Вы тут

У Бабруйску сплялі вянок сяброўства


На фестывалі «Вянок дружбы-2015» можна было не толькі атрымаць асалоду ад выступлення самабытных творчых калектываў з розных краін, але і пакаштаваць «дырэктарскую» юшку, набыць эксклюзіўны сувенір і падпісацца на «Звязду».

Для газеты найперш прыемна, што кагорта нашых чытачоў хай на некалькі чалавек, але ж стала большай. Дзякуй усім тым, хто, нягледзячы на вельмі шчыльны графік мерапрыемстваў фестывалю, знайшлі хвілінку падысці да нашага століка і аддаць свой голас за родную газету на роднай мове. Спадзяёмся, што для нашых сяброў сустрэча з намі таксама стала прыемнай падзеяй. Бо ніхто не пайшоў ад нас без падарунка. Мы ж, у сваю чаргу, засталіся пад уражаннем ад гэтага цудоўнага свята народнай творчасці, якое на 4 дні захапіла ўвесь Бабруйск.

30-47

Адзін з яскравых момантаў — тэатральнае шэсце артыстаў у нацыянальных касцюмах. Рускія казакі, іспанскія кабальера, турэцкія янычары ішлі па горадзе, дэманструючы элементы сваіх нумароў.

Нельга ўявіць гэтае свята без традыцыйнага Горада майстроў. Калі сябе не кантраляваць, у яго шэрагах можна пакінуць месячны заробак. Вось і намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік таксама не змог утрымацца. Прызнаўся, што набыў сабе саламяны кошык і невялічкую бочачку для лазні. Акрамя горада майстроў, ён наведаў галерэі горада і застаўся ў захапленні ад выстаўкі мінералаў. Ну і, вядома, прыйшоў у захапленне ад таго канцэрта, які адбыўся падчас адкрыцця фестывалю.

— Наогул спадабалася ўсё, — запэўніў намеснік міністра культуры. Ён, дарэчы, наведаў і столік нашага выдавецкага дома. — Гэты фестываль дружбы збірае сапраўднае сузор'е народных творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Вельмі трапятліва да свята ставіцца кіраўніцтва горада. Вялікі дзякуй усім міністэрствам і ведамствам, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы фестывалю. Без іх мы б не змаглі вырашыць шэраг пытанняў. Ужо на адкрыцці было відаць, які высокі ўзровень у калектываў, якія прыслалі сюды краіны. Цікавы канцэрт, цікавая канцэпцыя адкрыцця фестывалю — гэта было 3 гадзіны падарожжаў па розных краінах і кантынентах. Тут прысутнічае не толькі Еўропа, але і Азія, Амерыка.

Прысутнасць афіцыйных дэлегацый з Расіі, Казахстана, Балгарыі, Латвіі, Славакіі, іншых краін сведчыла, што свята — не перашкода для рашэння дзелавых пытанняў. Яны паспелі не толькі наведаць шматлікія святочныя пляцоўкі, але і сустрэцца з кіраўнікамі буйных бабруйскіх прадпрыемстваў.

— Мы яшчэ не да канца раскрыліся ў сваіх узаемаадносінах, — адзначыў сакратар Усць-Каменагорскага масліхата Аляксандр Абакумаў падчас афіцыйнага прыёму дэлегацый у мастацкім музеі Бабруйска. — Гістарычна мы не можам адзін без аднаго. Быў час, калі кожны з нас, прэтэндуючы на арыгінальнасць, ішоў сваім шляхам. Але гісторыя так распараджаецца, каб мы зноў былі разам.

Дарэчы, сустрэцца з кіраўнікамі буйных бабруйскіх прадпрыемстваў можна было на адной з пляцовак свята, дзе яны частавалі смачнымі стравамі гараджан. Кошт быў умоўны, бо арганізатары паведамілі, што ўвесь збор пойдзе ў сацыяльныя прытулкі і дзіцячыя дамы. Таму кожны ахвяраваў, колькі мог.

— На пляцоўцы Бабруйскага жылкамгаса было прыгатавана 200 літраў юшкі і беларускага супу з бульбай. Усё з'елі. Атрыманыя сродкі будуць пералічаны ў Бабруйскі дзіцячы дом, — расказалі арганізатары дэгустацыі. — У гэтай добрай справе прынялі ўдзел дырэктары ўсіх 8 нашых структурных прадпрыемстваў. Стравы гатаваліся па рэцэптах кіраўнікоў, але расказаць іх мы вам не можам. Эксклюзіў. А тое, што ўсё з'едзена, сведчыць аб тым, што мы не дарэмна тут працавалі. Некаторыя ахвяравалі адразу 200 тысяч рублёў.

Нэлі ЗІГУЛЯ. zigulya@zviazda.by. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.