечак; выпас і прагон сельскагаспадарчых жывёл; стаянка і мыццё механічных транспартных сродкаў; размяшчэнне асобных палатак і палатачных гарадкоў, іншых абсталяваных зон і месцаў адпачынку, турыстычных стаянак, правядзенне масавых мерапрыемстваў; спальванне парубачных рэшткаў пры правядзенні лесасечных работ і іншых работ па выдаленні дрэў і кустоў; узвядзенне, рэканструкцыя аб'ектаў будаўніцтва, за выключэннем работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі і ўладкаванні экалагічных сцежак; іншая дзейнасць, якая можа нанесці шкоду біятопам.

Вераніка Коласава. 
kolasava@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.