Вы тут

Адкуль пад Бярозай піранні?


Нядаўна амерыканскія вучоныя знайшлі ў Марыянскай упадзіне на глыбіні трох кіламетраў новыя віды марскіх жыхароў — бесхрыбетных, каралаў, рыб, большасць з якіх нагадвае прышэльцаў альбо монстраў. 

Мы вырашылі даведацца, як часта з'яўляюцца «пачвары» ў Беларусі?

[caption id="attachment_89844" align="alignnone" width="600"]30-18 Рэчыцкі «монстр» на паверку аказаўся акварыумнай рыбай — кальчужным сомам.[/caption]

Загадчык лабараторыі іхтыялогіі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Віктар РЫЗЕЎСКІ кажа, што часам людзі па ўласнай дурасці дапамагаюць «монстрам» распаўсюдзіцца. Свежы выпадак: сёлета ў сярэдзіне чэрвеня ў рэчыцкай сажалцы рыбакі вылавілі невядомую рыбу. На паверку прышэльцам аказаўся кальчужны сом — папулярны акварыумны від. Верагодна, нядбайны ўладальнік вырашыў пазбавіцца ад рыбы (сом дарастае да 50 см у даўжыню) і не прыдумаў нічога лепшага, як ціхенька выкінуць яе ў самы блізкі вадаём. Сама злавілі, але на патэльню не адправілі — пабаяліся (вельмі страшны на выгляд). І гэта не адзіны прыклад, калі акварыумныя жыхары трапляюць на вуду. Некалькі гадоў таму на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў Сергучоўскім канале вылавілі панцырнага шчупака, а ў вадаёме Бярозаўскай ГРЭС дык ўвогуле завяліся піранні. Адкуль яны ў нас? Хтосьці вырашыў сваімі сіламі «зарыбіць» вадаём. Добра, што ўсе вышэйпералічаныя віды не здолелі прыжыцца ў нашых умовах. Аднак ёсць і такія мігранты з акварыумаў, што прапісваюцца на новых тэрыторыях надоўга, а распаўсюджваюцца вельмі хутка. Адзін з іх — ратан-галавешка, невялікая рыбка, родам з Далёкага Усходу, якую многія аматары трымаюць у акварыуме. Яна лічыцца самай агрэсіўнай сярод рыб-прыжывал Беларусі. У 1972 годзе «галавешку» ўпершыню заўважылі ў адным з мінскіх вадаёмаў, а сёння прышэлец распаўсюдзіўся па ўсёй тэрыторыі краіны.

[caption id="attachment_89828" align="alignnone" width="600"]пірання У вадаёме Бярозаўскай ГРЭС нечакана
з'явіліся піранні.[/caption]

— Ратан не пераборлівы, ён з'ядае ўсё, нават маленькіх прадстаўнікоў свайго віду, — расказвае Віктар Казіміравіч. — Жыве ў прыбярэжнай зоне. Калі трапляе ў сажалку, дзе гадуюць карпа альбо карася, можа значна нашкодзіць — з'есць малькоў.

Ёсць таксама віды, якія трапілі да нас самастойна, без дапамогі чалавека. Так, у 2007 годзе ўпершыню ў Беларусі быў заўважаны бычок-цуцык. Праз год зафіксавалі яшчэ два новыя для краіны віды — іголку-рыбу чарнаморскую пухлашчокую і колюшку малую паўднёвую. Яны добра прыжыліся ў Беларусі, самі трапілі да нас. А вось чабачок амурскі трапіў у нашы акваторыі выпадкова: яго прывезлі разам з пасадачным матэрыялам для таўсталобіка і белага амура — папросту не заўважылі малькоў. Ён трапіў у Пціч і пачаў сваё шэсце па нашых водах.

Сёння ў Беларусі налічваецца 18 новых відаў рыб.

— Здаецца, відаў становіцца больш, але сваёй, абарыгеннай, прамыслова каштоўнай рыбы паменшала, — адзначае навуковец.

Кацярына РАДЗЮК.

radziuk@zviazda.by

фота Віктара Рызеўскага 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.