Вы тут

«Да вайны свет дрэнна ведаў Беларусь...»


Пра што пісала «Звязда» 3 ліпеня 1945 года.

Нумар газеты, што выйшаў 70 гадоў таму, быў прысвечаны першай гадавіне вызвалення Мінска і краіны. На старонках змяшчаліся віншаванні нашаму народу, дасланыя маршаламі Савецкага Саюза, народнымі артыстамі і мастакамі, а таксама ўспаміны, артыкулы, нарысы, прысвечаныя вызваленню. Гэта быў першы святочны нумар газеты, прымеркаваны да Дня вызвалення.

IMG_20150630_155207

Размах бітвы, што здзівіў увесь свет

«У Вялікай Айчыннай вайне беларускі народ праявіў сапраўдны масавы гераізм, — пісала «Звязда» ў вітальным слове да чытачоў. — У барацьбе з ненавіснымі нямецкімі захопнікамі вызначыліся не адзінкі і нават не сотні, а сотні тысяч людзей — палкіх савецкіх патрыётаў <...>. З дня вызвалення беларускай зямлі мінуў год. І за гэты год працоўныя Совецкай Беларусі [тут і далей арфаграфія і пунктуацыя захаваны. — Аўт.] дасягнулі значных поспехаў у адраджэнні сваёй гаспадаркі, разбуранай нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З дапамогай вялікага рускага народа, з дапамогай усіх народаў Совецкага Саюза беларускі народ прыняўся за выкананне гістарычнай задачы па ліквідацыі вынікаў нямецкага гаспадарання».

З гадавінай вызвалення Беларусь павіншавалі маршалы Савецкага Саюза Георгій Жукаў, Аляксандр Васілеўскі, генерал арміі Іван Баграмян, двойчы Герой Савецкага Саюза, контр-адмірал Іван Папанін...

Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі даслаў артыкул пад назвай «Гістарычная бітва за Беларусь».

«Размах бітвы за Беларусь, тэмп развіцця наступлення сваёй нябачанай грандыёзнасцю, няўхільна нарастаючай сілай, імклівасцю нашых удараў здзівілі ўвесь свет, — пісаў маршал. — Наступальныя аперацыі за вызваленне Беларусі ў чэрвені — ліпені 1944 года з'явіліся пачаткам агульнага летняга наступлення Чырвонай Арміі. Нямецкае камандаванне, лічачы Беларускі фронт найважнейшым напрамкам, трымала тут вялікую колькасць войск, так званую цэнтральную групу арміі, пад камандаваннем генерал-фельдмаршала Буш».

Празаік і публіцыст Ілья Эрэнбург даслаў у святочны нумар свой нарыс пад назвай «Верная сярод верных».

«Да вайны свет дрэнна ведаў Беларусь, — канстатаваў аўтар. — Я памятаю, як французскія газетчыкі блыталі словы «беларусы» і «белыя рускія». У той жа Францыі праз некалькі год падпольныя газеты пісалі: «Мы павінны натхняцца геройствам беларусаў» — свет, нарэшце, даведаўся, што такое Беларусь! <...> Верная сярод верных, будзь благаславенна, Беларусь! На тваім целе многа-многа ран. На тваім чале больш за ўсё лаўраў. Ніколі Радзіма не забудзе тваіх партызан, якія ператварылі зялёныя пушчы ў непрыступныя совецкія краі».

Прайшлі пехатою 150 кіламетраў за два дні

Нарыс А. Кандрацкага «Яны былі першымі» прысвечаны танкістам Тацынскага гвардзейскага корпуса, якія за два дні наступлення па Мінскім напрамку прайшлі лясамі і балотамі больш за 150 кіламетраў.

«Мне хочацца расказаць аб танкістах гэтай брыгады, імёны якіх дастойны быць напісаны на першай старонцы гісторыі вызвалення Совецкай Беларусі, — прызнаецца аўтар і працягвае: — Іх трое. Рускі Кузьма Філімонаў, беларус Алесь Басак і ўкраінец Іван Чмель. Простыя совецкія людзі. Да вайны адзін з іх працаваў на трактары на палях Тамбоўшчыны, другі — рамантаваў электраматоры ў Полацку, трэці — працаваў старшынёй сельрады на Палтаўшчыне. Сустрэліся яны ў цяжкія для радзімы дні, пад Сталінградам і селі ў адзін танк: Басак — механікам-вадзіцелем, Чмель — камандзірам машыны, Філімонаў — стралком-радыстам.

<...> На подступах да Мінска на машыну Івана Чмеля напалі тры нямецкія танкі. Гвардзейцы прынялі бой. Метка біла іх гармата. Два нямецкія танкі падбіты. На дапамогу ворагу падаспелі яшчэ тры машыны. Становішча рабілася цяжкім. Але адступаць тады, калі беларус Алесь Басак ужо бачыць трубы Мінскага радыёзавода? Ніколі! І Басак націскае на педалі, машына рвецца ўперад. Меткі стрэл, і загарэўся трэці варожы танк. Астатнія павярнулі назад. Гэта была апошняя перашкода на шляху да Мінска».

«Вялікая праца ўперадзе...»

Артыкул Якуба Коласа «Жыві, Беларусь!» прасякнуты радасцю — родная зямля вызвалена ад захопнікаў, ужо год як ідзе аднаўленне прадпрыемстваў, калгасаў, адбудоўванне гарадоў і вёсак.

«Першая гадавіна вызвалення нашай сталіцы застае нас у самым разгары адбудавання краіны, — заўважае Якуб Колас. — Вырваўшыся з нямецкай няволі, народ наш прагна, як да жыватворчай крыніцы, кідаецца да ачагоў свае совецкае культуры. Ужо шмат чаго зроблена за гэты час, але вялікая праца чакае нас уперадзе, шмат цяжкасцей нам трэба пераадолець».

Завод-воін

У святочным нумары «Звязда» пісала не толькі пра подзвіг воінаў, што вызвалілі краіну, але і пра гераізм тых, што працавалі ў тыле. Завод «Гомсельмаш» у гады Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі. У расійскі горад Курган прыбыло 1100 вагонаў з абсталяваннем, няскончанай прадукцыяй, маёмасцю Гомельскага завода сельскагаспадарчага машынабудавання. Усё гэта паступіла на базу Курганскага машынабудаўнічага завода. Разам з абсталяваннем прыбыло 290 кадравых рабочых, 135 інжынерна-тэхнічных работнікаў і 43 служачых. Нарыс «Завод-воін» В. Ляўкова расказвае аб працы «Гомсельмаша» ў Сібіры.

«У спякотнае, гарачае лета, тры годы назад, вось па гэтай жа самай дарозе Барыс са сваімі сябрамі па станку, па рабоце, ехаў на платформе таварнага поезда, які ішоў на ўсход. І разам з ім і яго сябрамі на шматлікіх платформах ехаў, звязаны і ўскладзены ў вялікія драўляныя скрынкі, іх родны завод. Кожны дзень прыносіў трывожныя ваенныя весткі. Вораг падыходзіў да сцен старажытнага горада, таго горада, які давялося Барысу пакінуць.

<...>...Людзі, здавалася, наскрозь угрызаліся ў мёрзлую зямлю, Сібірскі мароз трашчаў, а яны, з галавы да ног пакрытыя інеем, нястомна даўблі зямлю. І станкі, машыны зноў вярталіся да жыцця на новай зямлі».

«Госпадзі,
выратуй нашы душы!»

Дакументальнае апавяданне «Хлеб» М. Вішнеўскага прысвечана тым беларусам, што ў гады вайны былі вывезены ў Германію на працу.

«Рускіх і беларусаў, украінцаў і палякаў, славакаў і французаў — усіх іх немцы гналі з сабою на захад. І чым ясней ззаду чуваць быў грукат фронту, тым выразней клалася пячатка разгубленасці і жаху на твары немцаў і затоеная светлая радасць на твары палоннікаў. Падганяемыя гэтым жахам, хутчэй рухаліся фурманкі, але ж больш павольнай рабілася хада здарожаных жанчын і падлеткаў, дзяўчат і юнакоў, якіх чорны лёс занёс на гэтую праклёную нямецкую зямлю. Употай яны аглядаліся назад, цяжка ўздыхалі.

— Хутчэй бы! — гаварыла не па ўросце дробная дзяўчына з Магілёўшчыны Антаніна Ганецкая.

— Госпадзі, выратуй нашы душы! — крысцілася на ўсход пажылая Ганна Гаваркова з Гомельшчыны».

«Тысячы чырвоных сцягаў»

Не забыла газета расказаць і пра тое, як упрыгожылі сталіцу БССР да Дня вызвалення.

«Учора вечарам у Мінску ярка і весела загарэліся святочныя агні. Пасля чатырохгадовага перапынку зноў заіскрыліся шматлікія электрычныя лямпачкі па Савецкай вуліцы, па вуліцы Карла Маркса, Комсамольскай, Чырвонаармейскай, на плошчы Леніна і Цэнтральным скверы, у парку культуры і адпачынку імені Горкага. Мінск, кожны яго жыхар, як і ўсе працоўныя нашай рэспублікі, адзначае слаўную гадавіну. На плошчах, вуліцах, над дамамі, установамі — усюды палыхаюць тысячы чырвоных сцягаў. Многія дамы ўпрыгожаны зелянню, жывымі кветкамі. Усюды плакаты, лозунгі, транспаранты».

Надзея ЮШКЕВІЧ

 yushkevich@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».