Вы тут

Адзін крок


Людзі пакланіліся продку полацкіх князёў, а той нагадаў ім пра своечасовае пакаянне.

Маё знаёмства з гэтай асобай, як у многіх, пачалося з падручніка па гісторыі. Другая наша сустрэча адбылася ўжо не на старонках кнігі, а ў рэальнасці. Мне пашчасціла быць валанцёрам падчас знаходжання мошчаў святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ў Мінску. Гэтая сустрэча скончылася шэрагам назіранняў і думак.

xw_1098232

Усе роўныя

Малады чалавек гадоў 25-27, у стыльным сінім строі, не пабаяўся запэцкацца і ўстаў на калені перад каўчэгам з мошчамі. Мужчына рабіў уражанне чалавека з добрым дастаткам і пэўным статусам у грамадстве. Але пакланіўся старажытнаму князю не задумваючыся. І сам, можа быць, таго не зразумеўшы, даказаў адну з галоўных ідэй хрысціянства — роўнасць усіх перад Богам.

Тысячу гадоў таму такім жа самым доказам стала жыццё і дзейнасць наўгародскага, а потым і кіеўскага князя Уладзіміра. Быў ён сынам рабыні. Памятаеце словы Рагнеды «не хачу разуць рабыніча»? Аднак менавіта яго Бог абраў для хрышчэння Русі. Не законных сыноў і спадчыннікаў Святаслава, а «паўкроўку». І, акрамя таго, самага закаранелага паганца сярод трох братоў. Старэйшы Яраполк, напрыклад, хаця сам і не прыняў хрысціянства, ставіўся да яго з павагай і літасцю. Усё гэта дзякуючы намаганням праваслаўнай бабулі — княгіні Вольгі. Уладзімір таксама быў пад яе ўплывам, аднак дзіцячыя ўспаміны хутка забыліся, калі Святаслаў адпусціў маладога князя з апекуном — дзядзькам Дабрынем — на княжанне ў Ноўгарад. Далейшае выхаванне падлетка адбывалася выключна ў паганскім кірунку. Адсюль і халодная, жахлівая, легендарная жорсткасць і бязлітаснасць будучага кіеўскага ўладара...

Па дапамогу

І вось да яго ў ХХІ стагоддзі прыходзяць тысячы людзей са сваімі надзённымі просьбамі. Нехта прасіў і плакаў. Адна жанчына дык увогуле галасіла і скардзілася, што «без мошчаў ёй будзе дрэнна». У кагосьці па твары было бачна, што прыйшлі проста парадавацца, «пазнаёміцца» са святым князем і не папрасіць нечага, а падзякаваць, што ўсё ў іх добра. Шмат было інвалідаў. Нейкая кабета прынесла скальпелі, каб прыкласці да мошчаў і папрасіць дапамогі пры аперацыі. Мужчына са слабым зрокам папрасіў дапамагчы яму падысці да абразаў і мошчаў і прыкласціся. Цяжка сказаць, каго было больш — мужчын ці жанчын, пажылых ці маладых. Усіх хапала. Адзін святар аднойчы сказаў: «Праваслаўе — гэта вера маладых і жыццярадасных». Сцвярджэнне гэта, на мой погляд, з кожным годам усё болей увасабляецца ў жыццё.

Ці не дзіўна, што на такую неадназначную ў гісторыі асобу народ ускладвае надзеі і пакланяецца ёй? Князь Уладзімір вядомы яшчэ як хрысціцель Русі. Згодна з летапісам, 15 ліпеня 1015 года ён памёр у княжацкай рэзідэнцыі ў Берастове (Кіеў). Быў пахаваны ў мармуровым саркафагу пад скляпеннямі Дзесяціннай царквы (царква Успення Прасвятой Багародзіцы) у Кіеве. Пасля храм быў разбураны, а месца спачыну князя доўгі час было пад руінамі. У 1635 годзе мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Пётр (Магіла) загадаў разабраць руіны і дастаць астанкі князя. Частку мошчаў Уладзіміра перадалі ў Маскоўскае княства, дзе яны знаходзіліся ва Успенскім саборы Крамля. Да нядаўняга часу святыня захоўвалася ў фондах Крамлёўскіх музеяў, а ў 2010 годзе мошчы былі перададзеныя Рускай праваслаўнай царкве і размешчаны ў маскоўскім кафедральным саборным храме Хрыста Збавіцеля.

Беларускія сляды

Калі я разам з калегамі не памыліўся ў падліках, то Еўфрасіння Полацкая — прапрапраўнучка князя Уладзіміра. У любым выпадку яны кроўныя сваякі. Атрымліваецца, што Уладзімір — гэта ў пэўным сэнсе прадаўжальнік роду полацкіх князёў, паколькі ўладарамі нашага старажытнага горада былі яго нашчадкі ад шлюбу з Рагнедай. Значыць, у пэўным сэнсе наш ён, родны. Тым больш, як святы, ён агульны для ўсіх праваслаўных. І калі б не пахрысціў Уладзімір усю Русь (у тым ліку і сучасную Беларусь), невядома, як развівалася б гісторыя краіны. Магло б і не быць у нас той жа Еўфрасінні — абаронцы нашых земляў на Нябёсах, храмаў, апынуўшыся ля якіх, хочацца ўкленчыць там, дзе стаіш, першай кнігі Скарыны.

Гэта адзін з самых незразумелых феноменаў хрысціянства — ад грэшнасці да святасці адзін крок. Уладзімір своечасова зрабіў гэты крок. У гісторыі хрысціянства шмат падобных прыкладаў. Таму святкаванне 1000-годдзя прадстаўлення святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра — гэта яшчэ адна падстава для таго, каб паглядзець унутр сябе, пастарацца стаць лепшымі. Бо змяніць сябе ніколі не позна. Тым больш, Хрыстос прыходзіў не па праведнікаў, а грэшнікаў. Мы прызвычаіліся бачыць грахі, недахопы, жахлівыя ўчынкі іншых. І гаворым: «У параўнанні з імі мы — анёлы». Аднак няма малых грахоў. І кожнаму сваё пакаранне і пакаянне. Галоўнае — прызнацца сабе, што мы не толькі не ідэальныя, але і часам зусім брыдкія. У многіх святых быў менавіта такі шлях.

* * *

Каўчэг з часціцай мошчаў святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра знаходзіцца сёння ў галоўным праваслаўным храме Мінска — Свята-Духавым кафедральным саборы. Доступ арганізаваны да 14.00. Потым святыня адправіцца ў Магілёў, дзе прабудзе да 4 ліпеня, а да 7 ліпеня яна будзе знаходзіцца ў Віцебску. Адтуль каўчэг з мошчамі накіруецца ў Смаленск і прадоўжыць падарожжа па гарадах Расіі.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

kuletskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.