Вы тут

Шчасце жыць на сваёй зямлі


Зберагчы мір, згоду і парадак — гэта не толькі задача дзяржавы і ўлады, але і абавязак кожнага чалавека, які шчыра любіць сваю Радзіму.

Гэтыя зразумелыя і блізкія ўсім словы сталі лейтматывам выступлення Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі.

Безимени-3

Прэзідэнт адзначыў, што першыя ліпеньскія дні асаблівыя ў беларускім календары. «Колькі б часу ні прайшло пасля Вялікай Айчыннай вайны, мы зноў і зноў вяртаемся ў далёкае лета 1944-га, — сказаў беларускі лідар. — Воляй беларускага народа менавіта гэтая дата стала галоўным дзяржаўным святам незалежнай Беларусі».

«Для нас святая памяць аб жахлівых ахвярах вайны, вялікім подзвігу мільёнаў салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, мірных грамадзян, якія адстаялі свабоду нашай Айчыны, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Прынята лічыць, што незалежнасць і суверэнітэт дасталіся беларусам мірна, без войнаў, узрушэнняў — амаль дарма. Аднак наш шлях да незалежнасці быў доўгім, цяжкім і крывавым. Толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны мы страцілі мільёны людзей, кожны трэці загінуў або памёр скалечаным».

«Мы ніколі не павінны забываць — менавіта ў Беларусі супраціў агрэсарам аказаўся самым масавым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў гады акупацыі ішла сапраўдная бітва за свабоду і незалежнасць роднай зямлі, яна з'яднала народ, спарадзіла нябачаны ў гісторыі ўздым патрыятызму і мужнасці. «Нашы партызаны і падпольшчыкі свой другі фронт, фронт супраціву, адкрылі ўжо ў першыя дні вайны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У шэрагах Чырвонай Арміі змагалася амаль паўтара мільёна беларускіх воінаў. Выхадцы з Беларусі самааддана працавалі ў эвакуацыі, удзельнічаючы ў забеспячэнні фронту зброяй і харчаваннем».

«І мы, і нашы нашчадкі заўсёды павінны памятаць — галоўная гістарычная заслуга ў выратаванні чалавецтва ад нацызму належыць савецкаму народу! І менавіта Савецкі Саюз, у склад якога ўваходзіла і наша Беларусь, прынёс самую вялікую ахвяру на алтар Перамогі», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніколі не забудзецца і працоўны подзвіг тых пакаленняў. «Пасля вызвалення Беларусі яны паднялі краіну з руін. Абапіраючыся на падтрымку брацкіх саюзных рэспублік, беларусы вярнулі да жыцця родны край. У пасляваенныя гады ў нас быў створаны магутны навукова-вытворчы патэнцыял, з'явіліся новыя галіны эканомікі, атрымалі развіццё адукацыя, культура, сацыяльная сфера», — адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што рэспубліка выйшла на лідзіруючыя эканамічныя пазіцыі ў Савецкім Саюзе.

«Міралюбівая палітыка маладой незалежнай дзяржавы выпакутавана ўсёй гісторыяй нашага народа, як і яе незалежнасць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, важным палітычным вынікам Другой сусветнай вайны стала прызнанне міжнароднай супольнасцю значнага ўкладу беларускага народа ў перамогу над фашызмам. Краіна ўвайшла ў лік заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. «Беларусь па праве з'яўляецца паўнавартасным суб'ектам міжнароднай палітыкі», — сказаў беларускі лідар.

На думку кіраўніка дзяржавы, тое, што Беларусь стала цэнтрам для ўрэгулявання міжнародных канфліктаў, паказвае, што свет бачыць шчырасць, сумленнасць і адкрытасць беларускай палітыкі. «Беларусь ніколі не стане спекуляваць на міждзяржаўных супярэчнасцях, ніколі не будзе шукаць сваю выгаду ў шкоду каму б там ні было», — сказаў ён. «Але мы патрабуем такога ж шчырага, адкрытага, паважлівага стаўлення і да нашай краіны. Мы гатовыя сябраваць, дапамагаць і супрацоўнічаць з усімі, але толькі на прынцыпах узаемнай выгады і роўнасці», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што найноўшая гісторыя незалежнай Беларусі яскрава паказала: любыя спробы ізаляцыі дзяржавы контрпрадукцыйныя. Ён звярнуў увагу, што сёння Беларусь энергічна пашырае геаграфію кантактаў, умацоўваюцца адносіны з такімі буйнымі дзяржавамі, як Кітай і Індыя, развіваецца цеснае супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі, вядзецца пошук агульных кропак судакранання з дзяржавамі Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь ужо адчувае ад гэтага практычны вынік.

Умацаванню пазіцый Беларусі на сусветнай арэне служыць удзел у маштабных інтэграцыйных працэсах. Наша краіна стала ініцыятарам стварэння такіх інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы, як Саюзная дзяржава, Мытны саюз, а затым і Еўразійскі эканамічны саюз. Беларусь уключана ў глабальную эканамічную ініцыятыву Кітая па стварэнні новага Шаўковага шляху, якая выдатна дапаўняе праект Еўразійскага эканамічнага саюза, паколькі гандлёвыя шляхі будуць пралягаць па яго тэрыторыі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы са шкадаваннем заўважыў, што свет не стаў спакайнейшым. «Упершыню з часоў Вялікай Айчыннай ідуць баі не толькі недзе далёка, але прама каля нашых межаў. Вяртанне халоднай вайны становіцца ўсё больш відавочным. «У ахвяру геапалітычным інтарэсам звышдзяржаў прыносяцца стабільнасць і дабрабыт вялізных рэгіёнаў планеты», — сказаў Прэзідэнт.

Таму, ажыццяўляючы шматвектарную міралюбівую палітыку, наша краіна вымушана ўсямерна ўмацоўваць свае Узброеныя Сілы. Беларуская армія папаўняецца новай тэхнікай і ўзбраеннем, камплектуецца кадрамі высокай кваліфікацыі. У краіне створаны і дзейнічаюць надзейныя сістэмы пагранічнай аховы і тэрытарыяльнай абароны. «Таму магу ўпэўнена сказаць нашым нядобразычліўцам, калі яны яшчэ засталіся: бразганне зброяй каля беларускіх рубяжоў — дарэмная трата часу», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Але галоўны падмурак бяспекі і незалежнасці Беларусі — гэта адзінства і згода ў грамадстве, мір і парадак унутры краіны, устойлівае развіццё эканомікі», — лічыць беларускі лідар.

«Мадэль сацыяльнай дзяржавы, якую мы выбралі, дазваляе абараніць простага чалавека не толькі ў спрыяльных, але і ў складаных эканамічных умовах. І адступлення ад гэтай мадэлі не будзе», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што «нас вельмі штурхаюць да таго, каб мы ад гэтай мадэлі адмовіліся».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сусветны і рэгіянальны эканамічныя крызісы ў апошні час моцна ўдарылі не толькі па Беларусі. «Але наша адкрытая эканоміка, адчувальная да ваганняў знешніх рынкаў, пакутуе і ад санкцыйных войнаў, якія праводзяцца Захадам і Расіяй», — сказаў беларускі лідар.

«Але цяжкасці гэтыя часовыя і абсалютна пераадольныя, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У нашай нядаўняй гісторыі мы вытрымлівалі годна і не такія выпрабаванні!». Прэзідэнт нагадаў, у якім адчайным становішчы апынулася Беларусь у канцы мінулага стагоддзя — у пачатку 90-х краіна была на краі бездані. «Але наш народ выстаяў, як і ў пасляваенныя гады, выстаяў і пабудаваў сваю дзяржаву», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Мы распрацавалі ўласную мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэтая мадэль не была прапісаная ў падручніках, яна нараджалася з жыцця, з нашага вопыту, яе дыктавалі народная мудрасць і здаровы сэнс», — адзначыў Прэзідэнт.

«Мы абаранілі краіну ад разрабавання. Беларусь — адзіная з краін сацыялістычнага лагера, СНД, якая паставіла заслон расцягванню і раскраданню агульнанароднай уласнасці, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы стварылі моцную вертыкаль улады, адрадзілі дзяржаўнае планаванне». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пра гэта загаварылі і ў Расіі. «Аказваецца, планаванне — гэта не зусім дрэнна, і трэба адраджаць яго па элементах. Мы яго адрадзілі раней, з нас усе смяяліся: пяцігодкі ўстанавілі, кожны год даводзяць планы. А як жыць грамадству і наогул нават чалавеку, не ставячы перад сабой нейкіх мэтаў? План — гэта мэта, да якой мы павінны імкнуцца, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы разумна спалучаем гэта планаванне з падтрымкай прыватнай ініцыятывы».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў выніку Беларусь першай на постсавецкай прасторы не толькі дасягнула даперабудоўнага ўзроўню эканомікі, але і ўдвая перасягнула яго. «Вядома, заўсёды хочацца большага. Вельмі многае яшчэ не зроблена. Шмат чаго трэба будзе дасягнуць. Нам ёсць куды расці і развівацца», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што па якасці жыцця Беларусь у сусветным рэйтынгу значна апярэджвае як партнёраў па Еўразійскім эканамічным саюзе, так і іншыя дзяржавы постсавецкай прасторы, прычым па ацэнцы сусветных незалежных экспертаў. «Сённяшнія праблемы ў эканоміцы, вядома, складаныя. Але яны не ідуць ні ў якое параўнанне з тым, з чым нам даводзілася спраўляцца ў дзевяностыя. Выстаялі тады — выстаім і сёння!» — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што з розных прычын на некаторых беларускіх прадпрыемствах склалася няпростая сітуацыя. Ён адзначыў, што напярэдадні святаў быў прыняты шэраг рашэнняў па выхадзе многіх прадпрыемстваў з крызісу. «Ніякіх неабдуманых крокаў тут быць не павінна. Ніякіх масавых закрыццяў, звальненняў і скарачэнняў. Мы павінны захаваць працоўныя калектывы і працоўныя месцы — гэта галоўная задача, таму што крызісы прыходзяць і сыходзяць, а калі крызіс скончыцца і будуць разбураны працоўныя калектывы і прадпрыемствы, вытворчасці, тады не будзе на што абапірацца і будаваць, абараняць сваю незалежнасць», — адзначыў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі будуць працаваць толькі адказныя інвестары. «Я любому інвестару, заходняму, унутранаму і ўсходняму, кажу адно: стаўцеся да нашай дзяржавы і нашага народа, як да сваёй сям'і. Не набівайце кішэні, дайце спачатку што-небудзь людзям, да якіх вы прыйшлі і абяцалі падарыць шчасце. Не будзе гэтага — працаваць у нас не будзеце і такія інвестыцыі ў нашу эканоміку нам не патрэбныя. Мы самі будзем спраўляцца са сваёй эканомікай», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Прыйшлі працаваць — працуйце», — дадаў ён.

«Як вядома, хто хоча, той шукае магчымасці, а хто не хоча — апраўдання. Сённяшняя сітуацыя — гэта час магчымасцяў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, бачачы, як сціскаецца расійскі рынак, Беларусь актывізавала працу па дыверсіфікацыі экспарту. «Наш новы падыход да экспарту вызначае: трэць прадукцыі павінна адпраўляцца на рынкі Еўразійскага эканамічнага саюза, трэць — у краіны Еўрасаюза, яшчэ трэць — у краіны «далёкай дугі» (дзяржавы Азіі, Блізкага Усходу, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі). Менавіта збалансаваная геаграфія экспарту дазволіць Беларусі да 2020 года выйсці на дадатнае сальда знешняга гандлю», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што цяпер запатрабаваныя новыя высокатэхналагічныя вытворчасці. «Будучыня — за навукаёмістымі галінамі. Менавіта яны павінны стаць лакаматывам развіцця эканомікі, забяспечыць кваліфікаваныя кадры працоўнымі месцамі, садзейнічаць прытоку валюты ў краіну», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Не аспрэчваючы важнасць інвестыцый у вытворчасць, хачу падкрэсліць, што найважнейшым для нас з'яўляецца інтэлектуальны рэсурс. Менавіта ён ляжыць у аснове новай эканомікі. Невыпадкова мы плануем звязаць развіццё яе сектараў і галін з прыкладнымі і фундаментальнымі даследаваннямі, дзяржаўнымі навукова-тэхнічнымі праграмамі», — сказаў беларускі лідар. На яго думку, гэтаму павінны служыць як удасканаленне сферы адукацыі, якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, так і павышэнне аддачы навуковых арганізацый у мадэрнізацыі эканомікі і ўкараненні перадавых тэхналогій.

«Мы камусьці як костка ў горле. Вось гэта бедная цэнтральнаеўрапейская невялікая дзяржава, і яны, аказваецца, яшчэ да гэтага часу жывуць, яны яшчэ не ваююць! Гэтым людзям хачу сказаць: вайны ў Беларусі не будзе, мы сваё шчасце знойдзем мірным шляхам, як гэта рабілі заўсёды», — сказаў беларускі лідар. «Мы ганарымся тым, што мір, спакой і парадак — галоўны набытак нашай краіны. Без іх немагчыма ні развіццё, ні росквіт. Гэта той падмурак, на якім заснавана ўсё: і эканоміка краіны, і матэрыяльны дастатак кожнага, і шчаслівае жыццё нас і нашых дзяцей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Зберагчы мір, згоду, парадак — гэта не толькі задача дзяржавы і ўлады, калі хочаце, і абавязак кожнага чалавека, хто шчыра любіць сваю зямлю і свой родны дом», — лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў апошні час шмат гаворыцца аб незалежнасці, што гэта свабода, дабрабыт, мір, стабільнасць, права жыць у сваім доме. «Усё гэта правільна, усё гэта так. З майго пункту гледжання, незалежнасць — гэта магчымасць. Усё, што мы атрымліваем ад незалежнасці, само не прыходзіць. Яно вынік карпатлівай, цяжкай працы па выкарыстанні магчымасцяў. Пры гэтым варта памятаць — незалежнасць каштуе дорага. І тая цана, якую заплаціў наш народ, — гэта цана, каб быць незалежным, а каб захаваць незалежнасць — плацім і будзем плаціць шмат. Іншага не дадзена, калі мы хочам жыць у сваёй краіне, на сваёй зямлі, рабіць яе больш прыгожай і завяшчаць сваім дзецям», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, галоўнай задачай развіцця эканомікі быў, ёсць і павінен заставацца рост якасці жыцця і дабрабыту людзей. «Гэтым прынцыпам мы ніколі не паступімся, — падкрэсліў беларускі лідар. — Беларусь — дзяржава для народа».

Пры гэтым ён адзначыў, што дастатак і дабрабыт у доме ў першую чаргу залежаць ад самога чалавека, яго ініцыятывы, адказнасці і энергіі, ад таго, наколькі ён гатовы выкарыстоўваць магчымасці, якія дае яму дзяржава.

«Усё лепшае, чым адзначана найноўшая гісторыя Беларусі, — наша агульная заслуга. Разам мы моцныя і непераможныя», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ветэранам, пажадаўшы ім здароўя на доўгія гады. «Чым даўжэй жывуць нашы ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, тым мацней будзе наша краіна. Калі б не яны і іх памяць, нам было б у разы складаней», — адзначыў ён. Прэзідэнт павіншаваў усіх жыхароў краіны з галоўным дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці Беларусі.

Паводле паведамлення
прэс-службы Прэзідэнта.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.