Вы тут

На Купалле ў Александрыі чакаюць 70 тысяч гасцей


Сёння ў Шклоўскім раёне пачынае працаваць вялікі купальскі кірмаш з канцэртамі і забаўляльнымі мерапрыемствамі шостага фестывалю «Александрыя збірае сяброў».

Лепшага адпачынку ў спякотны дзень, як на беразе Дняпра, ад якога вее прыемнай прахалодай, і не прыдумаеш. Тым больш што сёлетні фестываль як ніколі насычаны мноствам розных падзей.

— На яго прыедуць звыш 2000 прафесійных і самадзейных артыстаў, майстроў і рамеснікаў, — паведаміў начальнік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец. — Шмат удзельнікаў прыбудзе з Расіі і Украіны.

Купальскае свята ў Александрыі з кожным годам становіцца ўсё больш цікавым для іншых краін. Прычым не толькі для творчых калектываў.

— У мерапрыемстве прымаюць удзел дыпламаты 32 краін, якія перад тым, як наведаць Александрыйскі кірмаш, пабываюць у Бабруйску і пазнаёмяцца з яго прамысловым патэнцыялам, паглядзяць аграсядзібы Магілёўскай вобласці, наогул ацэняць турыстычныя магчымасці нашага рэгіёна, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Вельмі разнастайная культурная праграма фестывалю. Будзе працаваць вялікая маладзёжная пляцоўка. Сёння тут пройдзе конкурс «Уладар сяла», у якім прымуць удзел маладыя сем'і з усёй Магілёўскай вобласці. Можна будзе паназіраць, з якой спрытнасцю яны пілуюць дровы, гатуюць ежу, вядуць гаспадарку і нават спяваюць песні. Запланавана работа выставачнай тэматычнай экспазіцыі маладзёжных праектаў «Нашы ідэі табе, Беларусь», якая прадставіць працу чатырох пляцовак пад эгідай рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі»: «Навука Аграрная», «Навука Універсітэцкая», «Будаўніцтва. Навука. Тэхніка» і « Інтэрактыўная маладзёжная пляцоўка». Маладыя вынаходнікі і навукоўцы паведамяць, як атрымаць электрычную энергію за кошт плыні вады ў рацэ, параяць, як знайсці свой стыль, і нават падкажуць, як пабываць у іншай рэальнасці.

Александрыйскі фэст будзе доўжыцца два дні амаль без перапынку. Пасля мюзікла «Папараць-кветка» з удзелам расійскіх зорак — Кацярыны Шаўрынай і Ігара Карнелюка — адбудзецца святочны феерверк, потым да 3 гадзін раніцы будзе працаваць маладзёжная дыскатэка. Натхняць удзельнікаў будуць папулярныя беларускія дыджэі і групы «MBAND» з Расіі і «Дынама» з Украіны. У нядзелю працягнуць працаваць выставачныя і гандлёвыя пляцоўкі, адбудзецца канцэрт Кацярыны Шаўрынай і Ігара Карнелюка.

Арганізатары чакаюць, што фестываль наведае каля 70 тысяч чалавек. Для іх будуць працаваць выязныя кавярні, дзе можна будзе пакаштаваць розныя прысмакі.

Да месца падзей можна дабрацца чыгуначным, грамадскім аўтамабільным, а таксама асабістым транспартам. Беларуская чыгунка прызначыла на 4-5 ліпеня дадатковыя цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа, якія будуць курсіраваць па маршруце Магілёў — Шклоў — Копысь (Александрыя) — Шклоў — Магілёў і Орша — Копысь (Александрыя) — Орша. У нядзелю апошні дадатковы цягнік з Копысі адправіцца ў Магілёў у 3.30 ночы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.