Вы тут

Дата выбараў зацверджана


На апошнім пасяджэнні сёмай сесіі Палата прадстаўнікоў падтрымала прызначэнне даты правядзення выбараў прэзідэнта краіны на 11 кастрычніка гэтага года. Як заўважыла ў сваім выступленні перад дэпутатамі старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, традыцыйна выбары праходзяць не ў апошнюю магчымую па заканадаўстве нядзелю, а крыху раней.

Падчас свайго выступлення Лідзія Ярмошына нагадала, што на гэтых выбарах будзе выкарыстоўвацца такое новаўвядзенне, як фінансаванне перадвыбарных кампаній кандыдатаў за кошт іх фондаў.

— Для гэтага павялічваецца ў тры разы гранічны памер выбарчага фонду кандыдата ў прэзідэнты з 3 да 9 тысяч базавых велічынь, — паведаміла старшыня ЦВК. — На сёння гэта сума складае 1 мільярд 620 мільёнаў рублёў, або прыкладна 105 тысяч долараў.

Пры гэтым ліквідавана абмежаванне памеру грашовых сродкаў, якія можа ўнесці ў фонд сам прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду. Па словах Лідзіі Ярмошынай, цяпер кандыдат зможа цалкам за кошт сваіх уласных сродкаў прафінансаваць «увесь выбарчы фонд, усю сваю агітацыйную кампанію». Раней ён мог уносіць у асабісты фінансавы фонд не больш за 50 базавых велічынь. Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў паведаміла, што фонды дазволена фарміраваць ужо з моманту рэгістрацыі ініцыятыўных груп для фінансавання выдаткаў па збору подпісаў.

— Падобныя новаўвядзенні, што даюць больш шырокія магчымасці для фінансавання ўласнай выбарчай кампаніі, прывядуць да легалізацыі многіх выдаткаў, якія нясуць кандыдаты альбо патэнцыйныя кандыдаты, — патлумачыла старшыня ЦВК.

Лідзія Ярмошына таксама выказала спадзяванні, што выбарчая кампанія будзе «не сумнай», але пры гэтым «не даставіць турбот і ўзрушэнняў, якія мы мелі ў 2010 годзе».

На пытанне, якую ацэнку будучым выбарам можа даць Захад у асобе назіральнікаў, Лідзія Ярмошына адказала, што застаецца толькі верыць у лепшае і «працаваць над тым, каб не даваць падстаў для крытыкі».

Як паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні дзяржаўных рэферэндумаў, рэгістрацыя ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў павінна завяршыцца не пазней за 22 ліпеня. Збор подпісаў будзе працягвацца з 23 ліпеня па 21 жніўня. Не пазней за 22 ліпеня будуць створаны тэрытарыяльныя выбаркамы, а да 26 жніўня — участковыя. З 22 жніўня па 5 верасня трэба будзе падаць у ЦВК дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў. Не пазней за 5 верасня абласныя і Мінская гарадская камісіі падвядуць вынікі збору подпісаў па кожнай кандыдатуры на сваіх тэрыторыях і пададуць гэтыя вынікі ў Цэнтрвыбаркам. Рэгістрацыя кандыдатаў на пасаду прэзідэнта павінна завяршыцца не пазней за 15 верасня.

— З гэтага моманту пачынаецца перыяд перадвыбарнай агітацыі, — дадала Лідзія Ярмошына.

Датэрміновае галасаванне пройдзе з 6 па 10 кастрычніка.

Надзея ЮШКЕВІЧ. yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.