Вы тут

Дом клопату


Гісторыя адной бальніцы, якая стане выратаваннем для 80 сем'яў.

Сёння ў Мінску адкрываецца Дом сястрынскага догляду. Адзіны ў сталіцы. Будынак 1930-х гадоў ва ўтульным скверыку на Чырвонаармейскай, непадалёк ад 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Клумава, ператварылі ў сучасную медыцынскую установу, разлічаную на 80 месцаў. Для амаль двухмільённага горада гэта, вядома, не шмат. Аднак для тых 80 сем'яў, што змогуць шпіталізаваць сваіх нямоглых родзічаў, такая дапамога будзе вельмі адчувальнай.

2-34

А два гады таму сітуацыя была зусім іншая. У 2013 годзе Генеральная пракуратура праводзіла чарговую праверку: адсочвала, як выконваецца Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Згодна з гэтым дакументам, у кожным рэгіёне павінна дзейнічаць бальніца сястрынскага догляду. Не абавязкова самастойная ўстанова: догляд хворых старых можа ажыццяўляцца і ў асобным аддзяленні. На той момант у сталіцы такое аддзяленне было толькі ў 11-й бальніцы. Колькасць ложкаў — дзесяць. Трапіць у шэраг тых, каму нарэшце ўдалося «выбіць» месца, зразумела, было нерэальна. Дый кошт, як высветлілася падчас праверкі, не адпавядаў патрабаванням урада. Замест дазволеных 80 працэнтаў ад пенсіі са старых бралі па шэсць мільёнаў за месяц, без уліку медыкаментаў. Сярэдняя пенсія тады складала каля 1,9 мільёна, сярэднестатыстычны заробак — 4,5 мільёна. Пра даступнасць падобнай сацыяльнай дапамогі і казаць няма чаго: разлічваць на яе маглі адзінкі.

Альтэрнатыва, праўда, была. Для звычайнага гараджаніна такая ж нерэальная, як і месца ў аддзяленні на дзесяць ложкаў. Людзі стараліся размясціць сваіх старых бацькоў у аддзяленнях і бальніцах сястрынскага догляду Мінскага раёна. Але ж і там ложкаў дэфіцыт.

Пасля праверкі кошты ў сталічным аддзяленні вярнуліся на свае месцы. Аднак у Генеральнай пракуратуры на гэтым не спыніліся: у маі 2013 года звярнуліся ў Мінгарвыканкам і патрабавалі прааналізаваць патрэбу ў колькасці ложка-месцаў сястрынскага догляду для насельніцтва сталіцы і вызначыць тэрміны, калі будзе адкрыта спецыяльная бальніца. Дарэчы, на месцы, дзе цяпер стаіць клініка, збіраліся будаваць бізнес-цэнтр. Выбраная пляцоўка для гандлёва-забаўляльнага комплексу падыходзіла ідэальна: цэнтр горада, жывапіснае наваколле. Інвестару ўрэшце прыйшлося адмовіць. Дзякуючы ўзаемадзеянню кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя, Мінгарвыканкама і Генеральнай пракуратуры, пачалося будаўніцтва сацыяльна значнага аб'екта.

— Важна, каб насельніцтва ўспрымала нас не толькі як карную сістэму, але і арганізацыю, якая валодае моцным праваахоўным патэнцыялам, забяспечвае захаванне правоў і свабод людзей, — адзначаюць у Генеральнай пракуратуры.

Бальніца на Чырвонаармейскай ужо гатовая прыняць першых пастаяльцаў.
2 ліпеня запрацуе першы пост, на 12 ложкаў. Шпіталізаваць сюды будуць пацыентаў, што маюць патрэбу ў пастаянным сацыяльным і медыцынскім доглядзе. Загадчыца аддзялення Святлана ФАДЗЕЕВА праводзіць экскурсію па новай клініцы. Акуратныя прасторныя памяшканні (сем палат, дарэчы, аднамесныя), сучасныя функцыянальныя ложкі, вышыню і становішча якіх можна рэгуляваць з дапамогай пульта, прыбіральня з кнопкай экстран-
нага выкліку (хворым старым неадкладная дапамога можа спатрэбіцца ў любую хвіліну). Вакол будынка — невялічкі цяністы сквер, дзе ў хуткім часе з'явяцца лаўкі для адпачынку.

У Беларусі, дзе кожны пяты — старэйшы за 60 гадоў, патрэба ў падобных бальніцах становіцца ўсё больш адчувальнай. Аддаць нямоглага родзіча ў клініку — не значыць скінуць яго на баланс дзяржавы. Гэта зварот па дапамогу, аказаць якую могуць толькі спецыялісты. Форма клопату, для грамадства пакуль нязвыклая, але часам, на жаль, адзіна правільная.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.