Вы тут

Атэрасклероз: тлушч у сасудзе


Атэрасклератычныя змяненні ў сасудах выяўляюцца нават у нованароджаных. Аднак найчасцей захворванне сустракаецца ў мужчын пасля 35 гадоў з вялікім узроўнем стрэсу. Атэрасклероз — гэта хранічны стан, пры якім сценкі артэрый ушчыльняюцца і губляюць эластычнасць, што прыводзіць да звужэння іх прасвету, а значыць, абцяжарвае ток крыві. Развіццю гэтага стану спрыяюць і іншыя захворванні — цукровы дыябет, атлусценне, падагра, жоўцекамянёвая хвароба. Даволі вялікае значэнне маюць нізкая фізічная актыўнасць, харчаванне з празмернай колькасцю жывёльнага тлушчу, а таксама псіхаэмацыянальнае перанапружанне, якое траўмуе нервовую сістэму.

4-1

— У здаровых людзей кроў свабодна паступае па артэрыях ва ўсе часткі цела і такім чынам забяспечвае кіслародам і пажыўнымі рэчывамі, — тлумачыць вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ «Кардыялогія» Ігар КАЗЛОЎ. — Галоўны віноўнік развіцця атэрасклерозу — халестэрын, тлушчападобнае рэчыва. «Шкодныя» халестэрыны (іх некалькі — нізкай і вельмі нізкай шчыльнасці), або ліпіды, або тлушчы, спалучаюцца з бялкамі і ўтвараюць тлушча-бялковыя комплексы — ліпапратэіды. Самым важным у развіцці захворвання з'яўляецца паказчык халестэрыну ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці.

У процівагу «шкоднаму» халестэрыну выступае «карысны» халестэрын ліпапратэідаў высокай шчыльнасці. Калі «шкодны» прыцягваецца да сасудзістай сценкі, то «карысны» забірае яго і адводзіць для перапрацоўкі ў печань. Адпаведна, самы непажаданы варыянт — калі спалучаюцца высокі ўзровень «шкоднага» і нізкі «карыснага» халестэрыну.

У людзей без клінічных праяў атэрасклерозу падчас прафілактычнага абследавання вызначаюць толькі агульны халестэрын (паколькі асноўную масу яго складае шкодны, то адной лічбы можа быць дастаткова). Аднак, калі агульны халестэрын павышаны, абавязкова трэба зрабіць аналіз на поўны ліпідны спектр крыві.

Колькасць агульнага халестэрыну ў крыві здаровага чалавека не павінна перавышаць 5,2 ммоль/л. Для здаровых, але з двума фактарамі рызыкі (напрыклад, мужчынскі пол + курэнне або жаночы пол пасля 60 гадоў + спадчыннасць) — складаць не больш за 4 ммоль/л.

Для хворых (стэнакардыя, інфаркт міякарда, кардыясклероз, хваробы сасудаў галаўнога мозга, артэрый ног) — не больш за 3,4 ммоль/л.

Яшчэ адзін тлушч крыві — трыгліцэрыды. Высокі ўзровень трыгліцэрыдаў таксама будзе спрыяць атэрасклерозу, інфаркту і г.д. Колькасць гэтага віду тлушчу крыві павялічваецца пры злоўжыванні алкаголем, цукровым дыябеце, атлусценні, лішку тлустай ежы ў рацыёне. Часам гэта абумоўлена спадчыннасцю. Пры вельмі высокіх узроўнях трыгліцэрыдаў узрастае рызыка трамбозу сасудаў, а пры паказчыку звыш 5,5 ммоль/л павялічваецца верагоднасць вострага запалення падстраўнікавай залозы. Нармальны ўзровень трыгліцэрыдаў у крыві — менш за 1,7 ммоль/л.

— Лішак халестэрыну ў крыві адкладваецца на ўнутранай паверхні сасудаў — гэта і ёсць утварэнне атэрасклератычных бляшак, — кажа Ігар Дзмітрыевіч. — Хуткасць працякання гэтага складанага працэсу залежыць ад многіх фактараў, сярод якіх не толькі ўзровень халестэрыну, але і стан унутранай высцілкі сасуда — эндатэлію. Пры парушэнні яго функцыі або наяўнасці мікразапалення атэрасклероз развіваецца, зразумела, хутчэй. Аднак увогуле працэс гэты павольны, цягам дзесяцігоддзяў ён ахоплівае ўсё новыя сасуды.

Калі ўрэшце прасвет артэрыі звужаецца больш чым напалову, чалавек адчувае першыя непрыемныя сімптомы. Гэта сведчыць аб пачатку развіцця ішэмічнай хваробы сэрца, якая ўключае тры асноўныя формы: стэнакардыю, інфаркт міякарда, хранічную сардэчную недастатковасць. Ішэмія — гэта недахват паступлення кіслароду і крыві да сардэчнай мышцы (міякарда). Міякард галадае, бо не атрымлівае неабходны кісларод і назапашвае таксічныя прадукты абмену рэчываў. Хворы пры гэтым адчувае боль, які нібы апякае сэрца і сціскае горла (стэнакардыя). Можа быць проста адчуванне цяжару, сціскання за грудзінай ці непасрэдна ў вобласці сэрца. Доўжыцца боль можа 2-5 хвілін і суправаджацца задышкай, млосцю, ванітамі, галавакружэннем, пачуццём страху. Прыступ праходзіць праз 1-2 хвіліны пасля ўжывання нітрагліцэрыну. Найбольш такі стан развіваецца ў пажылым узросце, прычым у мужчын у 3-5 разоў часцей. Жаночыя гармоны эстрагены абараняюць жанчын да надыходу клімаксу ад адкладанняў халестэрыну на сценках сасудаў.

Спачатку недастатковае кровазабеспячэнне заяўляе пра сябе толькі пры значнай фізічнай нагрузцы, калі патрэба мышцы сэрца ў пажыўных рэчывах і кіслародзе рэзка ўзрастае. Гэта можа быць хуткая хада, пад'ём угару. У такіх выпадках кажуць пра стэнакардыю напружання, якая знікае як толькі знікае нагрузка. Варта зноў пайсці, і боль вяртаецца, таму хворы, здараецца, вымушаны спыняцца праз кожныя 100-200 крокаў. Такія прыступы могуць быць звязаны і з курэннем, ужываннем алкаголю або пераяданнем, даволі рэдка — з хваляваннем.

Захворванне развіваецца, і вось ужо болевыя прыступы заяўляюць пра сябе нават пры поўнай нерухомасці, ноччу, падчас сну. І гэта называецца стэнакардыяй спакою. Сімптомы звязаны з далейшым звужэннем прасвету каранарных сасудаў, атэрасклератычная бляшка працягвае «расці». Гэта ёсць хранічная ішэмічная хвароба сэрца.

Калі досыць шчыльная абалонка бляшкі разарвецца, то на месцы разрыву ўтворыцца тромб, які часткова ці поўнасцю здольны перакрыць артэрыю. Калі гэта будзе каранарная артэрыя, то частка сэрца, якую яна харчавала, застанецца без крыві і кіслароду. На галодным пайку клеткі міякарда могуць пражыць 20-30 хвілін, пасля чаго гінуць — гэта і ёсць інфаркт, вострая сардэчная катастрофа, участак змярцвення ў тканцы сэрца. На месцы катастрофы застаецца рубец.

Рызыку інфаркту міякарда істотна павялічваюць:

* мужчынскі пол

* для жанчын — узрост пасля 50 гадоў

* спадчыннасць (ішэмічная хвароба сэрца, інфаркт, мазгавы інсульт нават у аднаго прамога сваяка: бацькоў, бабулі, дзядулі, асабліва калі захворванне пачалося да 55 гадоў)

* павышаны халестэрын крыві (звыш
5 ммоль/л)

* курэнне (вельмі істотны фактар рызыкі!)

* лішняя вага і маларухомы лад жыцця

* павышаны артэрыяльны ціск (звыш
140/90 мм рт. сл. у любым узросце)

* цукровы дыябет.

Наяўнасць двух і болей фактараў павялічвае рызыку ў геаметрычнай прагрэсіі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.