Вы тут

Свята, якое заўсёды з намі


3 ліпеня ўся краіна адзначала галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці. Свята жыцця, свята ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, свята памяці аб тых ахвярах, дзякуючы якім Беларусь атрымала сваю незалежнасць і права на існаванне.

Афіцыйныя мерапрыемствы прайшлі ў сталіцы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да манумента Перамогі. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прынялі найвышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ветэраны, свяшчэннаслужыцелі, дыпламаты. Яны таксама ўсклалі да падножжа манумента кветкі і вянкі.

Прысутныя на плошчы Перамогі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых. У цішыні прагучала 20 удараў метранома. Пасля выканання Дзяржаўнага гімна па плошчы ўрачыстым маршам прайшла зводная рота і аркестр ганаровай варты камендатуры Узброеных Сіл.

Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з кіраўнікамі дыпламатычных місій, цёпла прывітаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. «Наш дагавор вы помніце: як мага даўжэй жыць. Вы нам вельмі патрэбны», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ветэранаў. Ён пажадаў ім здароўя і шчасця і падзякаваў за падтрымку.

4-49

А прыгожыя мінскія вуліцы віравалі тысячамі людзей. Карэспандэнты «Звязды» таксама апынуліся ў святочным віры, каб разам з усімі адчуць усю веліч і святло гэтага вялікага ліпеньскага дня, калі 71 год таму быў вызвалены Мінск.

4-60

Нягледзячы на тое, што на гэты раз парад не планаваўся, добра правесці час можна было ў любым раёне сталіцы. Арганізатары, як кажуць, пастараліся... А эпіцэнтрам свята, па традыцыі, стала пляцоўка каля Палаца спорту. Канцэртная праграма «Ганаруся табой, Беларусь!» радавала мінчан і гасцей горада з раніцы да вечара. Тут жа прысутныя маглі не толькі павесяліцца, а і падсілкавацца. Якіх толькі страў не прапаноўвалі гандляры! Акрамя таго, на выстаўцы-кірмашы можна было набыць розныя ўпрыгажэнні, кухонныя прылады, вопратку — амаль усё зроблена сваімі рукамі.

4-54

Маленькай Марце, напрыклад, бабуля Алена купіла саламяны кошык. З падарункам дзяўчынка не расставалася на працягу дня. Відаць было: усё, што адбывалася навокал, ёй прыйшлося вельмі даспадобы.

— Дзень Незалежнасці — найгалоўнейшае свята ў нашай краіне, — пераканана мінчанка Вольга Рыжова. — Наш народ сам выбірае, якой дарогай ісці, мы можам жыць так, як лічым патрэбным, не падпарадкоўваючыся чыімсьці ўказанням. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для добрага жыцця: мы маем магчымасць працаваць, вучыцца, гадаваць дзяцей, годна праводзіць старасць. А што яшчэ трэба?

4-58

Жанчыне, як нікому, вядома, што можа быць і па-іншаму. Не вярнуліся з вайны два дзядзькі Вольгі Мікалаеўны — прапалі без вестак. Гітлераўцы застрэлілі бабулю. Бацька-франтавік не раз расказваў дачцэ, якой цаной была здабыта Перамога. Нягледзячы на цяжкае раненне (асколак у шыі застаўся на ўсё жыццё), Мікалай дайшоў да Берліна. Быў узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За ўзяцце Кёнігсберга».

4-61

Да германскай сталіцы дайшоў і дзядуля Максіма Шпетнага. Будучы ўрач лічыць, што менавіта дзякуючы ветэранам мы сёння маем магчымасць не толькі святкаваць гэты дзень, але і ўвогуле жыць на свеце. «Мне здаецца, што Вялікая Айчынная вайна стала якраз тым пераломным момантам, калі мы павінны былі стаць або рабамі, або грамадзянамі незалежнай краіны, — гаворыць юнак. — Дзякуючы вытрымцы і мужнасці нашага народа мы перамаглі і сталі незалежнымі».

Часова стаць акцёрам можна было на пляцоўцы каля Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў. Атрымаць асалоду ад прахалоды ў гэты спякотны дзень удалося на бульвары імя Уладзіміра Мулявіна. Тут, у цені дрэў, адбыўся святочны канцэрт. Эпіцэнтрамі дзіцячай весялосці сталі паркі сталіцы.

4-53

А галоўным героем (для мяне дакладна) — маленькі Іван Анішчук. На святочныя вуліцы горада чатырохгадовы хлопчык выехаў на ўласным аўтамабілі. Ды яшчэ якім! У салдацкай форме Ваня рассякаў на амерыканскім «Вілісе», што ў гады Вялікай Айчыннай вайны пастаўляліся ў Савецкі Саюз.

Такі падарунак хлопчыку зрабіў бацька. І самае цікавае, што цацачны аўтамабіль Андрэй Анішчук зрабіў сваімі рукамі. «Мінулым летам мы з сынам вырашылі стварыць такі праект, — расказвае малады бацька. — Купілі ўсё неабходнае — калёсы, камплектуючыя, прыдумалі праект і за два месяцы сабралі аўтамабіль. Гэта мае дзіцячыя мары. Я заўсёды хацеў, каб у мяне была машына. Яна ёсць у майго сына — і мае мары ўвасобіліся толькі зараз».

4-52

— Глядзіце, якія тут ёсць прыборы: ключык, ліхтарык, пераключальнік. Калі назад уключаеш, то яно пікае, — знаёміць з устройствам аўтамабіля маленькі кіроўца. — Ехаць зусім не складана: проста націскаеш — і машына паехала. Упершыню я катаўся ў вёсцы. Усе як запхнуліся ў гэты джып, дык цяжка было везці. Восем чалавек!

Салдацкую форму часоў Вялікай Айчыннай вайны для Вані пашыла бабуля. Адзін у адзін: і рэмень, і боты, і галіфэ, і нават фуражка. Праўда, памер адпаведны — не на салдата. У маленькага кіроўцы ў той дзень ад сяброў не было адбою. Адны хацелі з ім проста сфатаграфавацца, іншыя пакатацца, а былі і такія, што прасіліся за руль.

4-59

Адным словам, усім — ад малога да вялікага — было чым заняцца. Увечары мінчане і госці сталіцы сабраліся на гала-канцэрце «Мы беларусы — мірныя людзі», які адбыўся каля стэлы «Мінск — горад-герой». У адзінаццаць мерапрыемства ненадоўга перарвалася — беларусы ў адзін голас спявалі гімн. Святыя для нас радкі агучвалі не толькі мінчане і госці сталіцы, якія сабраліся на адным з цэнтральных праспектаў горада. Гімн спявалі ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах краіны — ва ўсіх куточках Беларусі! Пасля, ужо на змярканні, неба расквеціў святочны салют. Ён быў незвычайна прыгожым, як і тое свята, што нам пашчасціла адзначаць, што заўсёды з намі, як наша памяць і ўдзячнасць.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zviazda.by

Фота БЕЛТА і Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.