Вы тут

Вучацца зарабляць грошы


Урад адказаў на пытанні парламентарыяў па рэалізацыі сацыяльнай палітыкі.

Учора адбылося сумеснае пасяджэнне абедзвюх палат парламента — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Пасля даклада намесніка прэм'ер-міністра Наталлі Качанавай, прысвечанага рэалізацыі сацыяльнай палітыкі ў нашай краіне, дэпутаты і сенатары задалі ёй, а таксама іншым прадстаўнікам урада, свае пытанні.
Медыцына — на сусветным узроўні
— На працягу апошніх гадоў сацыяльная сфера была не толькі спажыўцом бюджэтных сродкаў, але і сама стала дастаткова важкай крыніцай іх папаўнення, — адзначыла Наталля Качанава на пачатку свайго выступлення. — Толькі за мінулыя чатыры гады гэтай пяцігодкі арганізацыямі адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту, здраўніцамі нашай краіны атрымана даходаў на суму, якая перавышае 33 трыльёны рублёў.
Як падкрэсліла выступоўца, клопат пра здароўе грамадзян — найважнейшы нацыянальны прыярытэт нашай дзяржавы.
— На развіццё медыцыны накіроўваюцца значныя рэсурсы: не менш за 4% ВУП штогод, — праінфармавала намеснік прэм'ер-міністра. — Гэта дазваляе дынамічна развіваць галіну. За чатыры гады гэтай пяцігодкі на будаўніцтва і рэканструкцыю аб'ектаў аховы здароўя накіравана 4,5 трыльёна рублёў, што дазволіла забяспечыць увод больш як 100 аб'ектаў.
Як паведаміла Наталля Качанава, па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў жніўні гэтага года будзе ўведзена ў эксплуатацыю малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенэзу, да канца бягучага года завершана рэалізацыя найважнейшага для сферы аховы здароўя краіны праекта па стварэнні Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі.
— Многія віды спецыялізаванай высокатэхнічнай медыцынскай дапамогі сталі звычайнай практыкай у рэгіёнах, — канстатавала Наталля Качанава. — Гэта кардыяхірургічныя ўмяшанні, эндапратэзаванне суставаў, аперацыі пры пухліне галаўнога і спіннога мозга. За апошнія гады айчынная медыцына сапраўды выйшла на якасна новы ўзровень, што пацвярджаюць аўтарытэтныя міжнародныя эксперты. Наша краіна займае адно з вядучых месцаў па даступнасці для насельніцтва медыцынскіх паслуг, а па эфектыўнасці сістэмы аховы здароўя — 42-е месца, апераджваючы Злучаныя Штаты і Расійскую Федэрацыю.
Гаворачы пра дасягненні дэмаграфічнай палітыкі, Наталля Качанава звярнула асаблівую ўвагу на тое, што ўпершыню за апошнія дваццаць гадоў летась адбыўся прырост насельніцтва.
— Безумоўна, значная роля ў гэтым пакуль належыць міграцыйнаму складніку, але ўжо асобныя рэгіёны выходзяць на натуральны прырост. Істотна знізіўся тэмп натуральнага змяншэння насельніцтва: з 70 тысяч у 2003 годзе да 3 тысяч у 2014-м.
Па інфармацыі, агучанай намеснікам прэм'ер-міністра, у 2014 годзе на свет з'явілася самая вялікая колькасць дзяцей за гады нашага суверэнітэту — 118,5 тысячы.
— Станоўчыя тэндэнцыі захоўваюцца і сёлета. Што важна: 52% народжаных дзяцей — гэта другія і наступныя дзеці ў сям'і.
У трэндзе — альтэрнатыўныя дзіцячыя садкі
Закранаючы тэму дашкольнай адукацыі і, у прыватнасці, даступнасці дзіцячых садкоў, намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліла, што «пытанні даступнасці могуць вырашацца, і ўжо часткова вырашаюцца, за кошт больш актыўнага выкарыстання альтэрнатыўных формаў».
— Гэта размяшчэнне дзіцячых садкоў на першых паверхах жылых будынкаў, адкрыццё груп кароткатэрміновага знаходжання, стварэнне садкоў сямейнага тыпу, — патлумачыла выступоўца. — Эфектыўнасць відавочная. З найменшымі дзяржаўнымі выдаткамі забяспечваецца той жа сацыяльны стандарт.
Акрамя таго, віцэ-прэм'ер паведаміла, што для вырашэння праблемы крокавай даступнасці дзіцячых садкоў у найбліжэйшыя 4 гады будзе пабудавана 38 новых устаноў дашкольнай адукацыі, у тым ліку 10 плануецца ўвесці ў строй ужо ў 2015 годзе. Наталля Качанава адзначыла, што ўзвядзенне новых дзіцячых садкоў павінна быць старанна спланавана з увязкай горадабудаўнічай палітыкі ў рэгіёнах, а таксама неабходна ўлічваць доўгатэрміновыя перспектывы нараджальнасці.
Ёсць стымулы нараджаць
Аксана Няхайчык, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, задала пытанне пра дапамогу маладым сем'ям. Дэпутат звярнула ўвагу на той факт, што сёння большасць сем'яў у краіне маюць толькі адно або двое дзяцей, і пацікавілася мерамі заахвочвання сем'яў для нараджэння наступных дзяцей. Таксама парламентарый пацікавілася, ці магчыма ў нашай краіне ўвядзенне Ордэна бацькоўскай славы, як гэта зроблена ў суседняй Расіі, або іншай узнагароды для бацькі.
Наталля Качанава, адказваючы на пытанне, заўважыла, што ў нашай краіне прадугледжваецца матэрыяльная дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці, пры нараджэнні другога маці атрымлівае дапамогу і на немаўля, і на тое дзіця, якое яна нарадзіла раней. Акрамя таго, як адзначыла намеснік прэм'ер-міністра, сем'і, што выхоўваюць дваіх непаўналетніх дзяцей, маюць права на дзяржаўную падтрымку пры будаўніцтве жылля.
Адказваючы на другую частку пытання — наконт ордэна для бацькі, намеснік прэм'ер-міністра не выключыла з'яўлення ў будучыні такой узнагароды.
Ала Сопікава, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, пацікавілася, ці кантралюецца змест і праграма экскурсій за мяжу, што арганізоўваюцца для непаўналетніх жыхароў нашай краіны прыватнымі кампаніямі.
— Хто кантралюе, чаму будуць вучыцца нашы дзеці, напрыклад, на курсах па вывучэнні замежнай мовы ў краіне-носьбіце гэтай мовы? Ці можна арганізаваць дзяржаўны кантроль за зместам наведвання замежных краін нашымі дзецьмі і моладдзю? — спытала парламентарый.
— Натуральна, магчыма, — упэўнена Наталля Качанава. — Зусім нядаўна мы правялі міжведамасны савет па турызме, дзе разглядалі пытанні, што сёння тычацца ў тым ліку і выезду нашых турыстычных груп за мяжу. Я лічу, што калі непаўналетнія ў арганізаванай групе збіраюцца за мяжу, то, несумненна, тут павінен быць жорсткі кантроль за тым, якая мэта гэтай паездкі.
Алена Шамаль, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, спытала пра арганізацыю працы інвалідаў.
— У сваім дакладзе вы закранулі прадпрыемствы, створаныя грамадскімі аб'яднаннямі інвалідаў, — адзначыла парламентарый. — Сёння дзяржава ўкладвае значныя сродкі ў гэтыя прадпрыемствы, каб падняць іх на дастатковы ўзровень. Аднак мы робім і іншае: ствараем прадпрыемствы, якія выпускаюць такую ж прадукцыю, што і прадпрыемствы, створаныя арганізацыямі інвалідаў. Сёння апошнія не могуць канкурыраваць у роўных умовах. Прадукцыйнасць працы інваліда і здаровага чалавека адрозніваецца. Я хачу звярнуць вашу ўвагу на гэтае складанае пытанне. У маёй акрузе два падобныя прадпрыемствы, і яны сёння адчуваюць цяжкасці.
— Нядаўна ў Гродне мы правялі пасяджэнне міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў, наведвалі такое прадпрыемства, — паведаміла Наталля Качанава. — Першае пытанне, якое было разгледжана — менавіта праца такіх прадпрыемстваў па выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі і яе прасоўванне на рынку нашай краіны. Гэтае пытанне ва ўрадзе ўзялі пад кантроль. Што да прэферэнцый для такіх прадпрыемстваў, то яны ёсць, і дастаткова неблагія.
Сітуацыя ў эканоміцы палепшыцца ўжо ў гэтым квартале
У гутарцы з журналістамі міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі паведаміў, што яго ведамства прагназуе паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў ІІІ квартале бягучага года:
— Ідзе напрацоўка розных схем, у тым ліку ў прамысловасці. Будзем атрымліваць сельскагаспадарчую прадукцыю новага ўраджаю.
Паводле яго слоў, адной з галоўных задач застаецца зніжэнне інфляцыі, якая «павінна ўтрымацца ў зададзеных рамках — прыкладна 16% у гадавым вылічэнні».
Пры гэтым Уладзімір Зіноўскі выключыў магчымасць уключэння грашовага станка. «Пустых» грошай ніхто ў эканоміку пускаць не будзе. Калі ёсць моцны акупны праект, урад і банкі будуць адшукваць сродкі. Такія галіны, як будаўніцтва, сельская гаспадарка, крэдытуюцца на зваротнай аснове. Атрымалі раней крэдыты — вернеце, потым атрымаеце новыя крэдыты», — растлумачыў ён.

Надзея ЮШКЕВІЧ.
yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.