Вы тут

«Зайграй, Сонца!..»


1-17

У дні летняга сонцастаяння на нашай зямлі спрадвеку адзначалі Купалле — кульмінацыю гадавога кола, момант найвышэйшага росквіту прыродных сіл. Яго ўрачыста і весела святкавалі і моладзь, і старыя, радаваліся дням, калі кветкі валодаюць гаючымі ўласцівасцямі, і начам, поўным таямніц. У гэтыя купальскія вечары і ночы трэба паліць агонь і сустракаць світанак, назіраць, як «грае» сонца.

«Сягоння Купала,

Заўтра Ян!

Зайграй, сонца!

Зайграй нам!..»

1-21

У аграгарадку Ракаў пад Мінскам традыцыя адзначаць Купалу заведзена даўно. І ў нашы дні яна таксама працягваецца. Энтузіясты шчыруюць, стараюцца, каб, не дай Бог, яна не перарывалася, доўжылася і нагадвала ўсім і пра нашы карані, культуру, самабытнасць. Кожны год на беразе Іслачы збіраюцца сапраўдныя знаўцы купальскіх песень і з ахвотай прымаюць удзел ў гэтым відовішчным ігрышчы. Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алег Белы і Паліна Курановіч (на фота) — будучыя педагогі па народнай культуры і абрадах, таксама сустракалі самае адметнае летняе свята.

Не першы год я сустракаю макаўку лета (так гавораць пра Купалле) у старажытным Ракаве. Не я адзін — многія жыхары сталіцы імкнуцца сюды, у асяродак, у якім з такой пяшчотай шануюцца народныя песенныя і абрадавыя традыцыі. Рабіць здымкі — як рыхтуюцца і праводзяць дзейства ў ноч на Івана Купалу ракаўчане і госці мястэчка — адно задавальненне. Спачатку на лужку на беразе штучнага возера дзяўчаты збіраюць кветкі і плятуць вянкі, прымяраюць іх. У сваіх вышытых строях (а ў некаторых сарочкі і спадніцы дасталіся ад бабуль) яны красуюцца адна перад адной. Разам спяваюць песні (іх галасы далёка чуваць) — клічуць усіх на святкаванне. Садзіцца сонца, рослы хлопец бярэ ў рукі «ярылава сонца», паднімае над галавою, і страката-кветкавая працэсія праз вузенькія вулачкі накіроўваецца на галоўную ракаўскую плошчу, праходзіць пад мурамі і званіцай царквы, пад стромкімі вежамі касцёла, накіроўваецца праз іслацкі масток і ўзбіраецца на гарадзішча, праходзіць праз адмысловыя вароты. На ўваходзе ў замчышча сустракаюць гаспадар з запаленай паходняй і гаспадыня з пачастункам: «Сілкуйцеся, бо гуляць будзем да самага ранку, пакуль не ўзыдзе сонейка!»

1-20

Запальваюць вогнішча, і карагод пачынае рух па сонцу — спачатку павольна, а потым усё хутчэй і хутчэй — каб не трапіць пад кола, прымацаванае наверсе высокага бервяна ў цэнтры вогнішча.

А потым, да самага світання, — песні, скокі пад дуду, скрыпку, гармонік і бубен. Здаецца, не было канца гэтым танцам, весялосці, жартам; здавалася, нават самы сумны чалавек адчуваў сябе ў гэтыя хвіліны самым шчаслівым.

1-19

...І вось над Ракавам успыхваюць першыя промні, усе бягуць на высокі гарадзішчанскі вал — каб сустрэць купальскае сонца і разам спяваць:

«Ой, рана на Йвана,

Кругом-кругом сонца ходзя!

Ой, рана на Йвана,

На Купала сонца грала!..»

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

Валожынскі раён.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.