Вы тут

Чаго ні зробіш для кліента!


У Мінску паспяхова завяршыла работу рэгіянальная канферэнцыя па Стамбульскай сусветнай паштовай стратэгіі, арганізаваная Сусветным паштовым саюзам (СПС). 

На ёй кіраўнікі паштовых прадпрыемстваў і ведамстваў 22 краін абмеркавалі асноўныя мэты і прыярытэты сусветнай, а значыць і беларускай, пошты на 2017—2020 гады. У якіх кірунках яна будзе развівацца? Адказаць на гэта пытанне рэдакцыя папрасіла генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Ірыну Саксонаву.

1-27

— Асноўныя акцэнты робяцца на так званыя тры «і» — інавацыю, інтэграцыю, інклюзіўны падыход, — зазначыла Ірына Ігнатаўна. — Вызначаны таксама асноўныя напрамкі дзейнасці. Гэта, па-першае, удасканальванне ўзаемадзеяння інфраструктуры сусветнай паштовай сеткі, па-другое, садзейнічанне эфектыўнаму функцыянаванню паштовага рынку і, па-трэцяе, гарантаванне распрацоўкі эканамічна жыццяздольных і сучасных прадуктаў. Іншымі словамі, мяняецца час і ў адпаведнасці з ім, а таксама з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, павінны мадэрнізавацца традыцыйныя паштовыя паслугі.

Мінск, падкрэсліла Ірына Саксонава, у якасці пляцоўкі для правядзення такога важнага міжнароднага форуму быў выбраны не выпадкова. З боку СПС гэта было прызнаннем таго, што беларуская пошта і сапраўды сярод лідараў сусветных паштовых аператараў. Напрыклад, генеральны дырэктар Міжнароднага бюро СПС Бішар Хусейн вельмі ўразіўся высокім узроўнем арганізацыі паштовай сувязі і тым, як на беларускай пошце наладжана электронная камерцыя.

У нашай краіне, у прыватнасці, дзейнічае каля 10 тысяч інтэрнэт-крам, з якімі ў «Белпошты» заключаны дагаворы на дастаўку, а ў асобных выпадках — нават на ўпакоўку і фарміраванне паштовых заказаў-пасылак.

Да таго ж сёлета «Белпошта» адкрыла сваю паштовую інтэрнэт-краму, дзе, вядома ж, не толькі самы шырокі асартымент паштовых тавараў, але і каля 4 тысяч найменняў іншых — вырабленых на нашых айчынных прадпрыемствах. Гэта і складаная бытавая тэхніка, і адзенне, і абутак, і тавары для дзяцей... Попыт на ўсё імкліва расце, бо людзям зручна рабіць пакупкі, не выходзячы з дома, не ўстаючы з канапы.

— Мы — адпаведна — імкнёмся аптымізаваць лагістыку, пашырыць плошчы і, па магчымасці, не толькі ў Мінску ды іншых буйных гарадах арганізаваць так званую познюю дастаўку, для таго каб нашы кліенты з ліку тых, хто працуе, маглі атрымаць свае пасылкі дома ў 8, 9 гадзін вечара, — адзначыла Ірына Саксонава.

Апроч таго, наша пошта, як і пошты Бельгіі, Расіі, Канады, ЗША, бярэ ўдзел у пілотным праекце СПС па так званым спрошчаным экспарце тавараў.

У кожнай краіне ёсць прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу. Яны выпускаюць прадукцыю не такімі вялікімі партыямі, але пры гэтым іх вырабы цалкам канкурэнтаздольныя і могуць быць запатрабаванымі за мяжой. Праблема ў тым, што гэтыя вытворцы, як правіла, не маюць магчымасцяў зрабіць якасную рэкламу, прабіцца на замежны рынак.

Каб вырашыць гэту праблему, у Лацінскай Амерыцы ў сваім рэгіёне ўкаранілі схему «спрошчанага экспарту» ў выпадку перасылкі тавараў менавіта ў паштовых адпраўленнях. Гэта было ўхвалена мытнымі і гандлёвымі службамі, урадам краіны, і воз, што называецца, скрануўся. У выніку Лацінскай Амерыцы ўдалося актывізаваць таваразварот і экспарт, падняць імідж паштовых аператараў, а ўрэшце — істотна паўплываць на эканоміку.

— Калі казаць пра наш рэгіён, то чаму б кліенту з Расіі, які хоча нешта купіць у нашай інтэрнэт-краме, не даць такую магчымасць? Чаму б нашаму малому і сярэдняму бізнесу з дапамогай паштовай інтэрнэт-крамы таксама не выйсці са сваёй прадукцыяй за межы Беларусі? Карысць узаемная і відавочная! — лічыць Ірына Саксонава. — Рэалізаваць праект, нягледзячы на ўсе складанасці, мы мяркуем у наступным годзе.

А пакуль прадпрыемства імкнецца паскорыць працэс апрацоўкі ўваходнай пошты — у прыватнасці той, якая дастаўляецца ў краіну паветраным шляхам. Днямі ў нашым нацыянальным аэрапорце адкрылі пункт міжнароднага паштовага абмену. Раней ён быў адзін, у Мінску па вуліцы Вакзальнай, 22 , і ўся карэспандэнцыя з-за межаў краіны прыходзіла туды. Цяпер каля 30 працэнтаў яе будзе апрацоўвацца без лішніх перавозак, перагрузак і пераносак, са значнай эканоміяй затрат, а галоўнае — часу.

Валянціна Доўнар.

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.