Вы тут

Замест клуба — на вулічны баскетбол


Якую альтэрнатыву прапануюць моладзі сталічныя ўлады.

Ці нармалізавалася сітуацыя з правапарушэннямі ў начных клубах? Хто трапіць у льготныя электронныя чэргі ў паліклініках? Якія мерапрыемствы варта наведаць у летні сезон у Мінску? На гэтыя пытанні «Звяздзе» адказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар КАРПЕНКА.

30-50

— Ігар Васільевіч, яшчэ зімой вы выказвалі намер «навесці парадак» у сталічных начных клубах. Ці праводзяцца нейкія мерапрыемствы па гэтым пытанні?

— У пачатку года адбылася сустрэча кіраўніцтва горада і ўладальнікаў забаўляльных устаноў. Пасля яе службамі Мінгарвыканкама вядзецца сістэмная праца па дзейнасці такіх арганізацый. Планавыя праверкі начных клубаў у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 510 «Аб арганізацыі кантрольнай (нагляднай) дзейнасці» ў першым паўгоддзі праведзены на тэрыторыі Першамайскага раёна, а ў другім паўгоддзі запланаваны ў Цэнтральным раёне.

Працягнула працу гарадская рабочая група па кантролі за дзейнасцю начных клубаў і дыскатэк, а таксама раённыя камісіі, што кантралююць гэты від дзейнасці. Сфарміраваны пералік арганізацый, якія сістэматычна дапускаюць парушэнні ў сваёй працы (клуб «Піраты», клуб «Рэпаблік», ТАА «Зорная містэрыя», клуб «Графіці», кавярня «Лісіная нара» і іншыя). Гэтыя парушэнні датычацца і санітарна-эпідэміялагічных нормаў, і мерапрыемстваў па забеспячэнні пажарнай бяспекі, і парушэнняў заканадаўства ў гастрольна-канцэртнай сферы. Многія нядобрасумленныя ўдзельнікі гэтага спіса трапляюць у яго па выніках праведзенага маніторынгу, а таксама ў сувязі са шматлікімі скаргамі з боку насельніцтва, на якія гарадскія службы аператыўна рэагуюць.

Сёння ў названым пераліку арганізацый не больш за дзясятак назваў, і на гэтыя ўстановы, вядома, скіравана пільная ўвага гарадскіх службаў. Сфарміраваны графік маніторынгу начных клубаў сталіцы на другое паўгоддзе 2015 года. Праца па кантролі за іх дзейнасцю будзе працягнутая.

Летась у месцах масавага адпачынку моладзі (на дыскатэках, у барах, начных клубах) выяўлена 77 злачынстваў, звязаных з незаконным абарачэннем наркотыкаў, з іх 20 цяжкіх і асабліва цяжкіх. Канфіскавана больш за 370 грамаў псіхатропных рэчываў, складзена больш за 120 адміністрацыйных пратаколаў. У канцы студзеня гэтага года ў Мінску быў перакрыты канал пастаўкі псіхатропных рэчываў з Расіі, які арганізоўваў дыджэй начнога клуба «К 3». Таксама летась у начных клубах былі затрыманы трое падлеткаў.

Цяпер камітэт па адукацыі сочыць за недапушчэннем наведвання начных забаўляльных устаноў асобамі, якім не споўнілася 18 гадоў. Апроч таго, па начных клубах праводзяцца рэгулярныя рэйды, падчас якіх выяўляюцца нязначныя парушэнні правапарадку.

— Да канца года планавалася ва ўсіх сталічных паліклініках увесці сістэму электронных чэргаў. Як ідзе праца ў гэтым кірунку?

— Для кіравання чэргамі пацыентаў плануецца ўкараненне сістэм электроннай чаргі ў 48 установах аховы здароўя амбулаторна-поліклінічнага тыпу. Цяпер ужо завяршаецца працэдура выбару пастаўшчыка абсталявання.

У якасці пілотнага праекта сістэма электроннай чаргі ўстаноўлена ў новай 39-й гарадской клінічнай паліклініцы па вул. Каралінскай, 3 (мікрараён Брылевічы) у клініка-дыягнастычнай лабараторыі. Электронная чарга падзяляе патокі дарослага і дзіцячага насельніцтва, якое здае агульны аналіз крыві. Кожны паток падзяляецца на агульны і льготны. У льготны ўваходзяць ветэраны, інваліды, шматдзетныя маці, донары, цяжарныя жанчыны. Пацыенты паліклінікі перад здачай аналізу крыві выбіраюць патрэбную паслугу і атрымліваюць талон з нумарам чаргі і кабінета здачы аналізу. Нумар чаргі адлюстроўваецца на электронным табло ў пакоі чакання пацыентаў, якія здаюць кроў. Пры гэтым лабарант, які ажыццяўляе забор крыві, толькі націскае кнопку выкліку пацыента. Пацыенты льготнай катэгорыі выклікаюцца па-за чаргой.

Ужо можна сказаць, што выкарыстанне электроннай чаргі наведвальнікі паліклінікі ацэньваюць станоўча, бо гэта выключае ўзнікненне канфліктных сітуацый сярод пацыентаў, скарачае час знаходжання пацыентаў у медыцынскай установе.

— Назавіце самыя яркія імпрэзы лета, якія могуць наведаць жыхары і госці сталіцы?

— Да 13 верасня кожную суботу і нядзелю на тэрыторыі Верхняга горада выступаюць тэатральныя, харэаграфічныя калектывы, праходзяць майстар-класы і выставы дэкаратыўна-прыкладнай творчасці і выяўленчага мастацтва, выступаюць артысты вулічных тэатраў, праходзяць выставы рамеснікаў і мастакоў, паказы з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, светлавыя перформансы, тэматычныя вечары харавой, джазавай і камернай інструментальнай музыкі.

Таксама кожную суботу летні музычна-турыстычны сезон пачынаецца гістарычнымі тэатралізаванымі паказамі ля Мінскай гарадской ратушы.

На заднім дворыку канцэртнай залы «Верхні горад» працуе танцавальная тэраса. Кожную пятніцу, суботу, нядзелю з 17.00 да 22.00 тут праходзяць танцавальныя вечары, майстар-класы, танцавальныя канцэрты.

Адміністрацыі раёнаў таксама кожную суботу з 13.00 да 18.00 рыхтуюць свае культурна-забаўляльныя праграмы, якія ўключаюць у сябе выставы, майстар-класы, выступы харэаграфічных, музычных калектываў раёнаў Мінска.

Апроч таго, па суботах у 16.00 на пляцоўцы каля Палаца спорту, дзе ўзімку заліваюць каток, праходзіць вулічны баскетбол. А 13 верасня летні сезон завершыцца гарадскім паўмарафонам.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

seradzyuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.