Вы тут

Курсам на забеспячэнне эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці


Безмени-1

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці сёмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання 30 чэрвеня 2015 года.

Паважаныя дэпутаты, запрошаныя і журналісты!

Сёмая сесія Палаты прадстаўнікоў завяршае сваю работу. Яна азнаменавалася шэрагам важных палітычных падзей, ключавым з якіх, безумоўна, стала пасланне кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і парламенту.

Сумленная і адкрытая размова, што адбылася ў Авальнай зале, абумовіла характар тых прыярытэтных задач, якімі кіруюцца сёння ўсе органы ўлады ў забеспячэнні эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці.

Базавы тэзіс кіраўніка дзяржавы аб тым, што менавіта ў эканоміцы гарантыя нашай незалежнасці, залог міру і фундамент будучага, лёг у аснову нашай заканадаўчай дзейнасці.

У ходзе сесіі разгледжана каля 90 законапраектаў, звыш 60 з якіх — у другім чытанні.

З улікам патрабаванняў часу прыняты меры па ўмацаванні фінансавага сектара і банкаўскай сістэмы, паляпшэнні інвестыцыйнага клімату. На захаванне традыцыйных і пошук новых рынкаў збыту беларускіх тавараў была накіравана актыўная работа па ўстараненні бар'ераў паміж краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза і развіцці біржавага гандлю.

Гэтай жа мэце была падпарадкавана і ратыфікацыя большасці міжнародных пагадненняў, якія заклалі аснову доўгатэрміновых адносін з новымі партнёрамі.

Патрабаванне кіраўніка дзяржавы па-гаспадарску, дбайна выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы стала для дэпутатаў зыходным пунктам пры разглядзе эфектыўнасці расходавання сродкаў рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў у 2014 годзе. З такіх жа пазіцый трэба падысці да распрацоўкі бюджэтнай палітыкі і стратэгіі развіцця краіны на перспектыву.

На сесіі знайшлі сваё адлюстраванне інавацыйныя падыходы да развіцця сельскай гаспадаркі і будаўнічай сферы. Значнае месца было адведзена экалагічнай праблематыцы, эфектыўнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў, пытанням прамысловай бяспекі, абыходжанню з адходамі.

Рэалізуючы тэзіс паслання аб павышэнні якасці законаў, дэпутаты асаблівую ўвагу надалі прагнозу вынікаў іх прыняцця.

Прадметам дэталёвага аналізу пастаянных камісій з удзелам спецыялістаў, экспертаў і шырокай грамадскасці сталі актуальныя пытанні ў сферах лесакарыстання, энергетыкі, гандлю і грамадскага харчавання. У мэтах вывучэння правапрымяняльнай практыкі адбыўся змястоўны семінар па пытаннях функцыянавання ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы.

Аднак стан спраў у эканоміцы перш за ўсё залежыць ад самога чалавека, яго ініцыятывы і стаўлення да працы. Менавіта гэтым прадыктаваны прынятыя намі меры па стымуляванні дзелавой актыўнасці і аптымізацыі працоўных адносін. З улікам няпростай эканамічнай сітуацыі асаблівы акцэнт быў зроблены на развіццё рынку працы, забеспячэнне занятасці насельніцтва, прыцягненне ў Беларусь кваліфікаваных спецыялістаў.

Вялікі пакет разгледжаных законапраектаў звязаны з удасканаленнем сфер аховы здароўя і адукацыі, пенсійнага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, фізкультуры і спорту. Вырашэнне гэтых пытанняў у сучасных умовах запатрабавала асаблівай адказнасці, паколькі менавіта ўзровень аказання медыцынскіх, адукацыйных і іншых сацыяльных паслуг з'яўляецца найважнейшым крытэрыем якасці жыцця.

У ходзе сесіі пачата маштабная работа над праектам Кодэкса аб культуры. Гэта ўнікальны дакумент, які не мае аналагаў у СНД. І, зразумела, яго падрыхтоўка будзе весціся з улікам шырокага грамадскага меркавання. Празрыстасць заканадаўчага працэсу і адкрыты дыялог — важная ўмова актыўнага ўдзелу людзей у жыцці дзяржавы.

Шэраг заканадаўчых актаў непасрэдна звязаны з фарміраваннем адказнай грамадзянскай пазіцыі насельніцтва. Гэта датычыцца ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў, мер па дэбюракратызацыі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

Асаблівае гучанне набывае ў гэтых адносінах прэзідэнцкі Закон «Аб барацьбе з карупцыяй», у якім замацавана новая форма процідзеяння карупцыі — грамадскі кантроль. Менавіта так, усім разам, трэба змагацца з гэтым злом, якое наносіць непапраўны ўрон эканоміцы і падрывае давер грамадзян да ўлады.

На сесіі была прадоўжана сістэмная работа па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі, законнасці і правапарадку. Важкі блок дакументаў датычыцца пытанняў рэфармавання судовай сістэмы, празрыстасці ў рабоце праваахоўных органаў, заснавання інстытута альтэрнатыўнай службы. Чарговы крок у гуманізацыі нацыянальнага заканадаўства — прыняцце Закона аб амністыі. Ён прызначаны даць грамадзянам, якія зрабілі памылку ў жыцці, але сталі на шлях выпраўлення, магчымасць пачаць новае жыццё.

У перыяд сесіі рэалізавана вельмі інтэнсіўная міжнародная праграма. Нам удалося значна рушыць наперад ва ўмацаванні ўжо наладжаных і ўстанаўленні новых кантактаў, вызначэнні больш эфектыўных форм супрацоўніцтва.

Нарошчванню супрацоўніцтва з такімі гігантамі, як Індыя і Кітай, напаўненню яго новым зместам паслужылі візіты лідараў гэтых дзяржаў у нашу краіну.

Можна таксама з поўным правам сцвярджаць, што ўпэўнена набірае абароты дыялог з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі. Сведчанне таго — насычанасць праграм знаходжання ў Беларусі афіцыйных парламенцкіх дэлегацый Інданезіі і М'янмы.

На якасна новы ўзровень выйшлі адносіны з нашымі казахстанскімі калегамі. Зусім нядаўна ў горадзе Астане мы падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Палатай прадстаўнікоў і Мажылісам Парламента Казахстана. У час візіту мы змаглі наглядна пераканацца, што намаганні парламентарыяў па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, прамысловай кааперацыі, стварэнні прадпрыемстваў даюць значны вынік. Беларуская дэлегацыя дала сімвалічны старт пачатку будаўніцтва завода па вытворчасці тэхнікі на базе шасі Мінскага аўтамабільнага завода.

Гаворачы аб еўрапейскім вектары супрацоўніцтва, не магу не адзначыць значэнне візіту старшыні Народнай скупшчыны Рэспублікі Сербія. Гэта адбылося ўпершыню за ўсю гісторыю нашых міжпарламенцкіх адносін, і мемарандум, які быў падпісаны па выніках візіту, па сутнасці, стаў зыходным пунктам у распрацоўцы «дарожнай карты» па выхадзе беларуска-сербскага супрацоўніцтва на стратэгічны ўзровень.

Шырокі спектр пытанняў міжнароднага парадку дня вырашаўся пры актыўным удзеле беларускіх дэпутатаў на пляцоўках міжнародных парламенцкіх арганізацый. Лейтматывам гэтай дзейнасці ў бягучым годзе стала аб'яднанне намаганняў парламентарыяў у барацьбе за мір на планеце, захаванне гістарычнай памяці.

Асаблівую салідарнасць з намі ў гэтай рабоце выказалі нашы калегі — дэпутаты МПА СНД, ПА АДКБ, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Літаральна гэтымі днямі ў горадзе Гродне прайшла 48-я сесія Парламенцкага сходу, дзе нараўне з абмеркаваннем перспектыў саюзнага будаўніцтва прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Вялікай Перамозе. Гэта Перамога — наш агульны здабытак, і наш абавязак — не дапусціць фальсіфікацыі гісторыі і забыцця ўрокаў вайны.

Важнай вяхой у развіцці адносін з АБСЕ і яе Парламенцкай асамблеяй сталі сустрэчы кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў з генеральным сакратаром гэтай аўтарытэтнай арганізацыі, намеснікам старшыні ПА АБСЕ і дырэктарам Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека.

І гэта далёка не поўны пералік праведзеных міжнародных мерапрыемстваў. Ужо цяпер відавочна — вынікі многіх з іх адкрываюць шырокія перспектывы не толькі для парламенцкай дыпламатыі, але і для рэалізацыі знешнепалітычнага курсу краіны ў цэлым.

Паважаныя дэпутаты!

У міжсесійнны перыяд нас чакае не менш адказная і напружаная работа па ўсіх напрамках парламенцкай дзейнасці. Парадак дня будучых міжнароднай і заканатворчай праграм даволі аб'ёмны.

Сёння намі прынята важнае палітычнае рашэнне — назначана дата выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Парламентарыі заўсёды былі сілай, якая кансалідуе грамадства ў адказныя для краіны перыяды. І ў гэтым палітычным сезоне мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб выбарчая кампанія прайшла максімальна адкрыта, дэмакратычна, у поўнай адпаведнасці з законам, а яе вынікі сталі рэальным выяўленнем волі народа, адпавядалі яго інтарэсам.

Упэўнены — вопыт, прафесіяналізм і актыўная грамадзянская пазіцыя, уласцівыя дэпутатам, дадуць магчымасць паспяхова выканаць усе пастаўленыя задачы.

На заканчэнне, паважаныя калегі, дазвольце падзякаваць вам за работу і павіншаваць усіх прысутных з надыходзячым святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Жадаю вам моцнага здароўя, поспеху, шчасця і новых здзяйсненняў на карысць Радзімы.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.