Вы тут

Галоўная мэта — клопат аб чалавеку


езимени-1

 

Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мясніковіча М.У. на закрыцці дзявятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

Паважаныя вышэйшыя службовыя асобы краіны!

Паважаныя члены Савета Рэспублікі і запрошаныя!

Сёння завяршае работу дзявятая сесія Савета Рэспублікі пятага склікання. Мы падводзім пэўныя вынікі работы і намячаем задачы, якія неабходна вырашыць у 2015 годзе, у тым ліку ў міжсесіённы перыяд.

За мінулы перыяд Савет Рэспублікі, яго пастаянныя камісіі мэтанакіравана працавалі не толькі над нарматыўным прававым забеспячэннем дзейнасці дзяржавы, але з'явіліся і новыя формы ўзаемадзеяння з дэпутацкім корпусам мясцовых Саветаў, рэгіёнамі. Больш канкрэтным стаў удзел членаў Савета Рэспублікі ў разглядзе пытанняў прадпрыемстваў, міжнароднай дзейнасці, што пазітыўна ўплывае на заканатворчую дзейнасць. Але гэта толькі пачатак. Наперадзе вельмі шмат адказных і, я сказаў бы, стратэгічна важных задач.

На завяршальнай стадыі распрацоўкі праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Пастаянныя камісіі, кіраўніцтва Савета Рэспублікі, усе сенатары павінны актыўна ўключыцца ў работу, праводзімую ўрадам.

З улікам даволі складанай сітуацыі ў эканоміцы распрацоўку праекта Праграмы трэба весці па пакетным прынцыпе, уключаючы неабходныя законы, указы, праграмы, пастановы або хаця б вызначыць іх пералік, канкрэтныя тэрміны прыняцця і канцэптуальную сутнасць. Такая «дарожная карта» дасць магчымасць арганізавана пачаць рэалізацыю намечаных задач з пачатку 2016 года. Асобныя найбольш актуальныя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў новых умовах, можна было б прыняць ужо на асенняй сесіі Савета Рэспублікі ў 2015 годзе.

Лічу правільнымі і заслугоўваючымі падтрымкі парламентам прапановы ўрада аб неабходнасці комплексных інстытуцыянальных змяненняў і ўдасканалення эканамічнай палітыкі. Пры гэтым дзяржава павінна садзейнічаць развіццю і павышэнню канкурэнтаздольнасці як цяпер эфектыўна працуючых прадпрыемстваў, так і стварэнню новых арганізацый. Дзяржаўных і прыватных, у тым ліку з замежным капіталам. Ход рэформ будзе паспяховым, калі пераўтварэнні будуць комплекснымі, усебакова прадуманымі, паслядоўна і актыўна рэалізаванымі. Члены Савета Рэспублікі, як мы дамовіліся раней, ужо ўносяць прапановы па стымуляванні занятасці, экспарце, інвестыцыйнай дзейнасці, а гэта сёння самыя актуальныя пытанні. Сур'ёзны інтарэс уяўляюць меры па абароне інтарэсаў нацыянальных таваравытворцаў, рэфармаванні кіравання.

Савету Рэспублікі трэба будзе весці актыўную і, я сказаў бы, напорыстую работу па гарманізацыі (супастаўнасці) і ўніфікацыі (ідэнтычнасці) нацыянальнага заканадаўства з улікам членства Беларусі ў ЕАЭС. Як былі шматлікія бар'еры ва ўзаемным гандлі паміж дзяржавамі — членамі ЕАЭС, так і застаюцца. Занепакоенасць выклікаюць новыя рашэнні, якія прымаюцца нашымі партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе ў аднабаковым парадку, што не ўмацоўвае наш саюз і цяпер, і на перспектыву. Хацелася б большай рэзультатыўнасці ў рабоце Еўразійскай эканамічнай камісіі па стварэнні паўнацэннага агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў. Умовы гаспадарання неаднолькавыя, і часам нашы прадпрыемствы сутыкаюцца з-за гэтага на адзінай эканамічнай прасторы з жорсткай і нядобрасумленнай канкурэнцыяй. Для Савета Рэспублікі, як і Палаты прадстаўнікоў, ва ўрэгуляванні названых пытанняў ёсць аб'ектыўныя цяжкасці, паколькі ў ЕАЭС парламенцкае вымярэнне адсутнічае. Але гэта не значыць, што сенатары павінны сядзець склаўшы рукі. Пад ляжачы камень вада не бяжыць. Ёсць розныя формы работы і іх трэба выкарыстоўваць. У міжсесійнны перыяд кіраўніцтва пастаянных камісій будзе гэтым займацца.

Паважаныя калегі!

Міжнародная і міжпарламенцкая дзейнасць Савета Рэспублікі накіравана на стварэнне лепшых знешнепалітычных і знешнеэканамічных умоў для пашырэння і абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь.

Безумоўным прыярытэтам у нашай міжнароднай дзейнасці з'яўляецца ўмацаванне стратэгічнага партнёрства з Расійскай Федэрацыяй.

3 сакавіка 2015 года на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы былі зацверджаны Прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014—2017 гады). Старшыням пастаянных камісій сумесна з калегамі з Палаты прадстаўнікоў неабходна з улікам гэтых рашэнняў фарміраваць планы законапраектнай дзейнасці.

Цяпер у Савеце Рэспублікі вядзецца мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы і правядзенні другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца 17-18 верасня 2015 года ў Вялікім Ноўгарадзе, асноўная тэматыка якога «Прамысловая палітыка Саюзнай дзяржавы: агульныя падыходы і рэгіянальныя аспекты».

Пляцоўку форуму неабходна выкарыстоўваць для вырашэння з расійскімі партнёрамі канкрэтных праблем і першачарговых задач развіцця прамысловай кааперацыі, аб'яднання прамысловага, фінансавага і маркетынгавага патэнцыялаў. Аргкамітэт форуму працуе над падрыхтоўкай рэгіянальных пагадненняў і камерцыйных кантрактаў. З улікам магчымасцей Еўразійскага эканамічнага саюза.

Па выніках даволі плённых візітаў прэзідэнтаў Кітая і Індыі, кіраўнікоў парламентаў Інданезіі, Сербіі, М'янмы ў Савеце Рэспублікі прыняты адпаведныя дакументы. Задача пастаянных камісій, Сакратарыята Савета Рэспублікі — забяспечыць іх безумоўную рэалізацыю.

Паважаныя таварышы!

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пастаянна ўказвае на тое, што ўся наша работа павінна быць накіравана на павышэнне дабрабыту нашых грамадзян, вырашэнне актуальных задач простага чалавека. Члены Савета Рэспублікі павінны пастаянна кіравацца гэтымі падыходамі ў сваёй дзейнасці.

Аналіз зваротаў сведчыць, што ў цэнтры ўвагі грамадзян прадаўжае знаходзіцца заканатворчая дзейнасць парламента. Члены Савета Рэспублікі, якія працуюць у рэгіёнах, разгледзелі 1800 вусных і пісьмовых зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, правялі 168 асабістых прыёмаў грамадзян (у тым ліку больш за 60 выязных), у ходзе якіх прынята амаль 600 чалавек. Работа будзе працягнута. На сістэмнай аснове, у цесным кантакце з кіраўнікамі рэгіёнаў і прадпрыемстваў, што і прадугледжана ў Пастанове Прэзідыума Савета Рэспублікі «Аб дадатковых мерах па павышэнні эфектыўнасці работы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з насельніцтвам», якая прынята ў студзені 2015 года.

У бліжэйшыя месяцы пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на спецыяльных шырокіх форумах будуць разгледжаны пытанні аграпрамысловага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і адукацыі. З нашым, Савета Рэспублікі, удзелам. Таму я звяртаюся да членаў Савета Рэспублікі — абмяркуйце гэтыя пытанні ў сябе ў абласцях, парайцеся з Саветамі базавага ўзроўню. З чым прадстаўнікі рэгіёнаў прыбудуць на гэтыя сур'ёзныя мерапрыемствы?

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Наперадзе ў нас важная палітычная падзея — выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні выбарчай кампаніі неабходна больш эфектыўна працаваць членам Савета Рэспублікі, дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў. Не чакаць даручэнняў, а быць актыўнымі ў вырашэнні праблем простых людзей і арганізацый.

Калі наш Прэзідэнт, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, гаворыць, што выбары — гэта экзамен улады перад народам, мы, члены Савета Рэспублікі, павінны разумець, што гэта наш агульны экзамен. Сустрэчы з людзьмі, актывам, кіраўнікамі ўсіх узроўняў павінны праходзіць адкрыта, сумленна. Тады насельніцтва з яшчэ большай актыўнасцю падтрымае праводзімы ў краіне сацыяльна-палітычны і эканамічны курс.

(Заключная частка)

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Усе пытанні, унесеныя ў парадак дня гэтай сесіі, разгледжаны. Мы прынялі ва ўстаноўленым парадку рашэнне па ўсіх законапраектах, якія былі прадстаўлены Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

На што хачу звярнуць увагу, паважаныя калегі?

Нягледзячы на тое, што ўсе законапраекты ўхвалены, гэта не значыць, што няма, як кажуць у школе, заданняў на лета. Трэба сур'ёзна напрацоўваць матэрыял згодна з планам законапраектнай дзейнасці, зацверджаным Прэзідэнтам краіны на 2015 год, і рыхтаваць пакет нарматыўных прававых актаў пад Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 — 2020 гады.

Паважаныя таварышы!

За перыяд работы дзявятай сесіі Саветам Рэспублікі ўхвалена 62 законы, прыняты да ведама, а значыць, таксама ўхвалена 4 дэкрэты і 10 іншых актуальных дакументаў. За гэтымі скупымі лічбамі напружаная праца і адказнасць членаў Савета Рэспублікі і асабліва старшыняў пастаянных камісій. Я думаю, дарэчы падзякаваць ім за гэта.

Калі мы гаворым пра Савет Рэспублікі як пра палату парламента тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, то ўсім трэба мець на ўвазе, што гэта тычыцца не толькі прынцыпу абрання ў сенат. Гэта велізарная адказнасць за становішча спраў у рэгіёне, за рашэнне задач людзей, прадпрыемстваў у вашых абласцях і г. Мінску. Дадатковая адказнасць ляжыць на членах Савета Рэспублікі, прызначаных Прэзідэнтам краіны. Член Савета Рэспублікі павінен быць актыўным байцом у вырашэнні палітычных і сацыяльна-эканамічных задач, якіх шмат, але сёння прыярытэт — гэта выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і паспяховая работа эканомікі ў завяршальным годзе пяцігодкі.

Аб інструментах і механізмах нашай работы. Яны разнастайныя. Але два з іх галоўныя: заканатворчасць і праца з насельніцтвам. Прычым па другім у нас, згодна з заканадаўствам, ёсць вельмі добрыя магчымасці. Гэта мясцовыя Саветы дэпутатаў і 19,5 тысячы актыўных і прафесійна падрыхтаваных людзей — дэпутатаў.

16 студзеня 2015 з трыбуны Савета Рэспублікі Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка даручыў нам задзейнічаць гэты велізарны патэнцыял. Мэтанакіраваная праца вядзецца. Але, паважаныя калегі, мы не абудзілі цалкам мясцовыя Саветы, не перабудавалі іх працу ў канкрэтнае рэчышча, не ліквідавалі фармалізм і павярхоўны падыход. Рашэнне гэтых задач на нашым сумленні. Менавіта праз мясцовыя Саветы можна і трэба дайсці да кожнага чалавека, выбаршчыка, ведаць, чым ён жыве, у чым мае патрэбу, і дапамагчы вырашыць яго чалавечыя праблемы.

У зале старшыні абласных і Мінскага гарадскога Саветаў. Зрабіце правільныя высновы, не чакайце даручэнняў. Вам да ўсяго павінна быць справа: і да пустых дамоў у вёсках, у чым пойдуць 1 верасня ў школу дзеці з непаспяховых сем'яў, чаму ў асобных паліклініках чысціня і парадак, медперсанал прыветлівы, а ў іншыя заходзіць не хочацца.

Праца дэпутата — гэта твар улады.

Паважаныя таварышы!

Сёння, як і раней, у краіне маса актуальных пытанняў. Але я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на тры з іх:

— занятасць;

— экспарт;

— інвестыцыі.

Раней занятасць, магчымасць знайсці працу не з'яўлялася праблемай. Цяпер гэта дастаткова актуальнае пытанне. Члены Савета Рэспублікі, дэпутаты ўсіх узроўняў павінны самым актыўным чынам садзейнічаць стварэнню працоўных месцаў. Кажуць, што чалавека прымусіць працаваць можа страх і голад. Я не падзяляю гэты максімалісцкі падыход. Давайце кіравацца іншым: дзяржава, а значыць і мы, заканадаўцы, павінны стварыць умовы, пры якіх чалавек зможа працаўладкавацца і ўтрымліваць сябе і сваю сям'ю.

Экспарт — гэта лёс эканомікі. У нас экспарт — гэта прадукцыя апрацоўчай прамысловасці, у тым ліку сельскагаспадарчай перапрацоўкі. Будзе экспарт — будзе і прыбытак, і стабільны беларускі рубель. Дэпутаты, члены Савета Рэспублікі абавязаны прасоўваць беларускія тавары на экспарт, а гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі гэтыя тавары якасныя і канкурэнтаздольныя па цане.

На мінулым пасяджэнні я сказаў, што інвестара (усё роўна, айчыннага або замежнага) трэба любіць. Так, менавіта так! Таму што інвестыцыі — гэта развіццё, гэта будучыня.

Паважаныя калегі!

Прэзідэнт нашай краіны, паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, эфектыўна і мэтанакіравана праводзіць палітыку павышэння дабрабыту беларускага народа, абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Цяпер мы, члены Савета Рэспублікі, яшчэ з большай актыўнасцю абавязаны вырашаць ускладзеныя на нас задачы.

Дазвольце пажадаць вам, паважаныя члены Савета Рэспублікі, здароўя, поспехаў, актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Да сустрэчы восенню!

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У адпаведнасці з артыкулам 95 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзявятую сесію Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання аб'яўляю закрытай.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.