Вы тут

Яе Вялікасць Папараць


Каму шанцавала адшукаць папараць-кветку? Навука сцвярджае, што такое немагчыма, бо расліна размнажаецца спорамі. Аднак калі вы ўбачыце чыставуст велічны, то хаця б часткова паверыце ў гэты міф. Спораносная частка ліста бурага колеру здалёк нагадвае кветку-мяцёлку альбо... карону (дарэчы, навуковая лацінская назва гэтага віду Osmunda regalіs — папараць каралеўская, англійскае «імя» — «flowerіng fern» — перакладаецца як папараць, якая цвіце).

30-15

У Беларусі від знаходзіцца пад пагрозай знікнення і мае міжнародны статус аховы. Сустрэць яго ў дзікіх умовах у нашых лясах можна толькі ў адным месцы — каля вёскі Тамашоўка Брэсцкага раёна. У папуляцыі налічваецца прыкладна чатыры сотні раслін, а самыя вялікія экзэмпляры дасягаюць паўтара метра ў вышыню. Ва ўсёй Усходняй Еўропе гэта адзінае месца, дзе расце чыставуст велічны. Убачыць каралеўскую папараць можна і ў калекцыі рэдкіх раслін Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі.

— Чыставуст каралеўскі не адносіцца да беларускай флоры. Гэта рэліктавы від, нашчадак раслін, якія панавалі на ўсіх кантынентах планеты ў далёкім мезазоі (ён скончыўся 65 мільёнаў гадоў таму), — расказвае навуковы супрацоўнік лабараторыі біяразнастайнасці раслінных рэсурсаў Алеся КРУЧОНАК. — Арэал асмунды рваны: тэрыторыі Заходняй Еўропы, Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа, Паўночная і Паўднёвая Амерыка, Паўднёва-Заходняя Індыя. «Каралевіч» селіцца ў забалочаных вільготных шырокалістых лясах, на тарфяных багнах.

Век мнагалетніка доўгі. Вучоныя назіралі ў іншых відаў гэтага роду папараці такую з'яву, як «ведзьміны кольцы» (кола парцыяльных (адасобленых) атожылкаў), якое налічвала каля 300 гадоў.

Для захавання каралеўскай папараці ў беларускіх умовах расліну неабходна зберагаць і разводзіць у батанічных садах. Дзікія месцы, дзе селіцца рэдкі від, варта абмяжоўваць ад антрапагеннага ўплыву: там нельга праводзіць меліярацыйныя мерапрыемствы, пакосы, рубкі лесу.

Клас: Папаратнікавыя (Polypodіopsіda)

Сямейства: Чыставуставыя (Osmundales)

Род: Чыставуст (Osmunda)

Від: Чыставуст велічны, ці каралеўскі (Osmunda regalіs)

Кацярына РАДЗЮК.

radziuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.