Вы тут

25 крокаў на шляху Незалежнасці


Заўтра ў краіны самае вялікае, галоўнае свята — Дзень Незалежнасці. Мы адзначаем яго ў гадавіну вызвалення Беларусі ад фашыстаў, і ў гэтым — і найвялікшы сэнс, і простая ісціна. Бо, калі б не было ў біяграфіі нашай Радзімы 3 ліпеня 1944 года, не было б увогуле нічога — ні Радзімы, ні нас. Ні найноўшай гісторыі краіны Беларусь, якую самі ствараем, сведкамі якой з'яўляемся. Не было б іншага ліпеня — 1990 года, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. З таго часу ўжо мінула 25 гадоў, Беларусь як суверэнная незалежная дзяржава заявіла пра сябе ў свеце на поўны голас. Мы шмат дасягнулі, нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. «Звязда» прапануе кароткі экскурс у жыццё нашай краіны апошніх дзесяцігоддзяў. Гэтыя значныя крокі мы зрабілі разам. А колькі яшчэ наперадзе!

2-31

1. У чэрвені — ліпені 1994-га прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары. У другім туры перамог Аляксандр Лукашэнка, які ў перадвыбарнай праграме зрабіў акцэнт на зніжэнне інфляцыі, спыненне працэсу збяднення краіны і народа, барацьбе з карупцыяй, аднаўленне сувязяў з краінамі былога Савецкага Саюза.

2.15 сакавіка 1994 года прыняты асноўны закон дзяржавы — Канстытуцыя. Краіна аб'яўлена ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай. Праз год у выніку рэферэндуму зацверджаны сучасныя сцяг і герб краіны. Пасля рэферэндуму 1996 года сённяшнюю назву і структуру атрымаў і заканадаўчы орган нашай краіны. Ранейшы Вярхоўны Савет, што складаўся з 260 дэпутатаў, быў рэструктурызаваны ў двухпалатны Нацыянальны сход.

2-29

3. У чэрвені 1993-га Беларусь афіцыйна далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, а ў 1996—1997 гадах завяршыўся вывад яе з тэрыторыі краіны. Трэба падкрэсліць, што Беларусь адмовілася ад валодання самым сучасным ваенным ядзерным патэнцыялам без усялякіх папярэдніх умоў. Гэтым мы фактычна паклалі пачатак працэсу ўрэгулявання пытанняў ядзернага раззбраення на постсавецкай прасторы ў інтарэсах міжнароднага міру і бяспекі.

4.Як вядома, наша дзяржава яшчэ ў 1945-м стала адной з краін — заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Атрымаўшы незалежнасць, Беларусь пачала прымаць яшчэ больш актыўны ўдзел у міжнародных ініцыятывах. Так, у 2000 годзе на 55-й сесіі Генасамблеі ААН па ініцыятыве нашай краіны прынята рэзалюцыя «Меры, якія павінны быць прыняты супраць расізму, палітычных платформаў і дзейнасці, заснаваных на дактрынах перавагі, у аснове якіх ляжаць расавая дыскрымінацыя або этнічная выключнасць і ксенафобія, уключаючы, у прыватнасці, неанацызм». Наша дзяржава — ініцыятар ідэі аб актывізацыі міжнароднай барацьбы з гандлем людзьмі. На 61-й, 63-й і 64-й сесіях Генеральнай Асамблеі ААН па ініцыятыве Беларусі былі прынятыя тры комплексныя рэзалюцыі супраць гэтых злачынстваў.

5. Створана Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі — самы паспяховы інтэграцыйны праект на постсавецкай прасторы, які накіраваны на арганізацыю агульнай палітычнай, эканамічнай, ваеннай, мытнай, валютнай, юрыдычнай, гуманітарнай, культурнай прасторы. Як працяг інтэграцыйнай палітыкі нашай краіны, накіраванай на паляпшэнне дабрабыту і пашырэнне магчымасцяў грамадзян, — далучэнне да Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза.

2-28

6. Рэалізавана праграма «Адраджэнне вёскі». Першапачаткова былі вызначаны два галоўныя напрамкі дзейнасці: першы, звязаны з сацыяльна-эканамічным развіццём галіны, і другі, прызначаны палепшыць якасць жыцця людзей. За перыяд з 2005 па 2010 год быў пабудаваны 1481 аграгарадок. У кожным населеным пункце падобнага тыпу прадугледжваецца забеспячэнне людзей халоднай і гарачай вадой, цэнтральнае газазабеспячэнне, вуліцы з цвёрдым дарожным пакрыццём, транспартная сувязь з раённым і абласным цэнтрамі, амбулаторыя, філіял раённай ЖКГ.

7.У 2014-м быў атрыманы рэкордны ўраджай — больш за 10 мільёнаў тон збожжа. Гэта поспех не толькі айчынных хлебаробаў, але і навукоўцаў-селекцыянераў.

8. Мадэрнізацыя айчынных прадпрыемстваў, як вынік — рост якасці беларускай прадукцыі. У адрозненне ад краін Балтыі, у нейкай ступені Расіі, мы практычна не страцілі ні аднаго буйнога прадпрыемства, а, наадварот, аднавілі іх і захавалі рынкі збыту. Гэта дазволіла зберагчы працоўныя месцы, выканаць шмат сацыяльных праграм.

9. Паспяховая рэалізацыя праграм па дэмаграфічнай бяспецы, у выніку чаго ў некаторых рэгіёнах краіны нараджальнасць ужо перавысіла смяротнасць. Значна павялічылася падтрымка маладых, а таксама шматдзетных сем'яў. З гэтага года ўведзены мацярынскі капітал.

10. Дзяржава асаблівую ўвагу надае клопату пра дзяцей-сірот, прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва: з кожным годам усё больш сем'яў у нашай краіне прымае рашэнне ўзяць прыёмнае дзіця. Сёлета завяршаецца чацвёртая прэзідэнцкая праграма «Дзеці Беларусі», якая, акрамя іншага, мае на мэце забяспечыць эфектыўную сацыялізацыю дзяцей, што аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Статыстыка за 2005 год паказвала: у краіне — амаль 12 тысяч сірот, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах, а звесткі за мінулы год сведчаць, што дзяцей, якія жывуць у інтэрнатах, менш за 5 тысяч.

11. Гарантуецца роўнасць усіх грамадзян у атрыманні адукацыі, адзінства адукацыйных сістэм і пераемнасць усіх формаў навучання. Па інфармацыі Белстата, узровень пісьменнасці дарослага насельніцтва ў Беларусі, як і ў развітых краінах свету, набліжаецца да 100% і складае 99,6%. Краіна — адна з лідараў у рэгіёне па колькасці людзей з вышэйшай адукацыяй. У нас суадносіны колькасці студэнтаў да колькасці насельніцтва ў адпаведным узросце складаюць 91,5%. Апераджаюць нашу дзяржаву ў гэтым рэйтынгу толькі Рэспубліка Карэя — 98,4%, ЗША — 94,3% і Фінляндыя — 93,7%.

2-30

12.Сучасная Беларусь займае дастойнае месца ў сусветнай спартыўнай супольнасці. У рэспубліцы культывіруецца 132 віды спорту. Краіна з 10-мільённым насельніцтвам у перыяд суверэнітэту рэгулярна ўваходзіць у лік дваццаці наймацнейшых сярод больш як 200 спартыўных дзяржаў свету, якія прымаюць удзел у Алімпійскіх гульнях.

13. Свой аўтарытэт спартыўнай дзяржавы наша краіна ўмацавала, стаўшы краінай — арганізатарам чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, а таксама чэмпіянату свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў сёлета.

14. За апошнія гады праведзена поўная мадэрнізацыя ўсіх звёнаў сістэмы аховы здароўя — ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў да абласных бальніц і сучасных медыцынскіх цэнтраў. Па інтэгральным паказчыку дзіцячай і мацярынскай смяротнасці Беларусь займае 4-е месца ў свеце, сярод дзяржаў СНД лідзіруе па тэмпах зніжэння распаўсюджанасці ВІЧ/СНІД і працэнце ахопу антырэтравіруснай тэрапіяй. Захваральнасць на туберкулёз у Беларусі зніжаецца хутчэй, чым у Фінляндыі, Швейцарыі, Аўстрыі і Нарвегіі. Наша краіна займае адно з вядучых месцаў у свеце па доступе насельніцтва да медыцынскіх паслуг (дзеліць 1-е месца ў свеце з Брунеем і Канадай). А па даступнасці паслуг па ахове рэпрадуктыўнага здароўя знаходзіцца на ўзроўні такіх краін, як Францыя, Фінляндыя, Люксембург, і ўваходзіць у 50 найлепшых краін свету па вядзенні цяжарнасці, арганізацыі родаў кваліфікаваным медыцынскім персаналам.

15. Беларускія хірургі першымі ў свеце сталі аперыраваць пацыентаў з дэнервацыяй прэпіларычнага аддзела страўніка (парушэннем эвакуацыі ежы са страўніка) пры дапамозе ўнікальнай лапараскапічнай методыкі, якая дазваляе захаваць і аднавіць функцыі страўніка. У 2012 годзе аперацыі былі ўдала выкананы дзвюм пацыенткам. Ва ўсім свеце такія аперацыі пакуль праводзяць адкрытым спосабам, пасля чаго чалавек застаецца інвалідам.

2-32

16. Будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі — галоўнай універсальнай навуковай бібліятэкі — стала сапраўды агульнанародным праектам. Сёння бібліятэчны фонд складае каля 10 млн адзінак захоўвання. Асаблівую каштоўнасць уяўляе з сябе паўмільённы ўнікальны збор нацыянальных дакументаў, выдадзеных на тэрыторыі Беларусі з пачатку XІX стагоддзя і да нашага часу, а таксама выданняў і матэрыялаў пра нашу краіну, у тым ліку і замежных.

17. З 1992 года праводзіцца міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Яго мэты — аб'яднаць творчыя сілы блізкіх па культуры краін і стварыць мірную супольнасць. Гэты фестываль з'яўляецца адной з галоўных падзей у культурным жыцці не толькі нашай краіны, але і, без перабольшання, усіх краін былога Савецкага Саюза. Усяго за час існавання «Славянскага базару» яго ўдзельнікамі станавіліся прадстаўнікі 70 краін.

18.4 аб'екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, за апошнія гады былі ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Мірскі і Нясвіжскі замкі, адрэстаўраваныя ў 2010 і 2012 гадах адпаведна, сёння з'яўляюцца неад'емнымі элементамі іміджу нашай краіны.

2-33

19.У Беларусі з'явілася свая «сіліконавая даліна» — Парк высокіх тэхналогій — асобная эканамічная зона са спецыяльным падаткова-прававым рэжымам. Мэта праекта — стварыць у краіне спрыяльныя ўмовы для развіцця індустрыі экспартна арыентаванага праграмавання, развіцця іншых экспартных вытворчасцяў, заснаваных на новых і высокіх тэхналогіях, а таксама для канцэнтрацыі кадравага, навукова-вытворчага і інвестыцыйна-фінансавага патэнцыялу. З падобнай мэтай створаны і Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», які ўяўляе з сябе тэрытарыяльнае ўтварэнне плошчай каля 80 кв.км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу.

20. Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FІAPF) як спецыялізаваны конкурсны фестываль фільмаў краін Балтыі, Цэнтральнай Азіі, а таксама краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Кожны год падчас «Лістападу» гледачам прадстаўляецца больш за 150 карцін з прыкладна паўсотні краін.

21. Ахова навакольнага асяроддзя — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне. У нас пяць ахоўваемых дзяржавай запаведных тэрыторый, працу якіх падтрымлівае ЮНЕСКА: нацыянальны парк «Белавежская пушча», Бярэзінскі біясферны запаведнік, нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», нацыянальны парк «Нарачанскі», нацыянальны парк «Прыпяцкі».

22.Пра рост аўтарытэту нашай дзяржавы на міжнароднай арэне сведчаць і рэйтынгі, складзеныя шматлікімі арганізацыямі. Згодна з дакладам Сусветнага банка, 80% насельніцтва нашай краіны адносіцца да сярэдняга класа. Па гэтым паказчыку Беларусь абганяе ўсе астатнія краіны з сярэднім узроўнем даходу. Наша краіна паднялася на 72 пазіцыі ў даследаванні групы Сусветнага банка па паказчыку «Вядзенне бізнесу»: са 129-га месца, якое яна займала ў 2007 годзе, на 57-е — у 2014-м.

2-41

23. У мінулым годзе адзіны ў свеце паўнапрывадны двухвосевы кар'ерны самазвал БелАЗ-75710 грузападымальнасцю 450 тон быў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. У даўжыню ён такі ж, як два прыпаркаваныя адзін за адным двухпавярховыя лонданскія аўтобусы, а важыць айчынны гігант больш, чым цалкам загружаны пасажырскі самалёт Aіrbus A380 — найбуйнейшы авіялайнер у свеце.

24.Пачалося будаўніцтва Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу — гэта найбольш значная сыравінная база для падтрымання і павелічэння вытворчай магутнасці Беларуськалія. Петрыкаўскае радовішча мае прагнозныя запасы 2 200 мільёнаў тон калійнай солі. Першую чаргу горна-абагачальнага камбіната плануюць запусціць у снежні 2019 года, каб праз 3 гады — у снежні 2021-га — вывесці камбінат на праектную магутнасць.

2-27

25. У 2011 годзе пачалася рэалізацыя праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС. Запланавана, што на станцыі будзе два энергаблокі з рэактарамі тыпу ВВЭР-1200 (У-491) магутнасцю да 1200 МВт кожны. Праектаваная магутнасць АЭС складае 2,4 тысячы МВт. Згодна з планамі, першы блок АЭС павінен быць уведзены ў 2018 годзе, другі — у 2020 годзе.

Падрыхтавала Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота Анатоля Клешчука, Надзеі Бужан, Марыны Бегунковай, БЕЛТА.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.