Вы тут

Як зарабіць у інтэрнэце?


30-31

Лёгкіх грошай не бывае нават у інтэрнэце

Наведваючы сеціва, часта можна заў-важыць аб'явы, што абяцаюць бязмежныя заробкі, якія можна атрымаць не выходзячы з хаты. Прычым прапановы вагаюцца ад 2-3 сотняў долараў за месяц да 10 тысяч і вышэй. Працу прапануюць нават для людзей без вопыту, без спецыфічных навыкаў і грашовых укладанняў. А ці сапраўды рэальна зарабіць у сеціве? Ці бяспечна гэта? Як зарабляць там стабільна? Без сумненняў, інтэрнэт — гэта велізарнае павуцінне інфармацыі і магчымасцяў. Расказаць пра ўсе віды інтэрнэт-заробкаў у адным артыкуле не атрымаецца, але вось асноўныя прапановы разгледзець магчыма.

Не хочаш працаваць на «дзядзьку»? Хочаш раскрыць свой патэнцыял? Ёсць жаданне больш часу праводзіць з сям'ёй і працаваць дома? А таксама +100500 іншых пытанняў, якімі пераконваюць працаваць у інтэрнэце. Пачнем з таго, як можна зарабляць у сеціве без спецыяльных навыкаў. Шмат хто кажа, што гэта магчыма. Ёсць і папулярныя спосабы.

Сацсетка

Існуюць сайты, якія дазваляюць людзям з вялікай колькасцю падпісчыкаў і сяброў у сацсетках зарабляць на сваіх старонках ці групах. Для тых, у каго мала сяброў, ёсць спецыяльныя праграмы «накруткі», якія павялічваюць іх колькасць у некалькі разоў. Далей можна размяшчаць рэкламу, відэа, лайкаць і каментаваць пасты, падпісвацца на іншыя групы і за гэта мець невялікі прыбытак, які будзе прыходзіць на загадзя зарэгістраваны інтэрнэт-кашалёк.

Капча

Капча — гэта карцінка, на якой намаляваныя «размытыя» лічбы і літары, распазнаць якія і ўвесці ў радок можа толькі чалавек. Зроблена гэта для таго, каб пазбавіцца ад надакучлівых праграм-робатаў, якія спамяць і аўтаматычна рэгіструюцца на сайтах. Дык вось, на гэтым таксама можна зарабляць (калі вы, вядома, самі не робат). Зарабіць гэтым спосабам можа кожны, без асаблівай падрыхтоўкі і адукацыі. Але лёгкім гэты від заробку назваць нельга, бо ён патрабуе пастаяннай засяроджанасці. У асноўным заробак на ўводзе капчы распаўсюджаны ў краінах трэцяга свету, тады як для краін СНД гэты заробак хіба што пакрые выдаткі на інтэрнэт.

Платныя апытанні

Гэта ў першую чаргу маркетынгавыя і сацыялагічныя даследаванні ў інтэрнэце, накіраваныя на вывучэнне попыту на той ці іншы від тавару або паслуг. Сутнасць заробку на платных апытаннях складаецца ў тым, што вам на паштовую скрыню будуць дасылаць анкеты, якія вы павінны запоўніць. За кожнае апытанне (анкету) вам будуць плаціць грошы. Кошт анкеты залежыць у асноўным ад яе памеру.

Клікі

Заробак на кліках заключаецца ў тым, што вы націскаеце на рэкламныя спасылкі, чытаеце платныя лісты, у якіх змяшчаюцца рэкламныя спасылкі, заходзіце на сайты рэкламадаўцы. Гэтым вы павялічваеце наведванне іх сайтаў — за што вам і плацяць. Заробак на кліках не патрабуе пэўных навыкаў і з'яўляецца не самым прыбытковым.

Інтэрнэт выкарыстоўваюць усе фірмы і брэнды, каб пашырыць геаграфію сваіх спажыўцоў. Бо вельмі зручна стварыць старонку, якая будзе з'яўляцца каталогам для вашай прадукцыі. З'явіліся і інтэрнэт-крамы, у якіх няма плошчаў для вітрын, але ёсць сайт, дзе ўсё можна дэталёва разгледзець. Аднак на гэтым прымяненне сусветнага сеціва для заробку не заканчваецца. Ёсць людзі, якія валодаюць навыкамі, запатрабаванымі ў сусветным павуцінні. Таксама ёсць і тыя, хто гатовы ўкласці свае грошы, каб у перспектыве атрымаць прыбытак. Для іх тут таксама адкрываюцца ўнікальныя магчымасці.

Фрылансеры

Дызайнеры, фатографы, капірайтары і праграмісты — людзі, якія валодаюць спецыфічнымі навыкамі. Для іх заўсёды ёсць праца ў інтэрнэце. Напрыклад, што тычыцца капірайту (напісанне артыкулаў і тэкстаў за грошы), то гэта з'яўляецца адным з самых прыбытковых спосабаў заробку ў сеціве. Прынцып вельмі просты: вы пішаце артыкул на любую тэму і затым прадаяце яго ці пішаце пад заказ. Існуюць спецыяльныя сайты, дзе вы можаце прадаць свае працы або ўзяць заказ — яны называюцца біржы артыкулаў. Заробак залежыць ад аб'ёму і якасці.

Стаўкі і покер

У інтэрнэт даўно перанесліся азартныя гульні і таталізатары. Тут рэальна магчыма рабіць стаўкі на спорце або гуляць у покер, займацца гандлем на Форэксе. Дарэчы менавіта ў покер беларусы неаднаразова выйгравалі вельмі вялікія сумы.

Блогі

Калі ёсць навыкі і ідэя, можна ствараць блогі, на якіх потым размяшчаецца рэклама, што прыносіць прыбытак уладальніку. Для яго «раскручвання» трэба знайсці сваю аўдыторыю і тэматычнае напаўненне. Калі гэта тычыцца відэа, то ўменне працаваць на камеру і навыкі мантажу будуць вельмі дарэчы.

Не застацца ў мінусе

Ясна, што відаў заробку ў інтэрнэце досыць шмат. Але якія з іх з'яўляюцца бяспечнымі? Бо махляроў значна больш, чым спосабаў зарабіць. Для таго, каб гэта зразумець, трэба ўсё выпрабаваць на сабе. Ну ці пагутарыць з чалавекам, які шмат што паспеў паспрабаваць. Знайсці такога знаёмага было досыць складана. Нас звёў інтэрнэт. Яўген у свае 20 гадоў ужо паспеў зразумець многія фінансавыя тонкасці інтэрнэту: ад сеткавага маркетынгу да гандлю на Форэксе.

«Першае, з чаго пачалося маё знаёмства з заробкам у інтэрнэце — гэта рознага роду кампаніі сеткавага маркетынгу, якія займаліся продажам свайго прадукту. Але ў большасці выпадкаў гэта былі звычайныя фінансавыя піраміды. А там правіла вельмі простае — хто апошні, той і ў мінусе», — падзяліўся ён.

Яўген таксама расказаў, што меў справу і з махлярамі. Схемы многіх разумеў і абыходзіў, аднак без першага сумнага досведу не абышлося. Такія людзі звычайна знаходзяць свае «ахвяры» праз сацыяльныя сеткі.

«Махляр прапаноўваў заробак ад 100 долараў да дзвюх тысяч за дзень. Лічбы, вядома, нерэальныя, але мне стала цікава. Я думаў, што зразумею схему з яго тлумачэнняў і нічога не страчу. Праца была заснавана на аплатнай сістэме Реrfесt mоnеу, якую ў ЗША, дарэчы, закрылі, бо яна з'яўляецца самай папулярнай для аперацый з фінансавымі пірамідамі. Махляр расказаў прынцып працы ўнутры свайго кашалька і прапаноўваў аформіць куплю ваўчара (з чым я раней не быў знаёмы). Усё рабілася праз «Скайп» з функцыяй дэманстрацыі экрана. У выніку я ўсё-ткі купіў ваўчар — гэта пісьмовы дакумент, які пацвярджае атрыманне тавару з персанальнымі звесткамі ўладальніка. У гэтым выпадку маімі. Ён паспеў іх убачыць і абнавіў мае грошы сабе. Далей заблакаваў сваю старонку ў сацсетцы і знік. Гэта абышлося мне у 200 долараў. Не шмат, але непрыемна. Гэта ўрок, які даказвае што «лёгкіх грошай» не бывае», — растлумачыў мой інтэрнэт-суразмоўца.

Махляры ціснуць у першую чаргу на балючае. А гэта, як правіла, жаданне хутка і шмат зарабіць, правесці больш часу з сям'ёй, не працаваць на «дзядзьку», больш падарожнічаць. Гэтага нестае ўсім. Аднак далей лозунгаў справа не заходзіць. Людзі губляюць свае сродкі і час.

«Калі я ў самым пачатку спрабаваў зарабляць у інтэрнэце, я больш страціў, чым атрымаў у грашовым плане. На працы ў рэальнасці цяпер значна больш шанцаў быць пры грашах. У інтэрнэце, калі патрабуюцца вялікія інвестыцыі без асаблівых уменняў — гэта, як правіла, не варта таго. Калі вы распрацоўшчык і ў вас ёсць бізнес-ідэя — спрабуйце, інвестуйце. Але тут патрэбны навыкі праграміста і эканаміста. Звычайнаму чалавеку лепш падумаць заняцца прасоўваннем свайго блога або відэаблога», — падагульніў Яўген.

Сусветная павуціна — усё яшчэ дзікія джунглі, дзе выжывае наймацнейшы, а значыць, той, хто разумнейшы і больш ведае. Перад тым, як вырашыць зарабляць у інтэрнэце, варта ўлічыць усе рызыкі. Інакш можна застацца ў мінусе.

Ілья КРЫЖЭВІЧ.

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.