Вы тут

Свая паласа для аўтобуса


Да восені ў некаторых раёнах сталіцы плануюць арганізаваць новую схему руху грамадскага транспарту.

Для аўтобусаў і тралейбусаў у Мінску будуць створаны адасобленыя палосы, пра што паведаміў начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Аляксандр Капцюх.

Гарадскімі ўладамі ўжо вызначаны пяць участкаў вулічна-дарожнай сеткі, на якіх у першачарговым парадку неабходна забяспечыць выдзяленне адасобленых палос для руху грамадскага транспарту. Плануецца, што да верасня спецыяльныя палосы з'явяцца на ўчастках скрыжавання вуліц Кунцаўшчына — Лабанка (у раёне станцыі метро «Каменная Горка»), па вул. Няміга, Бабруйская, на праспекце Незалежнасці ў раёне мясцовых праездаў у жылым раёне Уручча і па вул. Ціміразева.

Прыпынкі на другой паласе

Распрацоўшчыкі новаўвядзення разлічваюць, што першы такі праект з'явіцца менавіта каля метро «Каменная Горка». Прычым палосы выдзеляць без якіх-небудзь канструктыўных элементаў накшталт дэлініятараў, а знакамі і разметкай. Больш за тое, існуе ідэя наблізіць пасадачныя пляцоўкі прыпынкаў грамадскага транспарту да 2-й паласы. Такім чынам, аўтобусы і тралейбусы паедуць наўпрост па 2-й паласе, не заязджаючы ў «кішэню» прыпынкаў. Дзякуючы гэтаму, ім не будуць перашкаджаць прыпаркаваныя з парушэннямі на 1-й паласе аўтамабілі (гэтая праблема не вырашаецца на працягу доўгага часу). А аб'яднанне «Гаррамаўтадар» мае намер выкарыстоўваць пры ажыццяўленні спецразметкі на гэтым участку каляровыя дабаўкі, каб стварыць прыкметную, адрозную ад ранейшых, каляровую гаму паласы. Акрамя гэтага, у Мінску прапрацоўваецца пытанне аб увядзенні фотафіксацыі парушэнняў правілаў паркоўкі каля прыпынкаў.

Транспартнікі мяркуюць, што дзякуючы новай схеме арганізацыі руху сярэдняя эксплуатацыйная хуткасць грамадскага транспарту павялічыцца прыкладна на 10 км/г. Цяпер аўтобусы і тралейбусы рухаюцца па горадзе з сярэдняй хуткасцю 16 кіламетраў у гадзіну.

Зразумелае чаканне

Электронны расклад гарадскога транспарту паказаў сваю высокую эфектыўнасць. Так лічыць намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Віктар Тозік.

Сёння на прыпынках грамадскага транспарту Мінска ўсталявана 60 электронных табло з раскладам гарадскіх аўтобусаў і тралейбусаў (з іх 20 вялікіх і 40 маленькіх). Жыхарам горада яны спадабаліся. З іх з'яўленнем знізілася колькасць скаргаў пасажыраў, якія цяпер бачаць, колькі часу засталося да прыбыцця транспарту. «Як толькі ў транспартнікаў будуць дадатковыя грошы, такіх электронных табло ў горадзе стане яшчэ больш», — запэўніў Віктар Тозік.

Асобна спецыяліст нагадаў, што ў пасажыраў сталічнага транспарту нядаўна з'явілася магчымасць даведацца пра расклад транспарту з дапамогай свайго мабільнага тэлефона праз сэрвіс «Віртуальнае табло». Ён паказвае час да прыбыцця найбліжэйшага грамадскага транспарту на прыпыначны пункт, дазваляе сачыць анлайн за наземным гартранспартам і маніторыць у рэжыме рэальнага часу месцазнаходжанне машын выбранага маршрута. Яшчэ гэтая паслуга дазваляе дакладна скласці свой асабісты аптымальны маршрут. Пасажыры могуць у анлайн-рэжыме даведацца і пра прычыны затрымкі грамадскага транспарту. Сёння карыстанне гэтым сэрвісам з'яўляецца бясплатным.

Не «ганяць» машыны паўпустымі

Віктар Тозік таксама паведаміў, што ў Мінску праводзіцца аптымізацыя маршрутнай сеткі грамадскага транспарту. Цяпер спецыялісты скрупулёзна вывучаюць пасажырапаток. Ужо пры пераходзе на летні расклад было прынята рашэнне прыпыніць працу некаторых гарадскіх і прыгарадных маршрутаў, а частка з іх была закрыта. І справа тут не толькі ў эканоміі сродкаў.

У сталіцы ідзе актыўная мадэрнізацыя трамвайнай інфраструктуры. Цяпер трамвайныя шляхі рэканструююць па вул. Казлова, у планах адрамантаваць іх па вул. Ульянаўскай, на ўчастку прасп. Машэрава — вул. Куйбышава. Мадэрнізацыя шляхоў вядзецца па новай тэхналогіі, якая дазволіць павялічыць тэрмін міжрамонтных работ.

Тралейбусам і трамваям — зялёнае святло

Спецыяліст паведаміў, што ўжо праз некалькі гадоў у Мінску плануюць больш актыўна выкарыстоўваць грамадскі транспарт з электрасілкаваннем (тралейбусы і трамваі). З аднаго боку, гэта палепшыць экалагічнае становішча ў найбуйнейшым горадзе краіны, а таксама стане больш эканамічным праектам пасля таго, як пачне дзейнічаць айчынная атамная электрастанцыя і электрычнасць будзе таннейшай.

Сёння гарадскі грамадскі транспарт сталіцы перавозіць каля 900 млн пасажыраў у год. Самым папулярным у гараджан відам транспарту з'яўляецца метро. На другім месцы па папулярнасці знаходзяцца аўтобусы, потым ідуць тралейбусы, маршрутныя таксі, трамваі і таксі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».