Вы тут

Узровень узаемнага гандлю нікога не задавальняе


 Парламентарыі Беларусі і Арменіі абмеркавалі план далейшага супрацоўніцтва, у першую чаргу, у гандлёва-эканамічнай сферы.

Учора парламенцкая дэлегацыя Рэспублікі Арменія сустрэлася з кіраўніцтвам абедзвюх палат беларускага парламента і ўзяла ўдзел у пасяджэнні Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве. Беларусь і Арменію аб'ядноўвае не толькі савецкае мінулае, агульная Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, але і сумеснае членства ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, АДКБ, удзел у праграме ЕС «Усходняе партнёрства», а з пачатку гэтага года яшчэ і саюзніцкія адносіны ў рамках ЕАЭС. Бадай, апошняе павінна найбольш за ўсё наблізіць нашы краіны ў будучыні, бо мэты інтэграцыйнага аб'яднання, якое нядаўна стартавала, — свабодны рух тавараў, капіталу, паслуг і працоўнай сілы паміж саюзнікамі. Тым не менш, статыстыка няўмольна дэманструе адмоўную дынаміку менавіта ў гандлёва-эканамічных стасунках паміж Арменіяй і Беларуссю ў апошні час. Таваразварот за чатыры месяцы гэтага года скараціўся амаль на 30% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага. Нягледзячы на станоўчае сальда, наш экспарт у гэту краіну здаў па ўсіх пазіцыях і склаў усяго толькі 6 мільёнаў долараў ЗША. — Гандлёвыя адносіны нашых краін апошнім часам не адпавядаюць магчымасцям, — са шкадаваннем канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з намеснікам старшыні Нацыянальнага сходу Арменіі Эдуардам Шармазанавым. — У нас ёсць шмат магчымасцей для ўзаемадзеяння — у сельскай гаспадарцы, па пастаўках тэхнікі, стварэнні прадпрыемстваў, адносна прамысловай кааперацыі. Мы гатовы пайсці на розныя захады ў плане лізінгавых паставак на тых умовах, якія будуць прымальныя для армянскага боку. На думку беларускага спікера, адным з варыянтаў паспяховага супрацоўніцтва таксама можа стаць праца на ўзроўні рэгіёнаў. Разам з тым палітычныя і гуманітарныя адносіны паміж Беларуссю і Арменіяй знаходзяцца на высокім узроўні. З гэтым пагаджаліся і прадстаўнікі армянскага парламента, і беларускі бок. Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што беларуска-армянскія адносіны маюць сістэмны характар. — Мы падтрымліваем адзін аднаго на міжнароднай арэне, — сказаў ён. — Напрыклад, беларускія і армянскія парламентарыі эфектыўна ўзаемадзейнічаюць у МПА СНД. У нас, на шчасце, няма прынцыповага рознагалосся, якое магло б негатыўна ўплываць на міждзяржаўныя адносіны. Стан і перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва былі першым і самым доўгім па часе абмеркавання пытаннем дзявятага пасяджэння Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Арменія. У пасяджэнні ўзялі таксама ўдзел старшыня беларускай часткі Міжурадавай Беларуска-Армянскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, міністр лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч і прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі і замежных спраў. Акрамя таго, парламентарыі дзвюх краін абмеркавалі міжнародныя стасункі і вынікі сумеснай работы па святкаванні 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. — У горадзе Брэсце 1 ліпеня мы, дзве парламенцкія дэлегацыі, ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыем памятны знак — Хачкар — воінам-армянам, якія загінулі пры абароне Брэсцкай крэпасці, — паведаміў журналістам Віктар Гумінскі. Па выніках пасяджэння Міжпарламенцкай камісіі было вырашана працягнуць работу па стварэнні ў армянскім горадзе Гюмры прадпрыемства па зборцы беларускай сельгастэхнікі з выхадам на рынак трэціх краін, а таксама стварэнне ў Арменіі сэрвісных цэнтраў па абслугоўванні ўжо купленых беларускіх трактароў. Былі агучаны таксама ідэі па прадстаўленні паслуг па перавозцы грузаў беларускімі кар'ернымі самазваламі на горна-ўзбагачальных камбінатах Арменіі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.