Вы тут

Незалежнасць — гэта...


Напярэдадні свята «Звязда» высветліла, як такое простае на першы погляд паняцце ў дачыненні да краіны разумеюць людзі розных узростаў, прафесій і лёсаў.

Валерый БАРАДЗЕНЯ,
член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па бюджэце і фінансах:

2-39

— Незалежнасць — гэта свабода поглядаў, думак і дзеяння. Але гэтыя паняцці неад'емныя ад адказнасці кожнага грамадзяніна за ўласныя месца працы і сям'ю. Такі своеасаблівы бытавы патрыятызм: любоў да сваіх дома, вуліцы, вёскі ці горада, калектыву і краіны агулам. У сучасным свеце, падуладным працэсу глабалізацыі, вельмі складана быць цалкам незалежнымі. Бо ў транснацыянальных міжнародных кампаній грашовых сродкаў часам больш, чым у бюджэтах некаторых дзяржаў. Мы не можам адмаўляцца ад гэтага фактару.

Таму сёння менавіта каштоўнасці, якія аб'ядноўваюць людзей і дазваляюць называцца адзіным народам, складаюць аснову незалежнасці. Разуменне, што мы жывём на гэтай зямлі і з'яўляемся яе гаспадарамі, дазваляе працаваць на перспектыву і быць спакойнымі за будучыню краіны. Да каштоўнасцяў, якія аб'ядноўваюць, можна аднесці і Перамогу Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне. Нездарма мы адзначаем свята незалежнасці ў дзень вызвалення Мінска ад нямецкіх войскаў і лічым яго адным з галоўных.

Аляксей СКАКУН,
член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар эканамічных навук, прафесар, старшыня Беларускага аграпрамысловага саюза, старшыня сельскагаспадарчага кааператыва «Астрамечава» Брэсцкага раёна:

2-37

— Адзін з галоўных аспектаў незалежнасці краіны — гэта харчовая бяспека. З ёй у Беларусі, я лічу, сітуацыя складваецца больш чым станоўча. У апошні час мы бачым рост усіх паказчыкаў у аграрна-прамысловым комплексе. І тут галоўная задача — задаволіць спажывецкую патрэбу грамадзян, з чым наша краіна паспяхова спраўляецца.

Калі ў Беларусь прыязджаюць замежныя госці, яны здзіўляюцца, як у гэтым плане ў нас усё добра арганізавана. Але я бачу і перспектыву развіцця аграрнага сектара ў тым, каб болей спалучаць яго з навукай і забяспечваць кваліфікаванымі навуковымі кадрамі. Бо праца на зямлі не павінна абмяжоўвацца фізічнай, а наадварот, мусіць падтрымлівацца разумовай.

Наталля ЛАЗАРЭВІЧ,
краўчыха ў эксперыментальным цэху на прадпрыемстве «Элема», малады спецыяліст:

2-40

— Для мяне слова «незалежнасць» асацыюецца перш за ўсё з магчымасцямі. Я маю на ўвазе адукацыю. Год таму я скончыла Баранавіцкі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці мадэльер-канструктар. Цяпер працую на вялікім прадпрыемстве і лічу, што гэта стала магчымым дзякуючы незалежнасці Беларусі і існуючай уласнай сістэме адукацыі.

Дарэчы, у каледжы ў мяне былі добрыя адзнакі, і таму я змагла паступіць на завочнае аддзяленне ў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт тэхналогіі і дызайну на спецыяльнасць «тэхнолаг швейнай вытворчасці». Тут ужо трэба сказаць «дзякуй» Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі, бо я вучуся на бюджэтным. Зразумела, што ад якасці адукацыі залежыць не толькі мая будучыня, але і ўсёй дзяржавы. Як без ведаў можна зрабіць сябе і краіну лепшымі?

Уладзімір БАМБУРАЎ,
старшыня Беларускага саюза афіцэраў, генерал-маёр у адстаўцы:

2-38

— Незалежнасць — гэта тое, з чым прыйшоў да ўлады Аляксандр Лукашэнка. Ён публічна заявіў, што наша Канстытуцыя, якую мы на той час прымалі, будзе цалкам накіравана на росквіт самастойнасці краіны. І таму незалежнасць для Беларусі — падмурак для стварэння яе дзяржаўнасці.

Сёння незалежнасць — гэта не адасобленае існаванне краіны, а перш за ўсё, наладжаная камунікацыя з саюзнымі дзяржавамі на роўных умовах. Суверэнная краіна тая, што развіваецца па ўласным народнагаспадарчым плане, мае сваю ідэалогію, канстытуцыю і, безумоўна, моцныя ўзброеныя сілы і войска, якое ахоўвае тэрыторыю, пастаўленую ў рамкі дэмаркацыі межаў.

Віктар ШНІП,
галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

2-36

— Для мяне незалежнасць непасрэдна асацыюецца з самой нашай краінай, суверэннай дзяржавай, прызнанай ва ўсім свеце. Тым больш што ўсе атрыбуты для гэтага мы ўжо маем. Напрыклад, нашы спартсмены ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, прадстаўляючы Рэспубліку Беларусь. На алімпіядах і турнірах яны часта бываюць у ліку першых. А гэта значыць, што наша краіна не толькі незалежная, але і не апошняя сярод астатніх.

Як кнігавыдаўцы мы бяром удзел у кніжных выставах, што адбываюцца за мяжой, часта — у Еўропе. Там мы прадстаўляем не толькі «Мастацкую літаратуру», але і агулам Беларусь, якая мае сваю гісторыю, культуру і, зразумела ж, кнігавыдавецкую дзейнасць. Прыемна, што нашы кнігі займаюць прызавыя месцы. Гэта сведчыць, што незалежнасць краіны не прыдуманая, а сапраўдная, дасягнутая ўнёскам кожнага грамадзяніна. І такія перамогі — каштоўныя камяні ў іміджавай скарбонцы дзяржавы.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.