Вы тут

Вам гэта нельга!


Пры самых розных захворваннях страўнікава-кішачнага тракта нельга «траўмаваць» слізістую, правакаваць непрыемныя сімптомы. Дацэнт 2-й кафедры ўнутраных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Мікалай КАПРАЛАЎ нагадвае, пра што трэба памятаць такім хворым у першую чаргу.

4-2

1. Не ўжываць прадукты, якія валодаюць моцным сакагонным дзеяннем або механічна раздражняюць слізістую.

2. Не пераядаць.

3. Харчаванне павінна быць дробным, праз кожныя 3-4 гадзіны (усяго 6 разоў за суткі).

4. Не ўжываць надта халоднае і надта гарачае.

5. Абмяжоўваць соль.

6. Апошні прыём ежы — шклянка цёплага малака (калі няма непераноснасці цэльнага малака).

Забараняецца:

тлустыя мяса і рыба, смажаныя мяса і рыба; сырая, непрацёртая раслінная клятчатка; салёныя і вострыя стравы, у тым ліку каўбасы і кансервы; здоба, пірагі, чорны хлеб; вельмі халодныя напоі; алкаголь.

Дазваляецца:

хлеб белы пшанічны, учарашні або падсушаны; суп малочны з круп, з дробнымі макаронамі, локшынай; яйкі ўсмятку, паравы амлет; малако, вяршкі, свежая някіслая смятана і тварог; мяса/птушка нятлустыя, прыгатаваныя на пары або адвараныя; нятлустыя гатункі адваранай і на пары рыбы; бульба, морква, буракі, гарбуз у выглядзе пюрэ, паравыя пудынгі; крупы, макароны, вараныя на вадзе, з дабаўленнем малака; сметанковае масла, алеі, ягады салодкія вараныя, працёртыя.

І некалькі рэкамендацый па харчаванні пры наяўнасці той ці іншай паталогіі.

Гастраэзафагеяльная рэфлюксная хвароба

Варта нагадаць, што гэта захворванне стрававода. У ніжнім яго аддзеле ёсць клапан, які не дазваляе кісламу змесціву страўніка трапляць у стрававод, які не мае абароны ад кіслаты. Калі клапан не закрываецца цалкам, слізістая стрававода пашкоджваецца і гэта пашкоджанне прыводзіць да вышэйзгаданай хваробы са складанай назвай. Асноўны яе сімптом — пякотка, якая можа з'яўляцца або ўзмацняцца, калі вы падымаеце цяжар, пераядаеце, носіце цеснае адзенне, прымаеце гарызантальнае становішча адразу пасля ежы. Лекавая тэрапія абавязкова ўключае камбінацыю прэпаратаў, прызначаную ўрачом. Асабістыя рэкамендацыі па дыеце можа зрабіць толькі ўрач, а ўвогуле трэба імкнуцца не есці як мінімум за 2 гадзіны да сну і перад працай, якая патрабуе нахілу тулава, не курыць.

Забараняецца:

грыбныя, мясныя, рыбныя, наварыстыя вегетарыянскія булёны (боршч, капуста, халаднік); тлустае мяса і рыба; смажаныя, вэнджаныя мяса і рыба; нерафінаваны алей, сала і маргарын; сырая непрацёртая раслінная клятчатка; салёная марынаваная гародніна, грыбы, таматы, белакачанная капуста, рэдзька, шчаўе, цыбуля, часнок; кіслыя і багатыя на клятчатку фрукты і ягады; салёнае, вострае; свежая здоба і чорны хлеб; малочныя прадукты з высокай кіслотнасцю; проса, ячневая і кукурузная крупы, бабовыя, макароны; алкаголь, у тым ліку піва, квас і газіраваныя напоі; кава і моцны чай (асабліва з араматызатарамі); шакалад.

Язва страўніка
і дванаццаціперснай кішкі ў фазе абвастрэння, востры гастрыт, апёк стрававода

Неабходны ложкавы рэжым; ежа невысокай каларыйнасці; абмежаванне вугляводаў да 200 г у дзень; 6-разовае дробнае харчаванне; ежа негарачая і нехалодная.

Дазваляецца:

крупы — манныя, аўсяныя, грэцкія на малацэ (грэцкія нават праціраюць праз сіта), тварожныя запяканкі-суфле на пары, без прыпраў кшталту карыцы;

мяса — раз у суткі, нятлустае (курыца, трус, ялавічына) перарабіць на фарш і гатаваць на пары, рыба нятлустая белая ў выглядзе фаршу, прыгатаваная на пары;

гародніна — някіслая, у выглядзе пюрэ для дзіцячага харчавання.

Забараняецца:

мяса (карбанат, кансервы мясныя з курыцы, вяндліна, каўбаса языковая; свініна, бараніна, сала), рыба (тлустая — фарэль, ласось), фрукты (любыя неапрацаваныя), кісламалочныя прадукты і сыр (можна пазней), кава, чай, газіроўка; хлеб, цукар, мёд.

Прыклад меню:

Сняданак. 2 яйкі ўсмятку, шклянка малака.

Другі сняданак. Шклянка малочнага кісялю.

Абед. Суп з дазволенай крупы; курынае паравое суфле, гародніна з дзіцячага харчавання або працёртая без прыпраў; фруктовае жэле.

Падвячорак. Шклянка малака, шклянка адвару шыпшыны.

Вячэра. Тварожнае паравое суфле, манная каша.

На ноч. Шклянка малака.

4-3

Язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі ў стадыі рэмісіі, востры гастрыт у стадыі заціхання

Дазваляецца:

нямоцны чай або какава (з малаком ці вяршкамі), хлеб белы ўчарашні, белыя сухары, няздобнае пячэнне; малако, вяршкі, свежая някіслая смятана і сыракваша, нятлусты працёрты тварог, сметанковае масла, рафінаваныя алеі; яйкі (1-2 у дзень) усмятку або як амлет, супы-пюрэ з гародніны (акрамя белакачаннай капусты), суп малочны з вермішэллю; бульба, квяцістая капуста, буракі, морква, маладыя кабачкі і гарбузы (як пюрэ), зялёны гарошак (у невялікай колькасці); салодкія спелыя фрукты і ягады (запечаныя, кампоты, сокі, кісялі, мус, жэле, варэнне, адвар шыпшыны); цукар, зефір, пасціла; крупы манныя, грэцкія, аўсяныя, рысавыя (кашы з малаком, маслам), вермішэль або дробныя макароны, нятлустае мяса (ялавічына, цяляціна, трус, курыца, індычка), рыба (катлеты, суфле), закускі (нявостры сыр, нятлустая вяндліна, салаты з адваранай гародніны, мяса, рыбы, варанай каўбасы).

Прыклад меню

Сняданак. Яйка ўсмятку, каша грэцкая, чай з малаком.

Другі сняданак. Тварог свежы някіслы, адвар шыпшыны.

Абед. Суп бульбяны вегетарыянскі, мяса варанае, запечанае пад соусам бешамель, морква адварная, кампот з сухафруктаў.

Падвячорак. Адвар пшанічнага вотруб'я з цукрам і сухарыкі.

Вячэра. Рыба адвараная, запечаная пад малочным соусам, маркоўна-яблычны рулет, чай з малаком.

На ноч. Малако.

Хранічныя захворванні кішэчніка (запоры) пры адсутнасці іншых захворванняў органаў стрававання

Паказана фізіялагічна паўнацэнная дыета, якая ўключае прадукты, багатыя на грубую раслінную клятчатку, што стымулюе перыстальтыку кішэчніка.

Забараняецца:

хлеб з мукі найвышэйшага гатунку, слоенае і здобнае цеста; рыс і манную крупу абмежаваць; тлустае мяса; яйкі ўкрутую і смажаныя; вэнджанае, кансервы; рэдзька, радыска, часнок, цыбуля, рэпа, грыбы; чарніцы, айва, кізіл; шакалад, вырабы з крэмам; жывёльныя і кулінарныя тлушчы; вострыя і тлустыя соусы, хрэн, гарчыца, перац; какава, чорная кава, моцны чай, кісель, алкаголь.

Прыклад меню:

Сняданак. Салата са свежай капусты і морквы са смятанай (150 г), каша прасяная малочная (280 г), кава з малаком (180 г).

Другі сняданак. Свежы яблык.

Абед. Суп з гародніны з алеем (400 г), адваранае мяса (55 г), буракі тушаныя (180 г), жэле фруктовае (130 г).

Падвячорак. Размочаны чарнасліў (50 г).

Вячэра. Галубцы з гародніны з алеем (200 г), крупнік з грэцкай крупы з тварагом (200 г), нямоцны чай (180 г).

На ноч. Кефір (180 г).

На ўвесь дзень. Хлеб жытні (150 г), хлеб пшанічны з вотруб'ем (200 г), сметанковае масла (10 г), цукар (40 г).

Вострыя і хранічныя захворванні кішэчніка, якія суправаджаюцца паносамі

Неабходна знізіць калараж ежы за кошт абмежавання тлушчаў і вугляводаў, а колькасць бялкоў павінна адпавядаць фізіялагічнай норме. Трэба пазбягаць хімічных, механічных і тэмпературных раздражняльнікаў, прадуктаў, якія спрыяюць браджэнню ў кішэчніку.

Дазваляецца:

сухары і ўчарашні белы хлеб; супы на абястлушчаным мясным або рыбным булёне з дабаўленнем слізістых адвараў круп, варанага мяса, паравых фрыкадэлек; паравыя або звараныя на вадзе катлеты, фарш з адвараным рысам, варанае мяса; звараная на пары ці вадзе нятлустая рыба; вараная працёртая гародніна; рысавая, аўсяная, грэцкая кашы на вадзе; яйкі ўсмятку або амлет; кісялі і жэле з чарніц, кізілу, айвы, груш, працёртыя сырыя яблыкі; цукар абмежаваць; зялёны чай, адвары з шыпшыны, сушаных чарніц, чаромхі, чорнай парэчкі, летам — ягады чарніц (1 шклянка ў тры прыёмы).

Прыклад меню:

Сняданак. Рыбныя паравыя катлеты, каша на вадзе рысавая, працёртая, чай.

Другі сняданак. Несалёны тварог.

Абед. Суп-пюрэ з мяса, фрыкадэлькі мясныя без гарніру, адвар з пладоў чарніц.

Падвячорак. Сухарыкі з пшанічнага хлеба салодкія, адвар чаромхі.

Вячэра. Амлет на пары, каша манная на мясным булёне.

На ноч. Кісель з адвару сушаных пладоў чорнай парэчкі.

На ўвесь дзень. Сухарыкі з пшанічнага хлеба (100 г), цукар (40 г), масла сметанковае (10 г).

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.